Пасля 12 дзён галадоўкі Уладзімір Мацкевіч пачуваецца дрэнна. Схуднеў, напісаў завяшчанне

Беларусі філосаф амаль два тыдні галадае ў турме. Сёння галадоўка набыла сухі характар, што моцна ўплывае на стан здароўя. Палітвязень патрабуе змяніць яму меру стрымання, завяршыць следчыя дзеянні і прызначыць дату суду.

273852659_155469593526794_1904317242273796698_n.jpg

Пра стан Уладзіміра Мацкевічараспавялі яго паплечнікі на адмысловай старонцы ў Фэйсбуку.

«На бягучы момант пра галадоўку Уладзіміра Мацкевіча нам вядома наступнае, — гаворыцца ў паведамленні. — Адчувае сябе дрэнна. Без ежы 12-ы дзень. Без вады — з учарашняга вечара. Ад "кансультацыі" турэмнага псіхолага адмовіўся. Лічыць, што няма прычын з ёю размаўляць, бо ад яе не залежыць выкананне яго патрабаванняў. Сёння было два агляды лекарам СІЗА: слабасць, губляе ў вазе (больш за 7 кг ад пачатку галадоўкі). Напісаў заяву на імя начальніка СІЗА, каб заверыць завяшчанне. Пастар і лекар (не з сістэмы МУС) дапушчаныя не былі».

Уладзіміра Мацкевіча затрымалі ў жніўні 2021 года. Яму прад'яўленыя абвінавачанні ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342).