Што новага ў КК наконт смяротнага пакарання?

Апублікаваны тэкст законапраекта пра смяротнае пакаранне за замах на акт тэрарызму. Што ў ім новага?

smjaotnae_pakaranne.jpg

Тэкст законапраекта аб змене Крымінальнага кодэкса ў частцы прызначэння смяротнага пакарання быў апублікаваны сёння, 28 красавіка, на Нацыянальным прававым партале, паведамляе рэсурс, прызнаны экстрэмісцкім.

Згодна з апублікаваным дакументам, дэпутаты прапанавалі змяніць частку 2 артыкула 67, якая абвяшчае, што смяротнае пакаранне не можа быць прызначана за падрыхтоўку да злачынства і замах на злачынства.

У новай рэдакцыі гэты пункт будзе гучаць так:

«Смяротнае пакаранне за падрыхтоўку да злачынства і замах на злачынства не прызначаецца, за выключэннем замаху на ўчыненне злачынстваў, прадугледжаных:

Часткай 2 артыкула 124 (Акт тэрарызму ў адносінах да прадстаўніка замежнай дзяржавы або міжнароднай арганізацыі).

Часткай 3 артыкула 126 (Акт міжнароднага тэрарызму).

Часткай 3 артыкула 289 (Акт тэрарызму, учынены арганізаванай групай, або з прымяненнем аб'ектаў выкарыстання атамнай энергіі, або з выкарыстаннем радыеактыўных рэчываў або ядзерных матэрыялаў, моцнадзейных, таксічных хімічных ці біялагічных рэчываў або спалучаныя з забойствам чалавека).

Частка 2 артыкула 359 (Забойства дзяржаўнага або грамадскага дзеяча, учыненае ў сувязі з яго дзяржаўнай ці грамадскай дзейнасцю ў мэтах аказання ўздзеяння на прыняцце рашэнняў органамі ўлады)».

Да таго ж у цяперашняй рэдакцыі Кодэкса адзначана, што смяротнае пакаранне прызначаецца «за асабліва цяжкія злачынствы, спалучаныя з наўмысным пазбаўленнем жыцця чалавека пры абцяжваючых абставінах». Дэпутаты прапанавалі ўдакладніць гэты пункт — дадаць у яго злачынствы, санкцыя якіх ужо прадугледжвае смяротнае пакаранне ў адпаведнасці з дзейным Крымінальным кодэксам: ч. 2 арт. 124, ч. 3 арт. 126, ч. 3 арт. 289 і ч. 2 арт. 359.