Інтэлектуалы ў турме: у Беларусі «ўзяліся за вольную думку»
"Спачатку ўлады пасадзілі палітыкаў, актывістаў — тых, хто дзейнічаў на вуліцы. А далей узяліся за свабодную думку", — так аб прычыне арышту філосафа і метадолага Уладзіміра Мацкевіча кажа яго калега Таццяна Вадалажская. 4 лютага, калі споўнілася роўна паўгода з дня арышту Мацкевіча, ён аб'явіў галадоўку, патрабуючы змяніць меру стрымання на падпіску аб нявыездзе, завяршыць следчыя дзеянні і прызначыць дату суда. І калі ў яго справе не будзе ніякіх зменаў, у аўторак, 15 лютага, ён пераходзіць да сухой галадоўкі.
Філосаф Мацкевіч напісаў у СІЗА кнігу і аб'явіў галадоўку
Шырокай публіцы Уладзімір Мацкевіч вядомы сваімі кнігамі і аналітычнымі тэкстамі з крытыкай беларускага кіраўніцтва, ён неаднаразова пісаў адкрытыя лісты Аляксандру Лукашэнку. Акрамя таго, Мацкевіч меў дачыненне да многіх значных праектаў у Беларусі — ён быў заснавальнікам Агенцтва гуманітарных тэхналогій, "Лятучага ўніверсітэта", кансорцыума "ЕўраБеларусь". "Мацкевіч — гэта вельмі нязручны філосаф, які задае шмат пытанняў, прапануе рашэнні і ведае, куды рухацца", — распавядае каардынатарка "Лятучага ўніверсітэта" Таццяна Вадалажская. З яго апошніх важных палітычных праектаў калега адзначае кампанію "Свежы вецер" у 2019 годзе супраць інтэграцыі з Расіяй.
Пра яго крымінальную справу калегам вядома няшмат — толькі артыкул абвінавачання (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і факт ініцыявання экспертызы наконт распальвання нянавісці. "Вынікаў экспертызы мы не ведаем. Адвакат пад падпіскай аб невыдаванні, таму новай інфармацыі няма — магчыма, яму дадалі абвінавачанні. Але ў чым яго віна, якія менавіта ў яго былі злачынныя дзеянні не ведаем ні мы, ні ён сам", — кажа Вадалажская.
Цікава, што нават у турме Мацкевіч працягвае працаваць. У нядаўнім лісце калегам ён распавёў, што скончыў кнігу "Семіятычная тапалогія" аб тым, як разгортвае мысленне і як яно спыняецца ў дзеянне. "Відаць, скончыўшы кнігу, ён вырашыў перайсці да рэальных дзеянняў — галадоўкі", — лічыць Вадалажская. Мацкевіч мае досвед паспяховай галадоўкі ў 2006 годзе, калі з дапамогай яе ўдалося абараніць будынак царквы "Новае жыццё".
Да пачатку галадоўкі ў СІЗА Мацкевіч адчуваў сябе добра, аднак цяпер яго калегі, якія ініцыявалі кампанію "Філосаф у турме", паведамляюць, што інтэлектуал з кожным днём без ежы слабее. “Гэта трывожна. Ён сур'ёзна ставіцца да галадоўкі — я ведаю, што ён будзе ісці да канца. Гэта вельмі ў ладзе жыцця і духу Мацкевіча — жыццё па сваіх правілах. Ён спрабуе навязаць уладам сваю гульню ва ўмовах палону, і цяпер ім давядзецца на гэта рэагаваць", — адзначае Вадалажская.
Палітолаг Касцюгова часта давала каментары для СМІ
Сярод зняволеных СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Мінску ёсць таксама Валерыя Касцюгова — самая вядомая жанчына-палітолаг у Беларусі. Яна заснавала і была рэдактарам сайта з аналітыкай ад экспертнай супольнасці "Наша думка", рэдактарам і аўтарам "Беларускага штогодніка", кіравала групай экспертаў па маніторынгу "Беларусь у фокусе". Акрамя таго, Касцюгова актыўна выказвала сваё меркаванне аб палітычных падзеях вакол Беларусі ў медыях і на публічных дыскусіях.
Як расказвае яе дачка Анастасія Касцюгова, якая зараз займаецца пытаннямі стратэгічнай камунікацыі ў офісе Святланы Ціханоўскай, пасля падзей 2020 года ў Беларусі Валерыя не перастала даваць каментары СМІ, а нават наадварот, стала рабіць гэта часцей, бо цікавасць да палітыкі ў грамадстве вырасла. "Апошнім часам яна сапраўды часцей стала з'яўляцца ў публічнай прасторы, прычым на абсалютна розных рэсурсах — экспертных пляцоўках, замежных і беларускіх СМІ", — кажа дачка Касцюговай.
"Сілавікам загадалі злавіць кагосьці разумнага, вось яны і ўзялі маю маму"
Затрымалі беларускага палітолага 30 чэрвеня 2021 года пасля ператрусу ў яе доме, цяпер яе абвінавачваюць у змове з мэтай захопу ўлады і дапамозе ў закліках да захопу ўлады. "Калі гэта адбылося, гэта было нечаканасцю, бо сілавікі не тэлефануюць і не папярэджваюць. Хоць, вядома, мы ўсе разумелі, што гэта адбудзецца. У яе такая праца, якая цягне палітычны пераслед, хаця, зразумела, яна ні да чаго не заклікала, а проста апісвала рэальнасць і давала аналітыку падзеяў”. Аднак, як кажа Анастасія, у яе маці была прынцыповая пазіцыя не з'яжджаць, маўляў, гэта мой дом і чаму я павінна бегчы.
"Як і з усімі такімі справамі, адвакат пад падпіскай аб невыдаванні, і я ведаю мала падрабязнасцяў, — працягвае распавядаць аб крымінальнай справе маці Анастасія. — Артыкулы ў яе проста ідыёцкія, пра змову, як у Знака з Калеснікавай, хоць яна ні з імі, ні з Каардынацыйнай радай не была звязаная. Для мяне гэта выглядае так: экспертаў у краіне засталося на тры дні, сілавікам загадалі злавіць нейкага разумнага, вось яны і ўзялі маю маму".
У СІЗА, як кажа Анастасія, Валерыя Касцюгова адчувае сябе нармальна, сядзіць у добрай кампаніі ў дырэктарам t*t.by Людмілай Чэкінай. "Яны сябе забаўляюць там, ладзяць творчыя вечарыны, малююць. Яна шмат рэфлексуе, задумваецца пра прыроду ўсяго, кажа, што навучылася інтэрпрэтаваць рэальнасць праз скажоную прызму прапаганды. А яшчэ ў турме радуюцца, калі нас (апазіцыю. — Рэд.) па тэлевізары паліваюць брудам, маўляў, гэта значыць, што мы працягваем працаваць".
dw.com