Трох светлагорскіх «партызанаў» асудзілі на сталінскія тэрміны зняволення
Ад 21 да 23 гадоў калоніі — на такія тэрміны асудзілі трох светлагорскіх «партызанаў» за дыверсію на чацвёрты дзень вайны — яны падпалілі рэйкавую шафу.
У Гомельскім абласным судзе сёння, 27 снежня, агучылі прысуд па крымінальнай справе супраць палітзняволеных светлагорскіх «партызанаў».
Дзмітрыя Равіча асудзілі да 22 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, Дзяніса Дзікуна — да 23 гадоў, Алега Малчанава — да 21 года, паведамляюць праваабаронцы. Таксама палітвязняў аштрафавалі на 150 базавых велічыняў кожнага (4800 рублёў), а ўсе каштоўныя рэчы, вынятыя падчас ператрусаў у іх дома, канфіскавалі.
«Партызанаў» абвінавацілі ў падпале рэлейнай шафы сігналізацыі, цэнтралізацыі і блакавання (СЦБ) на чыгуначнай станцыі «Жэрдзь-Астанкавічы» 28 лютага — на чацвёрты дзень паўнамаштабнай вайны ва Украіне.
Таксама іх асудзілі за «здраду дзяржаве» і рэгістрацыю ў плане «П*рамога» і сувязь з BYP*L. Працэс тры месяцы праходзіў у закрытым рэжыме, таму пазіцыя палітвязняў па справе невядомая. Прысуд вынес суддзя Анатоль Сотнікаў.
Дзмітрыя Равіча, Дзяніса Дзікуна і Алега Малчанава абвінавацілі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса за:
- уваходжанне ў склад экстрэмісцкага фарміравання ў мэтах здзяйснення злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці — BYP*L і план «П*рамога» (ч. 3 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь);
- здзяйсненне падпалу агульнанебяспечным спосабам, якое пацягнула наступ цяжкіх наступстваў, у мэтах аказання ўздзеяння на прыняцце рашэнняў органамі ўлады, застрашвання насельніцтва і дэстабілізацыі грамадскага парадку ў складзе арганізаванай групы (ч. 3 арт. 289 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь);
- наўмысныя пашкоджанне, прывядзенне ў непрыдатны для эксплуатацыі стан сродкаў чыгуначнага транспарту, сродкаў сігналізацыі і сувязі, якія пацягнулі прычыненне шкоды ў асабліва буйным памеры, учыненыя ў мэтах акта тэрарызму (ч. 2 і ч. 4 арт. 309 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь);
- наўмыснае іншае аказанне дапамогі замежнай арганізацыі і іх прадстаўнікам у правядзенні дзейнасці, накіраванай на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (ч.1 арт. 356 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь).
Згодна з матэрыяламі справы, жыхары Светлагорску, «атрымаўшы заданне ад прадстаўнікоў BYP*L і план «П*рамога», 28 лютага 2022 года, каля 23.00, прыбылі да чыгуначнага пераезду ў Светлагорскім раёне на чыгуначнай станцыі «Жэрдзь-Астанкавічы» і здзейснілі акт тэрарызму на чыгунцы — знішчылі транспартнае абсталяванне (батарэйна-рэлейная шафа), якое забяспечвае бяспеку руху і эксплуатацыі чыгуначнага транспарту і бяспечныя ўмовы праезду транспартных сродкаў». Перагон знаходзіцца на лініі Жлобін-Калінкавічы, якая затым працягваецца на Оўруч (Жытомірская вобласць Украіны).
«Матыў — аказаць уздзеянне на прыняцце рашэнняў дзяржаўнымі органамі, запалохаць насельніцтва і дэстабілізаваць грамадскі парадак», — гаворыцца ў абвінавачванні.
Акрамя таго, пасля падпалу рэлейнай шафы абвінавачаныя паведамілі пра зробленае прадстаўнікам BYP*L і плана «П*рамога», якія распаўсюдзілі яе ў інтэрнэце. Тым самым яны здзейснілі злачынствы супраць дзяржавы, грамадскай бяспекі і бяспекі руху і эксплуатацыі транспарту, аказалі дапамогу замежнай арганізацыі BYP*L і яе прадстаўнікам у стварэнні крыніц пагроз нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь.
У выніку «Беларускай чыгунцы» нанесены ўрон у памеры больш за 54 тысяч рублёў, які быў часткова (7,5 тыс. рублёў) кампенсаваны ў ходзе папярэдняга расследавання крымінальнай справы.
Жыхароў Светлагорска затрымалі 4 сакавіка і змясцілі пад варту. Яшчэ да суда іх унеслі ў «Спіс тэрарыстаў».
Палітвязняў можна падтрымаць лістамі і паштоўкамі: СІЗА-3, 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А (Дзяніс Сяргеевіч Дзікун, Дзмітрый Алегавіч Равіч, Алег Анатольевіч Малчанаў)