Яўгенія Доўгая: Пра нашых жанчын-палітвязняў трэба крычаць на ўвесь свет

Журналістка Яўгенія Доўгая разам з мастачкай Ганнай Татур стварылі Instagram-праект «Палітвязынкі». Пад кожным партрэтам — гісторыя палітзняволенай жанчыны, якіх у Беларусі на сёння налічваецца больш за 140.

opera_snimok_2022_08_03_174606_www.polskieradio.pl.png


Беларуская пенітэнцыярная сістэма ў прынцыпе не вызначаецца гуманізмам. У дачыненні да палітвязняў размова ідзе пра асобныя ўмовы ўтрымання, якія часта ёсць катаваннем у чыстым выглядзе — пазбаўленне магчымасці схадзіць у душ, холад або наадварот стварэнне «парылкі» у перанаселеных камерах, шмат гісторый пра фізічны і маральны гвалт. Для жанчын, апрача «асаблівых моваў», ёсць і такі інструмент ціску як шантаж праз дзяцей.

— Асаблівасці фізіялогіі патрабуюць гігіенічных сродкаў, якія далёка не заўсёды выдаюць. У большасці выпадкаў, калі былі пратэсты ў 2020-ым годзе, жанчынам у гэтым проста адмаўлялі. Мы ведаем, што некалькі жанчын пакутуюць за кратамі на сур'ёзныя захворванні, а медыцынская дапамога ім аказваецца не ў поўнай меры. Гэта Марфа Рабкова, каардынатар валанцёрскай службы праваабарончага цэнтру «Вясна», яна ўжо амаль два гады за кратамі, некалькі разоў губляла прытомнасць, была патрэба ў абследаванні. Яго зрабілі, але запозна, і мы не ведаем, наколькі эфектыўнае прызначанае лячэнне. Варта назваць і журналістку Ксенію Луцкіну, у якой пухліна ў галаве, і яна жыве на абязбольваючых. Зразумела, што ва ўмовах беларускага СІЗА ці ІЧУ няма нармальных умоваў для чалавека, ён губляе здароўе, калі там знаходзіцца, — падкрэслівае праваабаронца Дзмітрый Салаўёў.

Мастачка Ганна Татур кажа, што важна фіксаваць ролю жанчын у грамадстве:

— Рабіць бачным удзел жанчын у жыцці грамадзянскай супольнасці, у рэвалюцыі бо ў нас шмат жанчын, якія зрабілі вялікі ўнёсак, але пра іх мала хто бачыць. Важна фіксаваць гэта, гэта жывая гісторыя.

Ганна падкрэслівае, што гісторыі жанчын амаль заўсёды павязаныя з дзецьмі, і, асуджаючы, пазбаўляючы свабоды жанчыну, улады забіраюць у дзяцей маці. Прычым у гэтым выпадку размова пра пакаранне за іншадумства, а не за сапраўдныя крымінальныя злачынствы.

— У нас дзве гераіні, якія маюць пяць дзяцей. Гэта Вольга Залатар і Ірына Маўшук. Гэта вельмі несправядлівыя, эмацыйна балючыя гісторыі, — падкрэслівае Ганна.

— Ёсць вялікае абясцэньванне працы жанчын. Часта беларусы, украінцы, іншыя людзі любяць казаць «што ж вы з кветачкамі хадзілі». Сярод жанчын-палітвязняў шмат абвінавачванняў па самых розных артыкулах – і за здраду дзяржаве, і за тэрарызм. Вельмі страшна, калі гэта ўсё забудзецца. Вольга Гарбонова выйшла, яна казала, што ў зняволенні людзі баяліся, што пра іх забыліся.

Мы хацелі першапачаткова зрабіць праект, каб украінскія жанчыны ведалі, што адбываецца ў Беларусі. Журналісткі, праваабаронцы, палітыкі ведалі і праявілі салідарнасць. Мы ўжо зрабілі сайт і пераклалі на ўкраінскую мову сто гісторый, але з-за вайны гэта затармазілася. Спадзяюся, што ў нас атрымаецца гэта ўсё запусціць. Сярод палітзняволеных павялічваецца колькасць жанчын, якія выказаліся супраць вайны з Украінай. Мне здаецца, пра нашых жанчын трэба крычаць на ўвесь свет, — расказвае аўтарка праекта, журналістка Яўгенія Доўгая.

Паводле польскіх СМІ