Як патлумачыць дзецям тое, што адбываецца ў краіне? Найперш казаць праўду

Радыё Свабода запыталіся ў актыўных бацькоў, як іх дзеці прызвычайваюцца да новай рэальнасці. А таксама даведаліся ў клінічнага псіхолага і экзістэнцыяльнага тэрапеўта Ганны Бобрыкавай, як правільна размаўляць з дзецьмі пра тое, што адбываецца.

marsz_it_4__3__1_logo.jpg

«Добрыя людзі хочуць, каб краінай кіраваў нехта іншы — добры»»

З мастачкай Воляй Кузьміч і яе мужам Юрам Сідуном выходзіць на акцыі чатырохгадовы сын Леў. Яны ставяцца да дзіцяці як да самастойнай асобы, і таму ўсе важныя рэчы, планы і заняткі абмяркоўваюць, супольна прымаюць рашэнне. Бацькі перакананыя, што дзеці ў кожным разе адчуваюць усё і ўхопліваюць настрой дарослых. Таму стараюцца сыну ўсё тлумачыць з разуменнем, што іх рэакцыя, паводзіны і словы паўплываюць на дзіця не толькі тут і цяпер, а і будуць падмуркам для ягонага фармавання.

«Усе гэтыя тыдні мы таксама перажываем разам. На выбарчы ўчастак хадзілі ўсёй сям’ёй. Леў разумее і кажа сваім сябрам, што добрыя людзі збіраюцца на мітынгі і акцыі, каб паказаць, як нас, добрых людзей, шмат. Каб той галоўны злодзей, які падмануў людзей, пабачыў, як шмат добрых смелых людзей у Беларусі. Бо добрыя людзі хочуць, каб краінай кіраваў нехта іншы — добры», — кажа Воля Кузьміч.

Раней, прызнаецца Воля, яны маглі спакойна гуляць у двары і калі цямнее. Цяпер жа пры першых прыцемках сыходзяць дадому, каб сын не стаў сведкам, калі постаці ў чорным б’юць людзей на вуліцы.

«Аднойчы мы сустрэлі людзей, якія вярталіся ў аўтобусы з праўладнага мітынгу. Мы акурат спыніліся на святлафоры, а яны з чырвона-зялёнымі сцягамі праходзілі па ходніку побач. Тады сын запытаўся, чаму яны ідуць з чужым сцягам. Сын праз вакно памахаў ім маленькім бел-чырвона-белым сцяжком. Яны моўчкі хавалі вочы. Толькі адзін мужчына сказаў: „А ў мяне сцяг большы!“ — „А ў нас сэрца большае!“ — такі быў адказ».

«Нядаўна Леў пабачыў, што ў людзей каля аўтазакаў ёсць зброя. На наступны мітынг сын захацеў узяць з сабой свае драўляныя рыцарскі меч і шчыт, каб абараняць нас. Але мы патлумачылі, што нам не трэба зброя і што нас большасць — важна проста паказаць гэта, праз сцяжкі, стужкі і добрыя ўчынкі. Для сына сцяг — бел-чырвона-белы, пад яго колерамі рыцары раней абаранялі нашу краіну. А чырвона-зялёны — сцяг часовы, не кепскі, але і не сцяг рыцараў і нашых продкаў. Вядома, цяпер, калі на аўтазаках у горадзе вісяць чырвона-зялёныя, то для дзіцяці гэта сцяг злодзея».

Цяпер сыну цяжка зразумець, што паліцыя — гэта зусім не абавязкова добрыя людзі, як ён прывык бачыць у мульціках і ў гульнях з машынкамі, кажа Воля. Цяпер паліцыянты ёсць добрыя і кепскія. У малюнках дзіцяці таксама прысутнічае гэтая тэма. Але зараз вельмі падтрымлівае настрой рэакцыя людзей навокал.

«Учора ехалі дадому, спыніліся на святлафоры: мы на машыне, побач тралейбус. Сыну ўсміхнулася дзяўчына з тралейбуса, ён у адказ паказаў ёй пальцамі „перамогу“, яму ў адказ траціна тралейбуса памахала рукой, тады ён дастаў і паказаў ім бел-чырвона-белы сцяжок, у адказ ужо ўвесь тралейбус усміхаўся і вітаў маленькага радаснага хлопчыка».

«Яшчэ маем цяпер натхняльную гульню: лічыць добрых людзей па вокнах. Едучы з садка, мы глядзім у дамы вакол і лічым, хто колькі сцяжкоў бел-чырвона-белых там убачыў. Плакаты на нядзельныя мітынгі таксама малюем разам, абмяркоўваючы, што там напішам і чаму. „Дабро пераможа!“ — наш любімы».

«Яна раней пазнала, дзе праўда, а дзе падман»

Дачка спевака Пятра Клюева Вераніка-Ганна нарадзілася ў 2012-м. У свае 8 гадоў яна сама вельмі цікавіцца сітуацыяй у краіне і стараецца яе асэнсаваць. А тата апавядае і тлумачыць.

«Яна ў мяне смелая дзяўчынка. Яна раней пазнала, дзе праўда, а дзе падман, а гэта важны момант у жыцьці чалавека. Я браў яе з сабою на акцыі, бо хацеў паказаць, што туды ходзяць дарослыя людзі з дзецьмі, а не толькі там супер-моладзь, гіпстэры і г .д. Там людзі, якія маюць дзяцей і працягваюць род краіны, якія плоцяць падаткі і з’яўляюцца адказнымі грамадзянамі . Гэта важна, бо важна паказваць прыклад», — кажа Пятро.

У Пятра яшчэ ёсць маленькі сын Адам-Бэнэдыкт, яму 4 месяцы. З ім у вазочку, з дачушкай і са сцягам разам ён хадзіў на акцыі і так паказваў прыклад грамадзянскай актыўнасці.

«Уражанні дачушкі моцныя былі — колькі файных людзей цукеркамі частуюць на вуліцы. Бо вельмі ў нас такое салідарнае грамадзтва на пратэстах. Асабліва важна, што ўсе адно аднаму падаюць ваду, усе вельмі ветлівыя. Салідарнасць, адкрытасць духу і людзі вельмі добрыя».

Пятро кажа, што дачка задавала шмат пытанняў у ноч пасля выбараў.

«Калі клаў яе спаць, яна ў мяне пытала: „Што адбываецца на вуліцы?“ Бо чуваць былі крыкі, нейкі ляскат... Гэта пужала. Я разумеў, што на вуліцы — бойня, арышты. І я таксама выходзіў, быў, пляскаў у далоні, нічога дрэннага не рабіў, вяртаўся і клаў спаць сваю дачульку, тлумачыў ёй, што адбываецца».

Спявак прызнаецца, што яго сям’я вельмі моцна заклапочаная драматычнымі падзеямі.

«Бо мы за праўду, за любоў, за сапраўдныя эўрапейскія каштоўнасці салідарнасці, вольнасці, калі годны чалавек мае права выказваць свае думкі і быць сабою. Наша сям’я, вядома, перажывае вялікі стрэс ад таго, што адбываецца, але я ўпэўнены, што ўсё будзе добра. І праўда за намі, таму мы пераможам».

«Сэнс размоваў — дапамагчы дзіцяці»

Дзеці вельмі чуйныя і да інфармацыйнага поля (абрыўкі вашых размоваў, узрушаныя фразы, гукі ролікаў, якія вы гледзіце), і да вашага настрою, і да эмацыйнага стану, кажа псіхолаг Ганна Бобрыкава. Калі вы ніяк не размаўляеце з дзіцём пра падзеі ў краіне, яно рызыкуе заставацца ў разгубленасці і трывозе.

«Перадусім трэба памятаць, што сэнс такіх размоваў — дапамагчы дзіцяці зразумець сітуацыю і здабыць падмурак, а не адпрацаваць уласныя перажыванні. Інфармацыю варта падаваць порцыямі, уважліва назіраючы эмацыйную рэакцыю на яе. Варта пачаць з тых момантаў, якія, на ваш погляд, дзіця дакладна заўважае, на якіх факусуецца. Адно дзіця хутчэй зверне ўвагу на дзіўныя калоны машынак на вуліцы, другое — на натоўпы людзей са сцягамі, трэцяе — на мамчын сумны ці ўстрывожаны твар».

І аб’ём інфармацыі, і яе падача залежаць і ад узросту дзіцяці, і ад яго асаблівасцяў, і ад таго, наколькі яно ўключана ў падзеі, заўважае псіхолаг. Калі яно выходзіць з вамі на нядзельныя маршы, яму спатрэбіцца больш тлумачэнняў і, магчыма, іншага кшталту, чым калі яно бачыць пераважна вашу рэакцыю на навіны.

«Што казаць? Праўду. Тое, як вы самі бачыце сітуацыю. А форма, у якой праўда будзе пададзеная, залежыць, вядома, ад узросту і ўзроўню рэфлексіі. Каб не «нагрузіць» дзіця празмерна, варта абапірацца на яго пытанні і рэакцыі. Калі яно задае пытанні — трэба абавязкова адказваць, тлумачыць. Для малога дастаткова будзе нейкіх простых фразаў накшталт: «Нас паспрабавалі падмануць, і цяпер людзі выходзяць, каб паказаць, што гэта не ўдалося».

Што рабіць, калі дзіця пабачыла на вуліцы затрыманне ці само трапіла «пад раздачу»?

«Вядома, не хацелася б, каб падобнае адбывалася. І важна даць зразумець дзіцяці, што тое, што яно бачыла, — ненармальна. Менавіта, каб падобнае не паўтаралася ніколі, шмат-шмат людзей цяпер змагаюцца з гэтым, выходзяць на вуліцу, аб’ядноўваюцца, падтрымліваюць адно аднаго. Але гэтыя словы — потым. Перадусім, вядома, важна адвесці дзіця ў бяспечнае месца, супакоіць, даць перажыць любыя эмоцыі, абдымаць, паўтараць, што вы побач і гатовыя яго абараніць».

Калі дзіця пацярпела фізічна або было зусім блізка да сітуацыі жорсткага гвалту, Ганна рэкамэндуе звярнуцца да дзіцячага псіхолага, бо кожны выпадак індывідуальны.

«Агульныя парады могуць тычыцца толькі аднаўлення базавага пачуцьця бяспекі: даваць дзіцяці гэтулькі тактыльнага кантакту, колькі трэба, дазваляць яму спаць з вамі, калі яно просіць, прагаворваць сітуацыю столькі разоў, колькі трэба: што вы рабілі, што адбылося потым, чаму такія рэчы адбываюцца і што з гэтым можна рабіць, што цяпер усё ў парадку. Таксама з дзеткамі можна не толькі размаўляць, але і маляваць, ляпіць — гэта свайго кшталту арт-тэрапія атрыманай траўмы».

Што казаць дзіцяці, калі затрымалі кагосці з бацькоў?

«Я думаю, праўду (у адаптаванай пад канкрэтны выпадак форме) важна казаць заўсёды, бо наша сувязь з дзецьмі трымаецца на даверы і рызыкаваць ім не варта. „Тата зехаў у службовую выправу“? А чаму тады маму не пазнаць? Чаму яна вядзе дзіўныя размовы праз тэлефон? Што такое СІЗА і РАУС? А калі ён вернецца? Што наагул адбываецца? Калі дзіця не мае зразумелага яму адказу на гэтае пытанне, трывога расце. Як растлумачыць дзіцяці, што ў нас саміх не ўкладаецца ў галаве, выклікае адначасова бяссільны гнеў і ліпкі страх? Як адказаць на пытанні, адказы на большасць якіх мы самыя не ведаем? Падабраць патрэбныя словы няпроста, але гаварыць з дзіцём трэба абавязкова».

Знікненне значнага для дзіцяці дарослага — сур’ёзны стрэс, перажыванне якога можна змякчыць надзейнай сувяззю з тым, хто застаўся з дзіцём, тлумачыць псіхолаг.

«Мы часта баімся, што скажам нешта не тое, лішняе, што, замоўчваючы нейкія рэчы, мы аберагаем дзіцячую псіхіку. Але дзеці так ці інакш ловяць інфармацыю, што называецца, „з паветра“, а мы можам толькі паўплываць на тое, як яны будуць яе перапрацоўваць і інтэрпрэтаваць — засцерагчы ад яе немагчыма ў прынцыпе. Гаварыць з дзіцём не значыць апускаць яго ў свет нашай трывогі. Гэта ў першую чаргу быць у кантакце, не даючы страшным фантазіям запаўняць сабой пустэчу, пазначаную нашым маўчаннем».

Ганна падкрэслівае, што мы не можам аберагчы дзяцей ад перажыванняў і выпрабаванняў, але можам — у тым ліку сваім прыкладам — дапамагчы ім пражыць цяжкія дні, навучыць не адчайвацца.

«Мы пачуваемся „маленькімі“ перад абліччам бязлітаснай сістэмы»

Трагізм нашай сённяшняй рэальнасці ў тым, што базавае пачуццё бяспекі падарванае і ў бацькоў. Дарослая ўпэўненасць, што баяцца няма чаго, якая дапамагае супрацьстаяць «монстрам пад ложкам», у цяперашніх абставінах проста знікае, тлумачыць Ганна. Так і ў дзяцей можа ўзнікнуць страх хадзіць у школу ці садок, а мо нават і проста выходзіць на вуліцу.

«Перш за ўсё варта разабрацца, чаго менавіта баіцца дзіця. Не заўсёды адказы відавочныя. Пэўныя дзеці будуць баяцца, што нешта можа адбыцца з вамі, пакуль яны ў садочку або ў школе. Каб неяк „працаваць“ з канкрэтным дзіцячым страхам, важна зразумець, у якой сітуацыі, у які момант гэты страх з’явіўся, і адтуль ужо „размотваць клубок“».

Псіхолаг папярэджвае, што схаваць свае пачуцці ад дзяцей не ўдасца, а спроба можа прывесці да адваротнага эфэкту. Пры гэтым дзяліцца эмацыйнымі перажываннямі варта з тымі блізкімі, хто можа іх вытрымаць. Размаўляючы з дзіцём, можна рабіць адначасова і вялікую працу для саміх сябе: супакойваць, суцяшаць і ўсяляць надзею ў нашу ўласную «дзіцячую частку». Вельмі важна правільна патлумачыць дзіцяці, чаму і дарослыя пачуваюцца прыгнечанымі і ўстрывожанымі.

«Праўда ў тым, што бяссілле і апатыя звязаныя з адчуваннем уласнай бездапаможнасці. У такія моманты мы пачуваемся „маленькімі“ перад тварам бязлітаснай сістэмы, але для дзіцяці бездапаможныя бацькі — цяжкае выпрабаванне. Калі згадаць усім вядомы беларускі графік „рэжыму канец — нас усіх расстраляюць“, з дзецьмі лепш размаўляць з пункту ўпэўненасці».

«Я б прапанавала казаць пра стомленасць („ты ж ведаеш, што варта адпачыць — і сілы вяртаюцца“), пра смутак („мне сумна бачыць, калі адбываецца несправядлівасць“), але адначасова трансляваць веру ў дабро і свае сілы, свае магчымасці», — раіць псіхолаг.

Як дапамагчы дзеткам перажыць усе гэтыя падзеі?

«Быць побач, не выпадаць надоўга з эмацыйнага кантакту, тлумачыць ім (а заадно і сабе) тое, што адбываецца, шукаць свае ўласныя апоры. Сярод лозунгаў, якія я бачыла на маршах, быў і такі: „Ведаю дакладна я, што вы ўсе — мая сям’я“. Як дарослыя, мы не можам не бачыць таго, што адбываецца, у тым ліку як гуманітарную катастрофу, — кажа псіхолаг. — Як бацькі студэнтаў, школьнікаў мы бачым, як пытанні маралі выходзяць на пярэдні план, выціскаючы звычайныя клопаты пачатку навучальнага году. Але гэта — цёмны бок падзеяў. А ёсць і светлы, выяўлены ў згаданым лозунгу, у адчуванні адзінства, у велізарнай колькасьці новаўтвораных гарызантальных сувязяў. На гэты светлы бок і варта запрашаць дзяцей».