Адвакат пра стан Уладзіміра Мацкевіча: «Нарастае слабасць»
Сёння адвакат наведаў у СІЗА філосафа Уладзіміра Мацкевіча, які восьмы дзень трымае галадоўку.

Абаронца перадаў наступныя словы Мацкевіча:
«Самаадчуванне? Нарастаючая слабасць, астатняе — нармальна.
Панядзелак — крытычны дзень: у панядзелак я яшчэ буду піць ваду, у панядзелак яшчэ нешта могуць вырашыць.
У аўторак пераходжу да сухой галадоўкі».
З боку следства ніякіх дзеянняў і рашэнняў у адносінах да вылучаных патрабаванняў не зроблена, паведамляе ініцыятыва «Філосаф у турме».
Нагадаем, філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч знаходзіцца за кратамі з 4 жніўня 2021 года, яму выставілі абвінавачанне ў «арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (арт. 342 КК).
4 студзеня 2022 яму працягнулі тэрмін утрымання пад вартай яшчэ на месяц, да 4 лютага. Паколькі меру стрымання яму не змянілі, 4 лютага Мацкевіч пачаў галадоўку. Ён выставіў наступныя патрабаванні:
- змяніць меру стрымання на падпіску аб нявыездзе;
- завяршыць следчыя дзеянні і перадаць справу ў суд;
- прызначыць дату судовага разбіральніцтва.

Калі цягам 10 дзён гэтыя патрабаванні не будуць выкананыя, Уладзімір Мацкевіч плануе адмовіцца не толькі ад ежы, але і ад вады, перайшоўшы на сухую галадоўку.