Паўтара года «хіміі» — за фота «непрыстойнага жэсту» на фоне тэлевізара

За абразу Лукашэнкі асудзілі жыхара Кобрына. Ён зрабіў фота «фака» на фоне навагодняга выступу беларускага кіраўніка. Смартфон, з якога было зроблена і выкладзена тое самае фота, канфіскавалі ў даход дзяржавы.

Фота Getty Images

Фота Getty Images

У судзе Кобрынскага раёна 25 лютага па ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса (абраза Лукашэнкі) асудзілі Дзяніса Кісялёва. Пра прысуд праваабаронцам стала вядома толькі цяпер.

Жыхара Кобрына Дзяніса Кісялёва асудзілі да 1,5 гады "хіміі" за фота сярэдняга пальца на фоне тэлевізара з выступам Лукашэнкі ў навагоднюю ноч, якое ён размясціў у закрытым тэлеграм-чаце "Кобрын для жыцця Чат".

Дзяніс Кісялёў сустракаў Новы 2022-ы год, глядзеў па тэлевізары выступ Аляксандра Лукашэнкі. Мужчына вырашыў зрабіць фота і сфатаграфаваў "непрыстойны жэст" на яго фоне. Каля сямі гадзін раніцы 1 студзеня ён выклаў гэты здымак у тэлеграм-чаце "Кобрын для жыцця Чат", які з лістапада 2020 года з'яўляецца закрытым (патрапіць туды можна толькі па запрашэнні).

12 студзеня Дзяніса Кісялёва затрымалі і змясцілі ў ізалятар. 14 студзеня яго перавялі пад хатні арышт.

У лютым адбыўся суд па справе, у выніку якога суддзя Вадзім Здановіч асудзіў Кісялёва да паўтара года абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хімію"). Акрамя гэтага, у Кісялёва канфіскавалі смартфон, з якога было зроблена і выкладзена тое самае фота.