Філосаф і тыран: Незалежна ад рэакцыі тырана, філосаф перамагае

«Учынак Уладзіміра Мацкевіча самадастатковы, усвядомлены, прарочы. У ім заключаная сіла духу і мудрасці. Не падпарадкавацца тыраніі і глупству, не даць змроку перамагчы», — разважае пра філасофію і тыранію ў сваім тэлеграме Павел Усаў.

zeno_of_elea02.jpg

Філасофія — не як навука, а як мудрасць і любоў да яе, — заўсёды змагалася і будзе змагацца з тыраніяй і глупствам. У гэтым яе прызначэнне. Мудрасць, узбагачэнне ведамі немагчымыя ва ўмовах тыраніі.

Тыраны, трымаючыся за ўладу, перш за ўсё знішчаюць мудрасць і мудрацоў. Знішчаюць філасофію і веды. У сваю чаргу, філасофстваванне, імкнучыся да вызвалення духу ва ўмовах несвабоды, рана ці позна прыводзіць да ахвярнасці.

Сіла ідэі і думкі заўсёды выяўлялася ў гатоўнасці заплаціць за яе самую высокую цану.

Гэтаму ёсць мноства прыкладаў. Прывяду толькі адзін з іх. Філосаф Зянон з Элеі (вучань Парменіда, вядомы сваімі апорыямі), удзельнічаў у змове супраць мясцовага тырана. Быў схоплены. Падчас допыту адкусіў сабе язык і плюнуў у твар тырану. Гэты ўчынак так уразіў грамадзян, што тыя забілі тырана і вярнулі сабе свабоду.

Філосаф разумее цану свайго Слова і свайго Дзеяння-Учынку. Часам слова, думка, учынак філосафа большыя за жыццё.

Сіла духу, ідэя, народжаная ў чалавеку і чалавекам, з'яўляецца праз ахвяру і ўчынак. Праз ахвяру і ўчынак філосаф творыць рэальнасць і гісторыю, ён сам становіцца гісторыяй. Не дарма ў антычным свеце ўчынак і ахвярнасць з'яўляліся найвышэйшай праявай духу філосафа і героя. Да гэтага вяло само жыццё. Dolce et decorum est pro veritas mori.

Дзякуючы ахвярнасці, мудрасць выходзіла за рамкі аднаго чалавека, ахоплівала ўсю прастору вакол яго, рухала і стварала новае, разбурала імперыі і дэспатычныя палітычныя сістэмы.

Ахвяра паказвала і даказвала сілу праўды, сілу філосафа і слабасць тырана, дэманстравала сваю перавагу перад цемрай, вар'яцтвам натоўпу, глупствам тырана і яго служыцеляў. Праз учынак становіцца відавочным, што тыран не мае сілы перад філосафам.

І калі філосаф не зможа сябе супрацьпаставіць Злу — не зможа ніхто. Ідэя, дух заўсёды вышэйшыя за жыццё. Адступіць ад ідэі, ад учынку — значыць адрачыся ад сябе і памерці па-сапраўднаму. Завяршыць свой учынак — значыць узвялічыцца і жыць.

Відаць, беларускае грамадства даспела да такога гістарычнага моманту, калі атрымала свайго філосафа і прарока, якога будзе чуць і слухаць. І будзе яму ўдзячнае.

Я не ведаю, ці прывядзе ўчынак Уладзіміра Мацкевіча да абуджэння грамадзян, але  несумненна будзе велізарным укладам у фарміраванне Духу нацыі.


Учынак Уладзіміра Мацкевіча самадастатковы, усвядомлены, прарочы. У ім заключаная сіла духу і мудрасці. Не падпарадкавацца тыраніі і глупству, не даць змроку перамагчы.

У гэтым выпадку, незалежна ад рэакцыі тырана, філосаф перамагае. Калі ж тыран дазволіць філосаф памерці, то мудрасць пераможа, таму што смерць толькі падкрэсліць веліч духу і праўды, праўды, за якую філосаф гатовы свядома пакутаваць і загінуць.

Адзінае, што можа зрабіць Лукашэнка, — гэта праявіць крыху адэкватнасці і саступіць у гэтым супрацьстаянні. Бо сістэма змагаецца не з Уладзімірам Мацкевічам, а з духам і філасофіяй.