Актывіст Леанід Кулакоў афіцыйна стаў Лявонам. Як у яго гэта атрымалася

Мужчына вырашыў змяніць імя ў пашпарце, каб такім чынам засведчыць сваю беларускасць.

inkedphoto_2022_04_29_14_26_31_li.jpg

На змену імені вырашаюцца нямногія, асабліва пражыўшы 62 гады. Але грамадскі актывіст Лявон Кулакоў зрабіў гэты крок і гаворыць, што не пашкадаваў. Мы спыталі ў яго, наколькі складана змяніць імя на беларускі адпаведнік і што для гэтага трэба.
— Шмат хто з маіх сяброў клікаў мяне Лявонам. Я так звыкся, што на Леанід ужо нават не рэагую, нібыта гэта не маё роднае імя. Калі знаёмлюся з кімсьці, прадстаўляюся Лявонам, — распавядае мужчына.
Але галоўная прычына, па якой ён вырашыў памяняць імя, — зусім не звычка.
— Цяпер знішчаецца беларуская мова, беларуская культура. Ідзе акупацыя Беларусі Расіяй. І зрабіць нічога ты не можаш, акрамя таго, як захоўваць у сабе беларускасць, хаця б змяніць сваё імя на беларускае.
Працэдура змены імені на практыцы заняла каля чатырох месяцаў. Спачатку Лявон пайшоў у ЗАГС па месцы жыхарства.
— Супрацоўніца прызналася, што за ўвесь час яе працы са зменай імя яна сутыкаецца ўпершыню. Мне сказалі: а ты дакажы, чаму ты хочаш змяніць імя, чым яно цябе не задавальняе?
Асноўнымі доказамі паслужылі скрыншоты перапісак у сацсетках, дзе бачна, што да мужчыны сапраўды звяртаюцца «Лявон». Такіх скрыншотаў назбіралася некалькі дзясяткаў. Апроч гэтага спатрэбілася напісаць заяву на змену імя з тлумачэннямі, прадаставіць пасведчанні аб нараджэнні — сваё і бацькоў, аб шлюбе (калі ёсць). Акрамя таго заяўніка накіравалі ў Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа, дзе яму выдалі даведку аб тым, што імя Лявон можа быць выкарыстана ў якасці пашпартнага дакументальнага імені.
— Перад гэтым я патэлефанаваў Ніначцы Багінскай і мы пайшлі ў гэты інстытут. Яна ўзяла з сабой кніжкі з інфармацыяй пра імя Лявон, — усміхаецца суразмоўца.

inkedphoto_2022_04_29_14_26_47_li_logo.jpg


Потым увесь пакет дакументаў з ЗАГСа адправілі ва ўпраўленне юстыцыі Мінгарвыканкама. Нарэшце адтуль прыйшоў адказ, што заяўніку дазволена змяніць імя «Леанід» на «Лявон».

inkedphoto_2022_04_29_14_26_51_li_logo.jpg


З гэтым дазволам мужчына пайшоў у ЗАГС, заплаціў дзяржаўную пошліну. Праўда, яму давялося звяртацца яшчэ і ў ЗАГС па месцы нараджэння, дзе таксама спатрэбілася плаціць пошліну за змену імя ў метрыцы.  Ну а пасля заставалася пайсці ў пашпартны стол, каб атрымаць пасведчанне асобы на новае імя.
— Калі я быў «Леанідам», мяне ўсе звалі «Лявон». А як стаў «Лявонам», многія не могуць прывыкнуць і называюць «Лёнем», — дзеліцца парадоксам Лявон Кулакоў. — Але я адчуваю, што зрабіў тое, што хацеў. І мне хочацца, каб мая гісторыя стала прыкладам, як беларусы могуць захоўваць у сабе хоць нешта беларускае.