Філосаф Мацкевіч галадае за кратамі. Да пачатку сухой галадоўкі засталося 3 дні
Уладзімір Мацкевіч працягвае галадоўку ў СІЗА, ніякіх дзеянняў па выкананні яго патрабаванняў не заўважана. Да пачатку сухой галадоўкі застаецца 3 дні, хвалююцца калегі філосафа-палітвязня.
Беларускі філосаф
і грамадскі дзеяч Уладзімір Мацкевіч, які абвясціў 4 лютага галадоўку, кажа пра
сваю рашучасць працягваць яе і ў выпадку невыканання патрабаванняў да 14
лютага, адмовіцца ад вады.
Калегі і аднадумцы Уладзіміра Мацкевіча звяртаюць увагу на высокія рызыкі раптоўнага і імклівага пагаршэння стану здароўя ва ўмовах сухой галадоўкі. Яны лічаць, што невыкананне патрабаванняў філосафа — гэта свядомае дапушчэнне смерці Уладзіміра Мацкевіча.
Яны адзначаюць, што патрабаванні, выстаўленыя Мацкевічам, абсалютна лагічныя, справядлівыя і выканальныя. Для таго, каб спыніць галадоўку, неабходна толькі прыняць законнае рашэнне. Кожны наступны дзень наносіць незваротныя наступствы для здароўя філосафа, а адсутнасць рашэння можа быць фатальнай.
У межах кампаніі ў падтрымку філосафа сабрана больш за 3 тысячы подпісаў пад петыцыяй, адрасаванай генеральнаму пракурору і Следчаму камітэту Рэспублікі Беларусь.
Міжнародная акадэмічная супольнасць распаўсюдзіла свой зварот да следчых органаў, у якім гаворыцца: «Мы глыбока перакананыя, што, абвяшчаючы галадоўку, Уладзімір Мацкевіч звяртаецца да крайняй меры, якая магчымая ва ўмовах зняволення, каб паўплываць на беспадстаўна зацягнутыя тэрміны следства, надуманыя абвінавачанні, меру стрымання, умовы ўтрымання. Мы перакананыя, што Уладзімір Мацкевіч праявіць прынцыповасць у адстойванні сваёй пазіцыі. Ваша бяздзейнасць, спробы замаўчаць інфармацыю пра галадоўку і адмова ў выкананні патрабаванняў — смяротныя!»
Зварот падпісалі ўжо больш за 60 прадстаўнікоў інтэлектуальнай і акадэмічнай супольнасці з Беларусі, Украіны, Вялікабрытаніі, ЗША, Польшчы, Швецыі, Латвіі, Літвы, Расіі, Германіі, Ірландыі і іншых краін.
Паводле прэс-рэліза