Беларусь адказала на запыт ААН па факце пераследу праваабаронцаў, журналістаў і НДА
На сайце Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН з’явіўся афіцыйны адказ урада Беларусі на запыт чатырох Спецыяльных дакладчыкаў па факце вобшукаў і затрыманняў праваабаронцаў, прадстаўнікоў НДА і незалежных СМІ, здзейсненных у ліпені 2021 года.
Сутнасць адказу беларускіх уладаў палягае ў тым, што «крымінальны пераслед заснаваны выключна на учыненых імі супрацьпраўных дзеяннях і не звязаны з іх грамадска-палітычнымі поглядамі або працай па прасоўванні правоў чалавека».
Таксама ў пісьмовым адказе ёсць пазіцыя беларускіх уладаў адносна нядопуску да зняволеных адвакатаў
«Не паступала скаргаў аб
тым, што абаронцы не дапускаліся да ўдзелу ў следчых дзеяннях, або ім было
адмоўлена ў доступе ў ізалятары для канфідэнцыйных гутарак з падабароннымі», — гаворыцца ў паведамленні.
Ёсць там і згадка пра палітзняволеную Марфу Рабкову (на здымку), якой зараз пагражае вялікі тэрмін у няволі: «Марфе Рабковай забяспечаныя штодзённыя прагулкі працягласцю не менш двух гадзін, васьмігадзінны сон ноччу, трохразовае харчаванне і магчымасць прымаць душ не радзей аднаго разу ў тыдзень працягласцю не менш за 15 хвілін. Пасцельная бялізна мяняецца раз у тыдзень».