Ведай і барані свае правы. Серыял пра тое, чаго бракуе беларусам

На ютубе выйшаў міні-серыял, прысвечаны правам чалавека – ад гісторыі ўзнікнення да практыкі прымянення ў сучасных умовах.


Серыял складаецца з дзесяці кароткіх – 6-7 хвілін – ролікаў, у якім у простай і вобразнай форме падаецца галоўнае, што варта ведаць пра правы чалавека.
Ідэя таго, што людзі валодаюць нейкімі неад’емнымі правамі, караніцца ў розных культурах. Каштоўнасці, увасобленыя ў сучаснай сістэме правоў чалавека, можна знайсці ў шматлікіх прыкладах прац філосафаў і законах розных дзяржаваў з гісторыі чалавецтва. Гэта сведчыць аб тым, што яны не з’яўляюцца ні «заходнім вынаходніцтвам», ні дасягненнем ХХ стагоддзя. Пра гісторыю ўзнікнення правоў чалавека распавядаецца ў першай частцы серыяла.
Пытанню “што мы разумеем пад правамі чалавека?” прысвечана другая частка.
Як працуюць правы чалавека і якія сферы стасункаў яны закранаюць? Пра гэта гаворка ў чацвёртай частцы.
У частках 5-7 разбіраюцца асобныя прыклады абароны правоў чалавека. У тым ліку, калі справа тычыцца меншасці: хаця б раз кожны з нас быў у меншасці і мусіў падпарадкоўвацца волі большасці.
Правы чалавека — вельмі нетрывалая з’ява, і заснаваныя яны на добраахвотнай згодзе крытычнай масы людзей, якая хоча мець правы і надзяляць імі іншых. Нягледзячы на тое, што правы чалавека павінны быць універсальнымі і, наколькі гэта магчыма, неперадузятымі, чалавецтва не статычнае — няспынна адбываюцца разнастайныя змены, паўстаюць новыя выклікі. Гэта таксама ўплывае і дадае нетрываласці правам чалавека. Пра гэта вядзецца ў частцы 8 серыялу.
Перад тым як апеляваць да правоў чалавека ў той ці іншай сітуацыі, трэба спачатку высветліць дакладна, ці ўвогуле гэты выпадак датычыцца правоў чалавека. Таму пачынаецца рэалізацыя з адукацыі. Веданне аб тым, што такое правы чалавека, — першы крок на шляху да іх абароны. І дапаможа ў гэтым частка 9.
У апошняй, 10 часткі серыялу, вы даведаецеся пра сітуацыю з абаронай правоў чалавека ў Беларусі і якія арганізацыі абараняюць нашыя правы.
Валанцёры, якія стварылі гэты серыял, просяць даць зваротную сувязь наконт карыснасці інфармацыі, што ён утрымлівае. Зрабіць гэта можна тут, адказаўшы на два кароткіх пытання.