Шрайбман: Уявіць, што Лукашэнку хтосьці аддзячыць за словы, без вызвалення палітвязняў, немагчыма

Палітолаг Арцём Шрайбман кажа пра страту суб'ектнасці Лукашэнкі і пра тое, што сітуацыя цяпер знаходзіцца не ў ягоных руках, а ў руках Пуціна. І з-за гэтага Лукашэнка прыкметна нервуецца.

sam2_200703_9vn3e.jpg


— Напэўна, калі б Лукашэнка пайшоў на актыўны вывад расійскіх войскаў, ініцыяваў яго, асудзіў агрэсію, то апошнія пакеты санкцый, магчыма, мог бы з сябе зняць, але мала хто ад яго чакае цяпер такой дзёрзкасці ў дачыненні да Пуціна. Наадварот, ён едзе на касмадром «Усходні» і заяўляе сваю яшчэ большую лаяльнасць, чым раней, — адзначыў палітычны аналітык Арцём Шрайбман у эфіры «Нямецкай хвалі». — Усё ж такі я згодны з меркаваннем, што пакуль ідзе вайна, незалежна ад таго, што кажа Лукашэнка, яму будзе складана пазбавіцца ад гэтых санкцый.

Таму ён і пачаў актыўна нервавацца і тузацца ў сваёй рыторыцы, прапаноўваючы нікому не зразумелыя ініцыятывы пра свой удзел у перамовах.

Таму што ён разумее, што раней санкцыі прама ці ўскосна залежалі ад яго дзеянняў. Вызваліць палітвязняў, дыялог з апазіцыяй, міграцыйны крызіс можна было спыніць — гэта было ў яго руках.

Цяпер гэта ўжо не ў яго руках, а ў руках Пуціна. Гэта і ёсць тое страшнае пачуццё страты ўласнай аўтаноміі, суб’ектнасці, якое вельмі некамфортна для Лукашэнкі. Асабліва ўлічваючы, што апошнія пакеты санкцый нашмат больш сур'ёзныя ў дачыненні да Беларусі, у параўнанні з усім тым, што ўводзілася раней за парушэнне правоў чалавека.

Вярнуць статус-кво для Лукашэнкі ў адносінах з Захадам, на думку аналітыка, немагчыма. Тым не менш, ад яго чакаюць канкрэтных крокаў, якія тычацца ўжо не толькі стасункаў з Расіяй.

— Толькі дэманстрацыі паслядоўнага жадання дыстанцыявацца ад Крамля для зняцця санкцый, хоць бы часткова, ужо недастаткова. Хутчэй за ўсё, цяпер Лукашэнку давядзецца прыбіраць і галоўны раздражняльнік у двухбаковых адносінах з ЕС — рэкордную колькасць палітвязняў.

Уявіць сабе, што Лукашэнку хтосьці аддзячыць проста за нейкія словы, без вызвалення палітвязняў, немагчыма.

Улічваючы велізарны багаж недаверу, які ў яго назапасіўся ў адносінах з Захадам, непрызнанне яго легітымнасці, тое, што гэта будзе ўжо трэці раз, калі ён паспрабуе дыстанцыявацца ад Расіі, яму давядзецца пастарацца нашмат больш, чым раней.

Планка задраная так высока, што, думаю, пакуль ён не адчуе, у якой эканамічна беспрэцэдэнтнай яме аказваецца краіна, ён не пойдзе на гэтыя саступкі.

Гэта значыць, ты два гады кажаш, што саджаеш тэрарыстаў і ворагаў народа, ты выбудаваў усіх сваіх сілавікоў, прапагандыстаў прымусіў, каб штодня з тэлевізара лілася мова варожасці, а потым ты раз — і выпускаеш усіх? Гэта не просты разварот.

Я думаю, мы яшчэ нейкі час пажывём у гэтай сітуацыі, пакуль Лукашэнка не зразумее, пакуль да яго не дойдзе ўсведамленне беспаваротнасці той варонкі, у якую ён апускаецца — мяркуе Арцём Шрайбман.

Паводле «Салідарнасці»