Мікола Статкевіч захварэў у СІЗА на каронавірус
Спатканне Міколы Статкевіча і Марыны Адамовіч прайшло ў СІЗА-3 Гомеля. Па словах жонкі палітвязня, каля 10 дзён таму ён захварэў, сімптомы вельмі падобныя да каронавіруса.
Як мог захварэць — невядома. Мікола Статкевіч па-ранейшаму ў адзіночцы, падчас вываду на спатканні і на прагулкі выконваюцца меры бяспекі, піша «Св***да».
«Вярнулася не вельмі суцешаная, Мікола хварэе, — расказала Марына Адамовіч. — Хварэе ўжо дзён 10. Хутчэй за ўсё, каронавірус. Гледзячы па сімптомах, па ўсім астатнім. Пыталася, ці лечаць яго. У Міколы там свае таблеткі, лекі ёсць. Адказаў, што з учарашняга, здаецца, дня ён на пасцельным рэжыме. Так гэта называецца. Лечаць тым, што дазваляюць ляжаць. Але гэты пасцельны рэжым у іх нейкі дзіўны. Ляжаць дазваляюць да восьмай гадзіны вечара, пасля чаго ён павінен устаць, і да адбою класціся нельга».
Па словах Марыны Адамовіч, у гомельскім СІЗА існуюць складанасці з перадачай лекаў вязням. Іх не прымаюць падчас спатканняў. І хоць перадаць лекі ў СІЗА можна тройчы на тыдзень, але вязень спачатку мусіць скласці спіс патрэбных яму таблетак, пасля спіс зацвярджае турэмны лекар, а затым гэты спіс неяк трэба даслаць родным, каб яны прывезлі лекі ў Гомель. Самому Статкевічу дапамагае тое, што частку лекаў Марына змагла яму перадаць раней, таму палітвязень мае нейкі іх запас у камеры.
Як кажа Марына Адамовіч, пра маштабы захворванняў, у тым ліку і сярод блізкіх вязняў, сведчыць той факт, што яна не пабачыла чаргі з ахвотных зрабіць перадачу. Раней такога не было.
«Настрой нязменна бадзёры ў Міколы, хоць ён і хварэе, — расказвае Марына Адамовіч. — Расказаў пра свае сны. Сказаў, што ва ўмовах адзіночнай камеры сны сняцца пастаянна. Яны вельмі яркія. Вельмі сюжэтныя. Многія запамінальныя. Але сказаў, што ў асноўным гэта тычыцца мяне і блізкіх. Больш асабістыя рэчы. Бываюць і вельмі нечаканыя. Сюжэтныя, фантастычныя. Я вось не бачу сноў амаль, а ён зараз фактычна заўсёды».
Па словах Марыны Адамовіч, Мікола па-ранейшаму цікавіцца сітуацыяй у Беларусі і свеце. Шмат гаварыў пра Украіну і пагрозы для яе з боку Расіі.
«Палова свету прадэманстравала, што гатовая выступіць на баку Украіны, — перадае Марына Адамовіч словы Міколы Статкевіча. — І Мікола мяркуе, што існуе рызыка, што падчас адыходу ад Украіны ў Расіі можа ўзнікнуць жаданне вырашыць «беларускае пытанне».
Па словах Адамовіч, Мікола па-ранейшаму перакананы ў непазбежнасці пераменаў. Ён называе дзеянні беларускіх уладаў тупіковай тактыкай.