У Беларусі цяпер 1168 палітвязняў. Спіс папоўнілі адразу 27 чалавек

Беларускія праваабаронцы ў сваёй адмысловай заяве прызналі палітвязнямі адразу 27 чалавек

palitvjazni_27.jpg

Беларуская праваабарончая супольнасць сёння, 28 красавіка, прызнала палітвязнямі адразу 27 чалавек.

Справы гэтых 27 новых вязняў прызнаныя палітычна матываванымі. Праваабаронцы патрабуюць іх вызвалення, а таксама вызвалення ўсіх затрыманых па палітычна матываваных справах.

Новымі палітычнымі вязнямі прызнаныя: Сяргей Альшэўскі, Аляксандр Андрушкевіч, Дар’я Афанасьева, Аніта Бакуновіч, Юрый Бельскі, Аляксей Гайшун, Кірыл Герасіменка, Арцём Глеб, Уладзімір Дальшоў, Дзяніс Есіс, Яна Жураўлёва, Вадзім Здановіч, Юлія Каценя, Ігар Краўчанка, Юрый Кузняцоў, Аляксей Максюкоў, Паліна Мартынчык, Анастасія Навасадская, Кацярына Нікіценка, Вольга Рытус, Антон Сіманенкаў, Дзмітрый Суганяеў, Аляксандр Сухарукаў, Яніна Сяргейчык, Аляксандр Сяргеяў, Санта Франчук, Ірына Яўмененка.

“Затрыманне і зняволенне шэрагу асобаў з'явілася следствам палітыкі падаўлення антываенных выступаў і пратэстаў пасля пачатку ваеннага ўварвання Расійскай Федэрацыі ва Украіну, — гаворыцца ў заяве праваабаронцаў. — Мы ацэньваем пераслед вышэй названых асоб, якія былі пазбаўленыя волі і абвінавачаныя ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і масавых беспарадках, як палітычна матываваны пераслед у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання і прызнаем іх палітычнымі зняволенымі. Таксама мы адзначаем, што ва ўмовах глыбокага крызісу правоў чалавека недапушчальна выкарыстоўваць інструменты крымінальнага пераследу для далейшага абмежавання свабоды выказвання меркаванняў.

Цяпер у Беларусі 1168 чалавек прызнаныя палітвязнямі.