Смяротнае пакаранне — спроба застрашыць пратэсна настроеных беларусаў
У Беларусі грамадства і праваабаронцы спадзяваліся на мараторый на смяротнае пакаранне, але сітуацыя, наадварот, толькі пагоршылася.

Андрэй Палуда
Каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання» Андрэй Палуда да прапановы дэпутатаў ставіцца вельмі негатыўна. Пра гэта ён распавёў нямецкаму радыё, прызнанаму ў нашай краіне экстрэмісцкім.
«У Беларусі смяротнае пакаранне — гэта не проста словы, яно прымяняецца на практыцы. Кожны год смяротныя прысуды і выносяцца, і прыводзяцца ў выкананне».
Праваабаронца тлумачыць, што пакаранне прадугледжана па 11 складах злачынстваў. «Але на практыцы гэты від пакарання выносіцца толькі за забойства пры абцяжваючых абставінах. Таксама быў эпізод па акце тэрарызму за інцыдэнт у мінскім метро», — распавядае Палуда.
Той факт, што смяротнае пакаранне ў Беларусі не адмяняецца, а наадварот, пашыраецца яго прымяненне, Андрэй Палуда называе сумным і насцярожваючым. Ён успамінае, што ў пачатку мінулага года МУС анансавала змены ў КК, сярод якіх абмяркоўваўся мараторый на смяротнае пакаранне, а таксама падобныя размовы хадзілі падчас падрыхтоўкі паправак у Канстытуцыю.
На лібералізацыю праваабаронцы спадзяваліся, і калі ў мінулым годзе памілавалі прысуджаных да смяротнага пакарання за забойства братоў Іллю і Станіслава Костусевых.
«Вядома, многае будзе залежаць ад правапрымянення, аднак сам факт, што ў краіне пашыраюць сферу прымянення смяротнага пакарання — гэта ўжо негатыўны трэнд, прычым для ўсёй сітуацыі з правамі чалавека. Улады па-ранейшаму думаюць, што наяўнасць смяротнага пакарання з'яўляецца стрымліваючым фактарам, прафілактычнай мерай. Але праваабаронцы не раз казалі, што тут няма прамой сувязі: фактарам стрымлівання з'яўляецца не цяжар пакарання, а яго няўхільнасць», — казаў Андрэй Палуда.
Мера застрашвання для пратэстна настроеных беларусаў
Папраўкі ў КК аб смяротным пакаранні дырэктар Інстытута «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч адназначна звязвае з палітычнай сітуацыяй у краіне і называе выключна рэпрэсіўнай мерай. Акрамя сітуацыі з «рэйкавымі партызанамі», палітолаг мяркуе, што ўлады могуць бачыць пагрозу ва ўдзеле беларусаў у ваенным канфлікце ва Украіне.
«Трэба разумець, што цяпер паняцце «тэрарызм» трактуецца вельмі шырока, напрыклад, у яго нават уключаюць пашкоджанне маёмасці, што раней каралася па іншым артыкуле. На гэтым фоне ўвядзенне смяротнага пакарання толькі за намер здзейсніць тэрарыстычны акт — гэта яшчэ адна мера псіхалагічнага ўздзеяння на ўсіх, хто неяк уключаны ў пратэставы рух. Гэта непрапарцыянальная рэакцыя дзяржавы», — кажа Андрэй Казакевіч.
Палітолаг падтрымлівае словы праваабаронцаў аб тым, што само па сабе смяротнае пакаранне не ўплывае на колькасць учыненых злачынстваў. «Але ў логіцы ўладаў гэта павінна гуляць на застрашванне, верагодна, гэта цяпер будзе актыўна прасоўвацца ў дзяржаўнымі СМІ. Адзінымі механізмам памяншэння пратэставых праяў яны бачаць рэпрэсіі і спрабуюць пагрозай смяротнага пакарання знізіць узровень радыкальнага пратэсту», — лічыць Казакевіч.