Як размаўляць з дзецьмі, калі бацькоў затрымалі. Парады псіхолага

У сённяшні няпросты час шмат сямей сутыкаецца з тым, што кагосьці з бацькоў затрымліваюць. Для дзяцей гэта дастаткова траўматычная сітуацыя.

img_2433_logo_2.jpg

Як сябе паводзіць, што казаць і як дапамагчы дзеткам, распавядае budzma.me псіхолаг, канфліктолаг Наталля Данілава.

«Такія абставіны новыя, і сур’ёзных даследаванняў пакуль не існуе. Канешне, калі-небудзь псіхолагі прааналізуюць назапашаны эмпірычны матэрыял, прапішуць алгарытмы, рэкамендацыі і г.д. А пакуль парады абапіраюцца на ўласны вопыт, адчуванне і здаровы сэнс», — кажа Наталя Данілава.

Ці варта папярэджваць дзяцей, што маму ці тату могуць пасадзіць за краты

Калі затрымалі кагосьці з бацькоў на суткі, варта казаць праўду ці можна штосьці накшталат «Тата ў камандзіроўцы», «Мама з’ехала па працы»?

Да палутарагадавалага ўзросту дзіцё можа і ўвогуле не заўважыць зменаў у сваім атачэнні. Асабліва, калі адсутнічае бацька, а маці дае дастаткова клопату і любові. Але немаўля, хаця і не разумее таго, што адбываецца, будзе рэагаваць на настрой і асабліва на стан маці. Калі маці нервуецца, плача, то і дзіцё можа непакоіцца, капрызіць і нават можа захварэць.

У дашкольным і малодшым школьным узросце ў дзетак найбольшая эмацыйная прывязанасць да бацькоў. У гэтым узросце дзіцё яшчэ не ўстане цалкам усвядоміць, што адбываецца ў свеце дарослых. Калі паспрабаваць патлумачыць сітуацыю, дзіцё мала што зразумее, але будзе моцна трывожыцца і хвалявацца. Бо, хутчэй за ўсё, з размовы ён зробіць выснову, што тату (маме) пагражае небяспека, а дапамагчы яму (ёй) немагчыма.

У такой сітуацыі можа ўзнікнуць альбо абвастрыцца страх згубіць і таго, хто застаўся. Гэта можа прывесці да псіхасаматычных захворванняў, расстройстваў і іншых праблем.

Лепш па магчымасці дашкалятам і малодшым школьнікам не распавядаць пра сітуацыю «ў дэталях». Так, можна сказаць, што тата (мама) з’ехаў (ла) па справах і вернецца прыкладна ў такі дзень. Але справы могуць вымусіць яго (яе) і затрымацца.

Але такую версію можна агучыць толькі, калі вы ўпэўнены, што дзіцё не атрымае інфармацыю пра адсутнасць бацькі/мамы з іншых крыніц: ад сваіх аднакласнікаў, з інтэрнэту, тэлебачання, ад іншых дарослых. Калі ёсць такая небяспека, лепш сказаць праўду. Пры гэтым патлумачыць, што тата (мама) ні ў чым не вінаваты. Што гэта памылка, якая ўрэшце рэшт вырашыцца.

У падлеткаў, зразумела, варыянт з «камандзіроўкай» не пройдзе. Ім трэба казаць усё наўпрост, каб яны не вышуквалі інфармацыю па альтэрнатыўных крыніцах.

Тут галоўнае — не драматызаваць сітуацыю. Варта паказаць, што гэта цяжкасці часовыя. Што гэта не назаўжды. Проста такое выпрабаванне, праз якое патрэбна прайсці. Варта рабіць акцэнт на тым, што тата (мама) за кратамі не самотны (ая). Побач з імі аднадумцы, людзі, якія разумеюць яго (яе) і пры неабходнасці падтрымаюць.

7bcjsldhxz8ykv9qonxlb6ii4ky1aune.png


Як адказваць на пытанні «Чаму?», «Што тата/мама зрабілі дрэннага?», «Хто вырашыў іх пакараць?», «За што?» і д.п.

У нас ва ўсіх існуюць так званыя базавыя ілюзіі. Адна з іх — ілюзія пра справядлівае ўладкаванне свету. Пра тое, што з «добрым» чалавекам не можа адбыцца нічога дрэннага. З уростам мы паступова пазбаўляемся такіх ілюзій. Дзеткі, чые бацькі праходзяць зараз праз СІЗА, краты, з такімі ілюзіямі развітваюцца раней. І, на жаль, гэта вельмі балючы і траўматычны працэс.

На пытанне «чаму?» варта адказваць у залежнасці ад узросту і таго, на колькі дзіцё «ў тэме». Падлеткі, як правіла, ужо маюць свае погляды і разумеюць, што адбываецца. Малодшым трэба казаць, што мама (тата) ні ў чым не вінаватыя. Проста нам прыпала жыць у такія складаныя і заблытаныя часы, калі могуць адбывацца вось такія памылкі.

Можна падрабязней расказаць дзецям пра погляды і перакананні бацькоў, патлумачыць, што іх пазіцыя не супадае з пазіцыяй кіраўніцтва дзяржавы. Але зноў-такі не варта драматызаваць. Рабіце акцэнт на тое, што большасць сучасных людзей разумеюць сітуацыю, успрымаюць яе так жа, як і бацькі. Складана сказаць, калі ўсё высветліцца і прыйдзе да ладу. Але гэта адбудзецца абавязкова. І наша жыццё зноў стане спакойным, вернецца да «нормы».

Як вызначыць, што сітуацыя траўмавала дзіця вельмі моцна і яму патрэбна дапамога прафесійнага псіхолага?

Сітуацыя аддзялення ад аднаго з бацькоў (ці абодвух), безумоўна, можа стаць крыніцай сапраўднай псіхалагічнай траўмы для дзіцяці любога ўзросту. Такія траўмы могуць праяўляцца па-рознаму: і на фізіялагічным узроўні, і на псіхалагічным.

Да фізіялагічных праяў адносяцца: бессань, начныя жахі, тахікардыя, праблемы збоку вантробаў, пастаянная стомленнасць, парушэнні ўвагі, памяці, зацісканні ў цягліцах. Часам нават могуць з’явіцца хранічныя захворванні без дай прычыны.

Праявы збоку псіхікі могуць быць такія: раптоўныя перамены настрою, страхі, трывожнасць, апатыя, прыгнечанасць, пачуццё сораму, віны. Могуць з’явіцца розныя фобіі: боязь незнаёмых людзей, рэзкіх гукаў (асабліва, калі затрыманне адбывалася на вачах у дзіцяці). Боязь замкнёнай ці, наадварот, адкрытай прасторы. Боязь цемры, адзіноты.

Калі вы заўважылі падобныя сімптомы, неабходна звяртацца да спецыяліста — псіхолага, псіхатэрапеўта, неўролага.


Дзе шукаць такую дапамогу?

У першую чаргу звярніцеся да псіхолага. Можна пагутарыць са школьным спецыялістам (калі вы яму давяраеце) альбо звярнуцца ў цэнтры дапамогі, да крызісных псіхолагаў (лепш па рэкамендацыях знаёмых).

Яшчэ важная крыніца дапамогі — сацыяльныя кантакты. Камунікуйце з тымі, хто прытрымліваецца сходных з вашымі поглядаў. У такіх сем’ях таксама ёсць дзеці, з якімі вашы дзеці могуць камунікаваць без трывогі, што іх не зразумеюць, асудзяць. Гора пражываецца лягчэй, калі не губляць кантакт з атачэннем, падтрымліваць цёплыя стасункі з вялікім колам людзей, асабліва — з самымі блізкімі. Тады звычайна людзі адчуваюць сябе шчаслівымі, не гледзячы на цяжкасці жыцця.

Таму адна з самых важных задач — навучыць дзяцей камунікаваць, усталёўваць добрыя стасункі з іншымі.


Што яшчэ можна зрабіць, каб падтрымаць дзяцей?

Калі вы ведаеце, што доўга не пабачыце свайго блізкага чалавека, варта навучыць дзетак мадэліраваць віртуальныя сцэнарыі падзей. Толькі іх трэба адаптоўваць пад узрост і узровень развіцця.

Напрыклад, для малодшых школьнікаў можна разглядаць такія сцэнарыі: «Што будзе, калі тата (мама) надоўга з’едзе? Як зменіцца наша жыццё? Па выходных мы будзем працягваць хадзіць у парк удваіх ці паклічам сяброў? А, можа, прыдумаем нешта іншае, а ў парк пойдзем, калі тата (мама) вернецца?».

Можна прапрацаваць такія сцэнарыі: «Што б ты хацеў (-ла) навучыцца рабіць да вяртання таты (мамы)? Чым мы зможам парадаваць ці здзівіць тату (маму), калі ён (яна) вернецца?». Альбо "Ты можаш парадаваць тату (маму) зараз: яму (ёй) будзе прыемна ведаць, што ў яго (яе) адсутнасць ты вучыш новую замежную мову (гуляеш у шахматы, займаешся спортам і г. д.).

Прыгнечаная атмасфера, драматызацыя падзей, падкрэсліванне сур’ёзнасці сітуацыі могуць нанесці дзецям моцную псіхалагічную траўму. Варта рабіць усё магчымае, каб у іх працягвалася паўнавартаснае, здаровае і цікавае жыццё.


Карысныя парады

Падсумоўваючы сказанае, можна вылучыць такія парады, як паводзіць сябе з дзецьмі, у якіх затрымалі аднаго з бацькоў:

1. Пастаянна даносіць думку, што гэта часова. Не назаўжды. Тата (мама) абавязкова вернецца.

2. Размаўляць пра праблему, калі дзіцё хоча абмеркаваць яе, не адмахвацца.

3. Размаўляць і пра свае перажыванні. Але не драматызаваць іх. Проста паказваць, што хвалявацца, сумаваць, злавацца у такіх абставінах — гэта нармальна.

4. Спакойна ставіцца да праяваў суму, пачуцця разгубленасці. Не трэба намагацца бясконца весяліць дзіцёнка.

5. Па магчымасці, ахоўваць дзіцё ад негатыву, сварак.

6. Часова знізіць патрабаванні (хатнія абавязкі, паспяховасць у вучобе).

7. Калі магчыма, паклапаціцца пра сувязь з затрыманым: пісаць лісты, дасылаць малюнкі.

8. Намагацца максімальна захаваць сямейныя традыцыі і рытуалы. Напрыклад, калі тата чытаў дзіцяці казкі перад сном, а зараз таты няма, то казку можа пачытаць мама.

І, канешне, варта памятаць, што эмацыйна дзеці вельмі моцна залежаць ад бацькоў. Таму важна клапаціцца і пра свой душэўны стан і здароўе.

Гутарыла Вікторыя Лебедзева, budzma.org


[1] Заўвага аўтара. Ёсць звесткі, што псіхолагаў абавязалі дакладваць у органы, калі да іх звяртаюцца людзі з праблемамі па «народных артыкулах». Наколькі гэта тычыцца дзяцей — высветліць не ўдалося.