Белае і чырвонае як нагода для рэпрэсій (інфаграфіка)
Беларускі ПЭН прадставіў вынікі маніторынгу пераследу беларусаў за выкарыстанне незабароненай сімволікі ў 2021 годзе.

Ілюстрацыйнае фота
Бела-чырвона-белы сцяг зрабіўся галоўным сімвалам акцый пратэсту, якія ўзніклі ў адказ на сфальсіфікаваныя выбары прэзідэнта ў жніўні 2020 года і наступны беспрэцэдэнтны гвалт у дачыненні той часткі грамадства, што выступіла за праўду і перамены. Вулічныя пратэсты жніўня 2020 – пачатку 2021 года былі задушаныя сілавым апаратам, аднак сцяг і спалучэнне белага і чырвонага колераў застаюцца галоўнымі нацыянальнымі сімваламі, што аб’ядноўваюць жыхароў краіны і беларускія дыяспары па ўсім свеце ў барацьбе за свабоду і перамены.
Усяго за 2021 год у маніторынг трапілі 335 выпадкаў парушэння права на карыстанне бела-чырвона-белай сімволікай у дачыненні 323 чалавек і 3 выпадкі рэпрэсій у дачыненні арганізацый і супольнасцяў (2 таварыствы жыхароў і 1 рэстаран).
Геаграфічна рэпрэсіі ахопліваюць усю краіну:

Падставай для рэпрэсій станавіліся: бела-чырвона-белы сцяг, вывешаны на ўласным балконе або акне, накінуты на плечы падчас шэсця, вывешаны на калодзежы ўласнага хутара або на даху прыватнага дома; бела-чырвоная шыльда з назвай вуліцы і нумарам дома або бела-чырвоная секцыя плота на прыватным участку; выява вершніка на белым і чырвоным фоне, нанесеная на ўнутраны бок плота або фасад гаража; снегавік, злеплены ў двары дачнага дома і ўпрыгожаны чырвоным шалікам і г.д.
Да канца 2020 года вулічныя пратэсты грамадзянскай супольнасці перасталі быць масавымі, аднак «несанкцыянаванае пікетаванне», кажучы простай мовай, здабыла ў вачах пенітэнцыярнай сістэмы новыя віды і формы: да пікета пачалі прыраўноўваць любое выкарыстанне бела-чырвона-белага сцяга і двух гэтых колераў. Так, у справах затрыманых прысутнічалі абвінавачванні за пікетаванне «шляхам раздачы цукерак у БЧБ-абгортцы», «з дапамогай БЧБ-карцінкі “Барсук”», «шляхам БЧБ-налепкі на ровары з выявай трохгаловага дракона і надпісу “Цмок-Змагарыч”»; за сняжынкі на вокнах, выкарыстанне штораў белага і чырвонага колераў, нашэнне «палітычных» колераў, намаляваную на белай будаўнічай касцы чырвоную паласу, вывешаны сцяг Канады ці Японіі, парасон з надпісам «Polska» ў руках пенсіянеркі на шпацыры.
Пад «пікетаванне» траплялі бела-чырвона-белыя шкарпэткі, БЧБ-налепкі на ровары, афармленне аўтамабіля ў «апазіцыйных» тонах, герб Літвы на шкле задніх дзвярэй машыны і пафарбаваны ў бела-чырвонае франтон. Каралі за «пікетаванне шляхам малявання сэрцайка ў ліфце жылога дома» або «размяшчэнне на акне налепкі ў выглядзе аблокаў, цюльпанаў і рамонкаў бела-чырвона-белага колеру, што ўтваралі БЧБ-сцяг», а таксама за развешванне бела-чырвона-белых ручнікоў на балконе «для дэманстрацыі сваіх грамадзянскіх і палітычных інтарэсаў». Прыкметамі пікета зрабіліся налепка на ноўтбуку ці мабільным тэлефоне; размяшчэнне БЧБ-эмодзі ў Telegram-канале; белы аркуш на шкле балкона або белая фрамуга акна з налепленай на яе аранжавай стужкай; надпіс на балконе «Гэта не сцяг»; запуск двухколернага феерверку або бела-чырвоныя валасы на галаве. «Грамадска-палітычную абстаноўку» ў краіне мог парушыць пэўны колер штаноў. Таксама «незаконнае пікетаванне» адбывалася з выкарыстаннем БЧБ-сцяга ў бязлюдным лясным масіве і г.д.


У большасці выпадкаў на людзей, затрыманых за выкарыстанне бела-чырвона-белай сімволікі і спалучэнне белага і чырвонага, складаліся адміністрацыйныя пратаколы з далейшым прысудам у выглядзе сутак зняволення або штрафаў.

У маніторынгу ўтрымліваецца інфармацыя пра 84 судовыя працэсы, распачатыя за здзек з дзяржаўных сімвалаў.

Цалкам азнаёміцца з вынікамі маніторынгу можна тут.