Хронікі рэпрэсій у Беларусі за 27 снежня

Палітвязнямі прызналі яшчэ 18 чалавек. А журналіст-расследавальнік НЧ Дзяніс Івашын прыгразіў перарэзаць сабе вены ў турме ў адказ на здзекі адміністрацыі. Што яшчэ здарылася сёння? Агляд палітычнага пераследу ў Беларусі за 27 снежня. 

_cihi_pratest___sakavik_2021__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__5__logo_1.jpg


Чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў

У яго трапілі:

  • Telegram-каналы «КОНСТИТУЦИЯ», «Свободный ВГУ»; «Свободный ВГУ Чат»;
  • Суполкі ва «Укантакце» «НОВОСТИ БЕЛАРУСИ», «Беларусь», «Настоящая Беларусь», «Докшицы Live»;
  • Электронная версія друкаванага выдання «Пратэсная Беларусь»;
  • Сайт і сацсеткі рэсурса «Царква».


Палітвязень Мікалай Статкевіч зноў у ШІЗА

Пра гэта паведаміла  ягоная жонка Марына Адамовіч у сваім facebook.

«Тэрмін «пакарання» мне невядомы. Дапускаю, што пастараюцца захапіць усё святы. А тое ж у адзіночцы 1 метр на 3 можа расслабіцца, святочны настрой адчуць. Так і ўяўляю шыкоўны святочны стол на 1 базавую, якую, дарэчы, яму не кожны месяц удаецца атаварыць з-за ШІЗО. (На наступны скарыстацца «сэканомленым» не дазваляюць). Агулам, гэта ўжо не менш, чым 21-е спагнанне з ліпеня».

Нагадаем, Статкевіч знаходзіцца за кратамі амаль 2,5 гады. 14 снежня 2021 Мікалаю быў вынесены прысуд: 14 гадоў зняволення ў калоніі асаблівага рэжыму. У канцы чэрвеня быў этапаваны з гомельскага СІЗА-3 у глыбоцкую калонію № 13. З таго часу яго рэгулярна змяшчаюць у ШІЗА.


Стала вядома, за што праваабаронцу Насту Лойку выводзілі без вопраткі ва ўнутраны дворык на Акрэсціна на некалькі гадзін.

Пра гэта распавяла адна з былых арыштантак Акрэсціна. Нагадаем, на адным з судоў Наста казала пра тое, што адзін з супрацоўнікаў ЦІП вывеў яе ва ўнутраны двор і пакінуў без вопраткі.

«Насту аднойчы выгналі ў дворык за тое, што яна напісала скаргу на тое, што тых, хто ездзіў на працу на сметніцу, доўга трымалі ў дворыку на марозе, то-бок трымалі ў неналежных умовах. На гэта міліцыянт Цішачкін сказаў, што яна цяпер пойдзе і паглядзиць сама, як гэта. Яе адправілі на 5-6 гадзін у гэты дворык. Ён прасіў потым Насту, каб яна не пісала скаргі.

Аднойчы яна хацела абвясціць галадоўку, але ёй не далі паперу і асадку, каб напісаць заяву. ГУБАЗіК ёй абяцаў крыміналку. Адразу сказалі, што пасадзяць па адміністрацыйцы і будуць шукаць, як яе ўжо пасадзіць надоўга».


Усе фігуранты «справы Рабочага Руху» на судзе адмовіліся даваць паказанні.

У Гомельскім абласным судзе з 9 лістапада праходзіць суд па «справе Рабочага Руху», фігурантамі якой з'яўляюцца адразу дзесяць палітзняволеных — Сяргей Шэлест, Уладзімір Жураўка, Андрэй Пагерыла, Ганна Аблаб, Аляксандр Гашнікаў, Сяргей Дзюба, Ігар Мінц, Валянцін Церэневіч, Сяргей Шамецька, Аляксандр Капшуль. Усіх абвінавачваюць у здрадзе дзяржаве, а таксама па шэрагу іншых артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Палітвязням пагражае да 15 гадоў зняволення. Працэс разглядае суддзя Аляксандр Піскуноў.

Усе 10 палітвязняў не прызналі віну ў здрадзе дзяржаве. На працэсе даследавалі матэрыялы справы, дапыталі пацярпелых і сведкаў. Мусіў адбыцца допыт палітвязняў, але ўсе яны адмовіліся даваць паказанні. На судзе агучваюцца ранейшыя паказанні, якія палітвязні давалі падчас следства ў КДБ. Тады допыты фіксавалі на відэа – яны дэманструюцца ў зале суда.


ГУБАЗіК затрымаў стыліста Ігара Кароліка з-за відэа ў падтрымку Украіны — яго прымусілі прасіць прабачэння ў «братоў-славянаў».

«Пакаяльнае відэа» з ім з'явілася на старонцы Ігара ў TikTok. На ім хлопец просіць прабачэння за тое, што «падтрымліваў фашысцкую ідэалогію».


Гродзенца Руслана Красава асудзілі на тры гады калоніі за пост у сацсетках пра Лукашэнку.

У Гродзенскім раённым судзе асудзілі Руслана Красава паводле ч. 2 арт. 368 (Абраза Лукашэнкі) і ч. 2 арт. 367 (Паклёп у дачыненні Лукашэнкі) Крымінальнага кодэкса. Суддзя Дзмітры Грышын прызначыў мужчыну 3 гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыма.

Як заявіла следства, Руслан з лютага 2017 па лістапад 2020 размясціў на сваёй старонцы ў «Аднакласніках» публікацыі з абразлівымі і паклёпніцкімі выказваннямі ў адрас Лукашэнкі. Таксама ў публікацыях прысутнічалі абвінавачванні Лукашэнкі ў забойстве.


ГУБАЗіК пракаментаваў затрыманне адміністратара тэлеграм-канала «Спадчына» Уладзіслава Чаховіча: «Пад выглядам аглядаў архітэктуры прасоўваў пратэсна-дэструктыўны парадак дня».

Паводле сілавікоў, Уладзіслаў удзельнічаў у акцыях пратэсту, публікаваў рэпосты з «экстрэмісцкіх рэсурсаў», БЧБ-сімволіку, заклікі да парушэння закона і нібыта пакінуў больш за 3 тысячы экстрэмісцкіх паведамленняў у публічных чатах.

Гэта затрыманне нагадвае кейс палітвязня Мікіты Слепянка — адміністратара культурніцка-гістарычнага тэлеграм-канала Rezystans, які пасля затрымання хлопца прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем».


Судзяць маці і дачку, якія працавалі ў МТБанку, за перадачу даных у ЧКБ.

У Мінскім гарадскім судзе ўчора, 26 снежня, распачаўся працэс над палітзняволенымі супрацоўніцамі МТБанку Інай і Валерыяй Глінскімі. Справу разглядае суддзя Таццяна Фалькоўская.

Маці і дочку судзяць за перадачу ў 2020 годзе даных сілавікоў у «Чорную кнігу Беларусі» па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), ч. 3 арт. 203-1 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных), арт. 352 (неправамернае завалоданне камп'ютарнай інфармацыяй).

Па справе праходзяць пяцёра пацярпелых — супрацоўнікі міліцыі і суддзя. Адна з іх — супрацоўніца Партызанскага РУУС Мінска Ліліяна Жылянкова, якая асабіста з маці прыйшла на суд. Паведамляецца, што ў адной з прыватных медыцынскіх установаў, у якой раней абслугоўвалася Жылянкова, сказалі, што цяпер ёй у медыцынскіх паслугах адмаўляюць.


Прысуд журналістцы Ксеніі Луцкіной пакінулі без зменаў

Вярхоўны Суд 27 снежня разглядзеў апеляцыйную скаргу палітзняволенай Ксеніі Луцкіной. Прысуд пакінулі без зменаў, а скаргу без задавальнення. Хутка Ксенію перавядуць у калонію.

Нагадаем, былую журналістку Белтэлерадыёкампаніі асудзілі да 8 гадоў калоніі. У зняволенні ў яе пачаліся моцныя праблемы са здароўем — у яе расце пухліна ў галаўным мозгу. Вядома, што яна адмовілася пісаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі.


Юрыста Юрыя Зянковіча будуць судзіць па новай справе.

27 снежня ў судзе Мядзеля будзе разглядацца новая справа палітзняволенага Юрыя Зянковіча аб абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК). Працэс будзе весці суддзя Аляксандр Шутко.

Нагадаем, юрыста Зянковіча асудзілі 2 верасня па «справе змоўшчыкаў» да 11 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Суд над актывістамі беларускіх незалежных прафсаюзаў перанесены на нявызначаны тэрмін.

У Мінскім гарадскім судзе 27 снежня чакалася вынясенне прысуду актывістам беларускіх незалежных прафсаюзаў – палітвязням Генадзю Фядынічу, Васілю Берасневу, і Вацлаву Арэшку .

Аднак суддзя Алена Папкова нечакана паведаміла, што па наноў адкрытых абставінах суд над актывістамі пераносіцца і папрасіла ўсіх пакінуць судовую залу. Прычыны такога рашэння пакуль невядомыя.

Актывістаў беларускіх незалежных прафсаюзаў абвінавачваюць ў закліках да мер абмежавальнага характару, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (ч. 3 арт. 361 КК), распальванні іншай сацыяльнай варожасці (ч. 3 арт 130 КК), стварэнні экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзеле ў ім (ч.1 і ч. 3 арт. 361-1 КК).


Палітвязня Уладзіміра Гундара будуць судзіць за «абразу» пракуроркі па «справе Аўтуховіча»

Па інфармацыі праваабаронцаў, супраць фігуранта «справы Аўтуховіча» Уладзіміра Гундара распачалі крымінальную справу за абразу пракуроркі Людмілы Герасіменка паводле арт. 369 КК.

«Гэта адбылося, пэўна, тады, калі Уладзіміра прынеслі на працэс распранутым. Ён нешта крычаў, але неразборліва», — пракаментавала прысутная на тым судовым пасяджэнні жонка Гундара Алена Гундар.

Нагадаем, падчас суда Гундар абвясціў галадоўку, пратэстуючы супраць прымусовага распрананне перад працэсам. У выніку палітвязня судзілі ў адных майтках, прыкаваўшы за рукі да клеткі.

Паводле Алены, Гундар адмовіўся ад дачы якіх-небудзь паказанняў па новай справе. 17 кастрычніка Уладзіміра асудзілі да 18 гадоў калоніі.

Лідскаму урачу-тэрапеўту Андрэю Красніку прысудзілі тры з паловай гады калоніі па шэрагу пратэсных артыкулаў.

Папярэдне было вядома, што 55-гадовага тэрапеўта прыёмнага пакою Лідскай гарадской бальніцы затрымалі за каментары і лайкі, якія ён пакідаў у сацыяльных сетках яшчэ ў 2020 годзе. Аднак пазней яму выставілі абвінавачанне па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса. Справу разглядаў суддзя Аляксандр Мішуроў.

Па матэрыялах абвінавачання, мужчына размясціў публікацыі з абразлівымі выказваннямі і пагрозай прымянення гвалту ў дачыненні да Лукашэнкі, а таксама прынізіў паўнамоцтвы прадстаўніка улады – ваеннага камісара Гомельскай вобласці.

Палітвязня Антона Сташэўскага змяшчалі ў карцар на 10 сутак

Антон Сташэўскі — валанцёр фонда «Стр*на для жизни». Па інфармацыі праваабаронцаў, адміністрацыя магілёўскай турмы змясціла палітвязня 17 снежня ў карцар на 10 сутак. Сёння ён выйшаў адтуль. Прычыны спагнання невядомыя.

Валанцёрыць Антон стаў задоўга да выбараў 2020 года, быў ратавальнікам ПРА «Анёл», часта браў удзел у мерапрыемствах па пошуку зніклых людзей. Антона судзілі паводле ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам). Суддзя Дзіна Кучук прызначыла Сташэўскаму 8 гадоў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму.


Трох светлагорскіх «партызанаў» за дыверсію на чацвёрты дзень вайны

У Гомельскім абласным судзе агучылі прысуд па крымінальнай справе супраць палітзняволеных светлагорскіх «партызанаў». Дзмітрыя Равіча асудзілі да 22 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, Дзяніса Дзікуна — да 23 гадоў, Алега Малчанава — да 21 года.


Супраць коміка Андрэя Скарахода пачалі праверку — яму інкрымінуюць «распальванне варожасці». ГУБАЗіК намякае яму на экстрадыцыю з РФ у Беларусь.

Пра гэта паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы.

Нібыта Андрэй пакінуў абразлівы каментар пра «жанчыну-патрыётку, якая прыйшла падтрымаць сілавікоў у цяжкія часы».


Сілавікі затрымалі супрацоўніка МТЗ Яўгена Фіцава.

25-гадоваму хлопцу інкрымінуюць ч.1 арт. 342 КК — за ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту.

Папярэдне, акрамя Яўгена на МТЗ таксама затрымалі яшчэ некалькі чалавек.