«Гібель Мацкевіча будзе вялікай памылкай для ўлады і стратай для Беларусі»

Уладзімір Мацкевіч трымае галадоўку 11 дзень. Калі сёння не будзе ніякіх змен і рашэнняў, з аўторка (15 лютага) ён перастане піць ваду.

Акцыя ў падтрымку Уладзіміра Мацкевіча ў Адэсе

Акцыя ў падтрымку Уладзіміра Мацкевіча ў Адэсе

У суботу і нядзелю прайшло больш за 10 акцый у падтрымку патрабаванняў Уладзіміра Мацкевіча. Беларусы ў розных гарадах выходзілі на плошчы і да амбасадаў, каб расказаць пра асобу і значэнне філосафа і метадолага для беларускай і еўрапейскай культуры, выказаць падтрымку і салідарнасць, асудзіць бяздзейнасць уладаў. Акцыі прайшлі ў Лондане, Стакгольме, Варшаве, Адэсе, Познані, Шчэціне, Савое (Францыя), Хорбуве, Каўнасе, Вільні, Батумі, Лодзі і іншых гарадах. Удзельнікі падкрэслівалі, што яго дзеянне — гэта крок у супрацьстаянні свабоднага чалавека, які мысліць і працуе на будучыню краіны, і сістэмы, якая дыскрэдытуе нормы права, законы і адмаўляе здаровы сэнс.


За 11 дзён галадоўкі з боку следчых органаў не прынята ніякіх рашэнняў у выкананні патрабаванняў Уладзіміра Мацкевіча. Пастар таксама пакуль не атрымаў дазволу яго наведаць.


Калегі і сваякі Уладзіміра Мацкевіча падкрэсліваюць, што надыходзіць крытычны перыяд у галадоўцы, калі кожны дзень можа прывесці да раптоўных пагаршэння здароўя і смерці. Адказнасць за магчымую трагедыю, будзе цалкам класціся на кіраўніцтва СІЗА, якое аказваецца закладнікам у сітуацыі бяздзейнасці Следчага камітэта і пракуратуры.


Блізкія Мацкевіча кажуць: "Цяпер мы павінны выкарыстоўваць усе свае рэсурсы і магчымасці, каб узмацніць патрабаванні Мацкевіча, паказаць іх разумнасць і выканальнасць, паказаць, што гібель яго будзе вялікай памылкай для ўлады і стратай для Беларусі".


Паводле прэс-рэліза