Журналістка Ксенія Луцкіна адзначае свой чарговы дзень нараджэння за кратамі

Сёння, 14 лютага, палітзняволеная журналістка Ксенія Луцкіна адзначае свой дзень нараджэння ў няволі, у СІЗА на Валадарскага. Ксенія знаходзіцца за кратамі з 22 снежня 2020 года.

doa6lkj7asm_1.jpg

Да канца жніўня 2020 года Ксенія Луцкіна працавала спецыяльным карэспандэнтам Белтэлерадыёкампаніі. Потым удзельнічала ў страйку, звольнілася на знак пратэсту і далучылася да Каардынацыйнай рады. Яе затрымалі разам з іншымі фігурантамі справы 22 снежня 2020 года. Першапачатковае абвінавачанне — пасобніцтва ва ўхіленні ад сплаты падаткаў.

Ксенія Луцкіна не выйшла на волю разам з чатырма сябрамі «Прэс-клубу» 19 жніўня 2021 года. Яго заснавальніца Юлія Слуцкая паведаміла, што Ксенія і яе аператар Дзяніс Сакалоўскі не маюць дачынення да дзейнасці арганізацыі.

Праз пэўны час стала вядома, што супраць Ксеніі Луцкінай, якая адмовілася пісаць прашэнне аб памілаваньні на імя Лукашэнкі, распачалі новую крымінальную справу нібыта за змову з мэтай захопу ўлады.

Праваабаронцы прызналі Ксенію Луцкіну палітзняволенай, нагадвае БАЖ.

Павіншаваць Ксенію Луцкіну можна лістамі на адрас: СІЗА № 1, 220030, Мінск, вул. Валадарскага, д. 2.