Палата прадстаўнікоў ухваліла смяротнае пакаранне за «замах на ўчыненне актаў тэрарызму»
Законапраект аб змяненні Крымінальнага кодэксу быў ухвалены адразу ў двух чытаннях. На чарзе разгляд яго Саветам Рэспублікі і подпіс Лукашэнкі.
Паводле Палаты прадстаўнікоў, законапраектам прапануецца ўнясенне зменаў у Крымінальны кодэкс, якія прадугледжваюць магчымасць прымянення смяротнага пакарання за замах на ўчыненне актаў тэрарызму.
«Адна з найбольш сур’ёзных пагроз бяспецы і стабільнасці любога грамадства — тэрарызм. Спрабуючы разгайдаць сітуацыю ў Беларусі, справакаваць унутрыдзяржаўную нестабільнасць і канфлікты, дэструктыўныя сілы працягваюць тэрарыстычную, экстрэмісцкую дзейнасць, накіраваную на гібель людзей.
Не спыняючыся ні перад чым, робяцца дзеянні для вываду са строю чыгуначнага абсталявання і пуцей, абʼектаў стратэгічнага значэння, падпалу жылых дамоў, падрыву аўтатранспарту ў месцах масавага адпачынку і вялікай колькасці людзей», — сказаў з гэтай нагоды старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка.
Дэпутаты прапануюць увесці смяротнае пакаранне за замах на ўчыненне актаў тэрарызму, паведаміла журналістам сябра Пастаяннай камісіі нацыянальнай бяспекі Палаты прадстаўнікоў Марына Лянчэўская:
«Вы паглядзіце, у якой няпростай замежнапалітычнай сітуацыі мы сёння жывём. І відавочна, што працягваецца дэстабілізацыя грамадска-палітычнага і эканамічнага становішча ў нашай краіне. Калі раней гэта было менш радыкальна, то цяпер бачым канкрэтныя радыкальныя праявы і радыкальныя заклікі, якія, на жаль, падтрымліваюцца і замежнымі дзяржавамі, і арганізацыямі. Праваахоўныя органы фіксуюць значную колькасць тэрарыстычных памкненняў у дачыненні да крытычна важных аб’ектаў, інфраструктурных абʼектаў: транспартных, вайсковых, энергетычных. І сёння трэба паставіць дакладны заканадаўчы барʼер, прэвентыўны», — сказала Лянчэўская.
Яны прызнала, што грамадскіх абмеркаванняў законапраекту не праводзілася.
У Беларусі заведзеныя крымінальныя справы супраць апанентаў уладаў нібыта за падрыхтоўку да актаў тэрарызму, у тым ліку за псаванне чыгуначнага абсталявання ў 2022 годзе, удзел у пратэстах 2022 году. Такія абвінавачанні завочна выставілі палітычным дзеячам Паўлу Латушку і Святлане Ціханоўскай, а 39-гадовага мінчука Аляксандра Зайцава асудзілі на 10 гадоў нібыта за замах на акт тэрарызму групай асоб за спробу падпалу лецішча старшыні Вярхоўнага суду.