Выйшла новая кніга філосафа-палітвязня Уладзіміра Мацкевіча
Калегі палітзняволенага філосафа і метадолага Уладзіміра Мацкевіча прадстаўляюць яго новую кнігу "Свабода і мысленне. Эсэ аб грамадзянскай супольнасці".
"Грамадзянская супольнасць у Беларусі ёсць. Я гэта дакладна ведаю, бо менавіта салідарнасць грамадзянскай супольнасці выратавала мяне ад смерці ў кастрычніку 2006 года," — гэтае катэгарычнае сцвярджэнне адкрывае новую кнігу Уладзіміра Мацкевіча.
Можна шмат спрачацца пра тое, ёсць ці не ў Беларусі грамадзянская супольнасць, даваць заканадаўчыя вызначэнні, выдзяляць яе навуковыя межы і рамкі, але аўтар прапануе іншы падыход.
"Тое, што павінна быць, з'яўляецца падставай таго, што ёсць," — галоўны аналітычны прынцып Мацкевіча, з якім ён падыходзіць да абмеркавання такіх пытанняў.
Іншымі словамі, грамадзянская супольнасць у Беларусі ёсць роўна столькі, колькі гэта неабходна яе грамадзянам.
"Свабода і мысленне. Эсэ аб грамадзянскай супольнасці" — гэта зборнік тэкстаў з серыі публікацый Уладзіміра Мацкевіча ў Фэйсбуку за снежань 2019 — студзень 2020 года. Гэтая серыя тэкстаў пісалася ў завяршэнне грамадскай кампаніі "Свежы вецер" і з'яўлялася асэнсаваннем актуальнага стану беларускай грамадзянскай супольнасці і прапановай інструментаў і мадэляў для яе ацэнкі і працы з ёю.
Гэтая кніга — унікальная магчымасць атрымаць "зрэз" стану грамадзянскай супольнасці ля самага краю рэвалюцыйных падзей 2020 года. Кніга не з'яўляецца прарочай, але сказанае ў ёй шмат у чым растлумачвае прыроду тых працэсаў, якія былі запушчаны ўсяго толькі некалькімі месяцамі пазней заканчэння напісання гэтай серыі эсэ.
У назву кнігі вынесены дзве асноўныя характарыстыкі грамадзянскай супольнасці, якія складаюць для Уладзіміра Мацкевіча яе сутнасць і сэнс: свабода і мысленне. І хоць гэтыя сутнасці і не зводзяцца адна да адной, паміж імі існуе ўстойлівая сувязь: мысленне не можа быць несвабодным. Таму Мацкевіч у сваіх тэкстах прапануе чытачу вызваліцца ад звыклых схем і рамак, у якіх мы прывыклі думаць гэты складаны, неадназначны і часам цяжкаўлоўны аб'ект.
Кніга выдадзена ў электронным фармаце, і вы можаце свабодна спампаваць яе. Зрабіць гэта можна на сайце Лятучага ўніверсітэта ў інтэрнэт-бібліятэцы Kamunikat.org.