«Усе патрабаванні Мацкевіча законныя і выканальныя» Што чакае філосафа, які распачаў сухую галадоўку?

З 4 жніўня 2021 года беларускі філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч знаходзіцца пад вартай у СІЗА №1 горада Мінска. Яго падазраюць у арганізацыі дзеянняў, якія група парушаюць грамадскі парадак.

belnaviny.by___2.jpg


За паўгады ўтрымання пад вартай Уладзіміру так і не прад’явілі канкрэтных эпізодаў. Следчыя дзеянні з філосафам амаль не праводзяцца альбо носяць выключна фармальны характар. Каб дабіцца справядлівасці і выканання канкрэтных патрабаванняў — змяненне меры ўтрымання на падпіску аб нявыездзе, завяршэнне следчых дзеянняў і прызначэнне даты судовага разбіральніцтва — 4 лютага 2022 года Уладзімір Мацкевіч распачаў галадоўку.

Падчас анлайн-канферэнцыі пад назвай «Галадоўка філосафа Мацкевіча ў СІЗА: што будзе далей?» спікеры распавялі пра тое, што зараз адбываецца з Уладзімірам і што можа чакаць яго далей, а таксама амберкавалі шляхі падтрымкі філосафа.

«У нас засталося вельмі мала часу на якія-небудзь дзеянні»

Напрацягу 11 дзён прадстаўнікі следчага камітэта не рэагавалі на патрабаванні Мацкевіча, таму, прытрымліваючыся сваіх першапачатковых заяў, 15 лютага філосаф распачаў сухую галадоўку. Надзея Лучанок, дачка Уладзіміра Мацкевіча: «Ва ўмовах сухой галадоўкі пагроза жыццю майго бацькі стала відавочнай. У нас засталося вельмі мала часу на якія-небудзь дзеянні. Мы ўпэўненыя ў тым, што ўсе патрабаванні Уладзіміра Мацкевіча законныя, рэальныя і выканальныя».

Надзея Лучанок дадала, што да Уладзіміра не дапускаюць пастара і кваліфікаванага ўрача. У сваю чаргу пастар царквы «Новае Жыццё» Вячаслаў Ганчарэнка звяртаўся ў адпаведныя інстанцыі з просьбай аб сустрэчы з Уладзімірам Мацкевічам, але яму не дазволілі. «У СІЗА ёсць праваслаўны святар, але ва ўмовах свабоды веравызнання мы жадаем, каб у Мацкевіча была магчымасць сустрэчы з пастарам», — падкрэсліў палітолаг Андрэй Ягораў.

У 2006 годзе Уладзімір Мацкевіч падтрымліваў галадоўку царквы «Новае жыццё» у барацьбе за будынак, пасля якой пісаў: «Я ведаю, што грамадзянская супольнасць у Беларусі існуе, таму што яна мяне выратавала ў сітуацыі галадоўкі «Новага Жыцця». Андрэй Ягораў адзначае: «Думаю, зараз тое ж самае. Усеагульная ўвага да гэтай сітуацыі сёння можа выратаваць Мацкевіча».

Дачка філосафа Надзея лічыць, што зараз адказнасць за жыццё Мацкевіча, а менавіта за атрыманне ім кваліфікаванай медыцынскай дапамогі, за ўмовы ўтрымання філосафа, за стан яго здароўя сёння і ў далейшым ляжыць на кіраўніцтве СІЗА. «А кіраўніцтва СІЗА фактычна знаходзіцца ў закладніках сітуацыі бяздзейнасці следчага камітэта і пракуратуры, якія ігнаруюць патрабаванні Мацкевіча і замоўчваюць галадоўку», — падкрэслівае Надзея.

Такое меркаванне падзяляе і Андрэй Ягораў: «Мацкевіч вылучае выканальныя патрабаванні. Яны знаходзяцца ў кампетэнцыі следчых органаў. Ён нават не патрабуе безумоўнага вызвалення, хоць абсалютна разумее, што ён не вінаваты. Уладзімір проста патрабуе перадачы справы ў суд альбо змены меры ўтрымання. Таму зараз за сітуацыю цалкам адказны старшыня следчай групы, які вядзе справу Мацкевіча, і яго кіраўнікі. Гэта іх асабістая, персанальная адказнасць. Яны будуць вінаватыя, калі з Уладзімірам Мацкевічам нешта здарыцца, як і будуць вінаватыя адміністрацыя, канкрэтныя супрацоўнікі СІЗА».

Дачка філосафа заявіла: «Мы патрабуем неадкладных дзеянняў, штодзённага допуску адваката і ўрача, які не адносіцца да сістэмы МУС. Смерць Уладзіміра Мацкевіча не патрэбная нікому».

«Патрэбна зрабіць усё, каб гэта спыніць»

Каб распавесці пра тое, што адбываецца з арганізмам чалавека ва ўмовах сухой галадоўкі, да канферэнцыі далучыўся прэзідэнт асацыяцыі дыетолагаў Украіны Алег Швец. Ён адзначыў, што галадоўка без ужывання вадкасці смяротна небяспечная. Алег Швец: «З ежы і піцця чалавек атрымлівае энергію, і нават калі ён ляжыць і нічога не робіць, працэс асноўнага абмену рэчываў патрабуе больш за 1000 ккал у дзень. Калі чалавек перастае есці, ён атрымлівае энергію з таго, што адкладзена ў клетках печані, у тлушчавай тканіне, і ў выніку ў арганізме назапашваюцца таксічныя рэчывы, як ацэтон. Ён дрэнна выводзіцца праз ныркі і так развіваецца інтаксікацыя. Акрамя таго, у чалавека, які не ўжывае ежу і вадкасць, рэзка зніжаецца ўзровень глюкозы ў крыві, зніжаецца ціск, развіваецца дэгідратацыя, што можа суправаджацца працяглымі і непрацяглымі стратамі прытомнасці. Да таго ж ва ўмовах адмаўлення ад ежы, страўнікавы сок, які працягвае выпрацоўвацца, агрэсіўна дзейнічае на слізістыя абалонкі, таму ў чалавека прагрэсуюць болі. Таму галадоўка Уладзіміра Мацкевіча крытычна небяспечная і патрэбна зрабіць усё, каб гэта спыніць». Дыетолаг папярэджвае, што нават калі галадоўка будзе спыненая, то зноў пачаць ужываць ежу, каб не пашкодзіць арганізму, вельмі няпроста. Для гэтага таксама патрэбная сур’ёзная медыцынская дапамога.

01_2_3.jpg


«Памерці яму ніхто не дасць»

Лепш зразумець сітуацыю, у якой знаходзіцца філосаф Уладзімір Мацкевіч, дапамог палітолаг Андрэй Ягораў. Ён распавёў, што па буднях урачы і супрацоўнікі СІЗА прыходзяць да Мацкевіча кожны дзень і настойліва пераконваюць спыніць галадоўку, пры гэтым папярэджваюць аб тым, што «памерці яму ніхто не дасць». «Але па выходных урачоў у СІЗА няма, невядома, што можа здарыцца ў гэты час, таму істотна, каб у гэтай сітуацыі здароўе Уладзіміра Мацкевіча было пад кантролем урачоў, пры гэтым кантроль павінен быць дастаткова кампетэнтным», — дадае Андрэй Ягораў.

Палітолаг таксама распавёў, што сястра Мацкевіча дабіваецца спаткання, але яго не дазваляюць. Некалькі чалавек падпісалі хадайніцтва аб паручальніцтве, але пакуль следчы камітэт не скарыстаўся гэтай магчымасцю змяніць меру ўтрымання. А на звароты ў генпракуратуру, якія пішуць грамадзяне Беларусі, агульны адказ — у сітуацыі, калі зварот накіраваны не ад законнага прадстаўніка, падстаў для яго разгляду няма. «Але дзякуючы гэтым адказам мы ведаем, што генпракуратура атрымлівала адпаведныя звароты і дакладна ведае пра сітуацыю з Уладзімірам Мацкевічам», — заўважыў Ягораў.

Ён падзякаваў усім за вялізную падтрымку, якую людзі са ўсяго свету аказваюць філосафу Мацкевічу: «Петыцыя, якую стварылі родныя Уладзіміра, назбірала больш за пяць тысяч подпісаў. Пад зваротам акадэмічнай супольнасці да генеральнага пракурора і старшыні следчага камітэта паставілі подпісы больш за 130 навукоўцаў, інтэлектуалаў са ўсяго свету. Сярод падпісантаў нобелеўскія лаўрэаты, прафесары ўніверсітэтаў, пісьменнікі розных краін. Занепакоенасць і падтрымку Уладзіміру Мацкевічу выказвалі палітыкі, дыпламаты, грамадскія дзеячы. Напрыклад, былы амбасадар ЗША ў РФ, прафесар стэнфардскага ўніверсітэта Майкл Макфол, пасол Польшчы ў Беларусі (2011-2015 год) Лешак Шарэпка, прэзідэнт Фонда Генрыха Бёлля Элен Убершэр і многія іншыя. У падтрымку Уладзіміра выступала аб’яднанне хрысціянскіх цэркваў у Германіі, кафедра філасофіі Цэнтральнага Еўрапейскага Універсітэта. Акцыі беларусаў у падтрымку Мацкевіча прайшлі ў шматлікіх гарадах свету».

Эксперт па міжнародных праваахоўчых механізмах Дзмітрый Чарных заўважыў, што ў адпаведнасці з міжнародным актам аб грамадзянскіх і палітычных правах Уладзімір Мацкевіч, як і іншыя палітвязні ў Беларусі, мае права прадстаць перад судом без неапраўданай затрымкі. «Забяспечыць гэтае права — абавязак дзяржавы. Калі ніякія следчыя дзеянні не вядуцца — навошта так доўга ўтрымліваць чалавека пад вартай? Патрабаванні Мацкевіча вельмі абгрунтаваныя», — падкрэсліў Дзмітрый.