Беларусь, якая чакае. Заходнія сэрцы краіны (ФОТА)
Мы вырашылі зноў папрацаваць над памылкамі мінулых вандровак па вашых падказках і збочыць з ужо адпрацаванага маршрута, каб пабудаваць новы. Такія вандроўкі нам вельмі падабаюцца, бо гэта добры шанец адшукаць і адкрыць для сябе штосьці цікавае ля ўжо знаёмых мясцінаў. Зранку бяром курс на захад і паехалі!

Больш за гадзіну ад пачатку нашага падарожжа халодны чэрвеньскі дождж з рознай інтэнсіўнасцю шчодра гваздае па машыне, і мы пачынаем сумнявацца ў дакладнасці прагнозу надвор’я. Кіроўца амаль сур’ёзна прапануе гумавыя боты і дажджавік, якія ёсць у багажніку, і шкадуе, што не пазычыў у суседа надзіманую лодку. Нічога не адказваем, але гучна думаем. І хтосьці наверсе гэтыя думкі пачуў і праявіў сваю літасць у выглядзе спачатку спынення дажджу, а праз некалькі хвілінаў — сонца і кавалкаў блакітнага небасхілу. На гэтым цуды не скончыліся! Праязджаючы праз Ліпнішкі каля касцёлу Святога Казіміра, заўважаем, што ён адчынены. Хутка разварочваемся — троху менш за год таму нам не пашчасціла трапіць унутр і мы паабяцалі гэта выправіць. Чакаем заканчэння імшы і пераўтвараем парог у тварог.
Выдатны пачатак вандроўкі ў дадатак да выпраўляючагася надвор’я! Вось мы неўзабаве і даехалі да першага пункта. Нягледзячы на адну акалічнасць, аб якой мы распавядзем крыху пазней, вёска Дворышча з’яўляецца дастаткова вядомай і папулярнай кропкай на турыстычнай мапе Беларусі дзякуючы рэшткам сядзібы, уладальнікамі якой, акрамя добрага дзясятку іншых, былі вядомыя Пуслоўскія і Вольскія. Менавіта падчас іх улады Дворышча зазнала лепшыя часы — былі пабудаваны і працавалі вінакурня і бровар, крухмальны завод, меліся стайні і аўчарня, шмат іншых гаспадарчых пабудоваў. Канешне, быў і сядзібны дом — драўляны чатырохпавярховы з дзвюма цаглянымі вежамі з бакоў. Падчас Першай Сусветнай вайны дом згарэў і ацалела толькі адна вежа, якую мы можам сёння бачыць, як і рэшткі бровару, крухмальнага заводу і чагосьці яшчэ.
Лепш за ўсіх адчувае сябе будынак былога вадзянога млыну — яго выкупілі, адрамантавалі, і зараз тут месціцца кафэ-рэстарацыя і невялікі музей з рознымі цікавосткамі. Зайсці туды ў нас не атрымалася, бо працуе ён толькі з чацвярга па нядзелю, майце на ўвазе. Побач з будынкам месціцца невялічкі парк для аматараў сэлфі і самотнага адпачынку, сажалка з лебедзямі і качкамі. Такіх аб’ектаў на Беларусі сапраўды можна палічыць па пальцах адной рукі! І вось тут прыгадаем тую самую акалічнасць — аніводны сядзібны будынак не мае статусу «гісторыка-культурнай каштоўнасці». Гэта значыць, што пытанні па рамонту і рэстаўрацыі вырашаюцца значна прасцей і хутчэй, што і даказвае новы стан старога млына. Як так? Ну вось неяк так...
А, яшчэ! Будзеце ў Дворышчы — заедзьце на мясцовыя могілкі до новай капліцы Маці Божай Ружанцовай. Цікавае месца.
Спяшаемся далей — на спатканне з чарговай цікавосткай. Драўляны касцёл Адшукання Святога Крыжа ў Жырмунах даўно ўжо чакае нашага візіту. Калі не ведаць дзе дакладна ён знаходзіцца, то можна і абмінуць — тут няма высокіх вежаў, бачных за кіламетры. Увогуле, па выразу нашага фатографа, будынак нагадвае крэпкі і грунтоўны баравік. Ведаеце, калі знаходзіш такі, то яго не хочацца браць у кошык з нагоды ягонай моцнай і сціплай прыгажосці і разумення, што без яго агульная суцэльнасць выгляду месца будзе незваротна сапсаваная.
Першы касцёл у Жырмунах з’явіўся ў сярэдзіне XV стагоддзя і двойчы перабудоўваўся і аднаўляўся, пакуль у 1788 годзе Станіслаў Радзівіл з жонкай Каралінай не ахвяравалі грошы на будаўніцтва новага храму. Унікальнасць касцёла ў Жырмунах у тым, што ён амаль не зазнаў аніякіх перабудоў і выглядае фактычна так, які пры кансэкрацыі ў 1789 годзе. У сярэдзіне ХІХ стагоддзя да яго дадалася драўляная званіца і каменны плот з выявамі святых. Перад Другой Сусветнай вайной колькасць вернікаў жырмунскай парафіі складала амаль 4000 чалавек. Дарэчы, у савецкі час касцёл працягваў працаваць і ніколі не зачыняўся, а ў 1970-х гадах набыў статус помніка архітэктуры.
Нам шанцуе — трапляем унутр гэтага выбітнага храму і нейкі час проста ходзім як зачараваныя. Нават фатограф не адразу прыгадвае, што ў яго ёсць фотаапарат і што ён з ім мусіць рабіць. Гэта сапраўдная прыгажосць! Зрэдку дзе можна адчуць сапраўднае пачуццё амаль хатняй утульнасці і спакою, але гэта той самы выпадак. Словы тут дакладна лішнія.
Зусім побач з сучаснымі Жырмунамі знаходзіцца вёска Вялікае Сяло, якая раней была таксама Жырмунамі ды Старымі Жырмунамі і дзе напрыканцы XVIII стагоддзя Станіслаў Радзівіл пачаў будаўніцтва палацавага комплексу. Архітэктарам быў вядомы Ян Падчашынскі, які стварыў і касцёл Адшукання Святога Крыжа, дзе мы толькі што былі. Згодна з планам, тут меліся быць палац, афіцыны, лядоўня, брама і гаспадарчыя пабудовы. Але ж пры жыцці Станіслава былі ўзведзены толькі брама і дзве афіцыны. Нашчадкі працягваць будаўніцтва не пажадалі і ў час наведванняў сядзібы жылі ў адной з афіцынаў, дзе былі бібліятэка, пякарня і аранжарэя.
Пасля ад’езду апошніх уладальнікаў у 1939 годзе будынкі з брамай хутка пачалі разбіраць на цэглу, і да нашых дзён захаваліся толькі рэшткі брамы, левай афіцыны і лядоўні. Правая афіцына амаль разбураная, але пакуль можна нешта разгледзець. Таксама перад брамай захаваліся рэшткі брукаванкі, якая яшчэ памятае грукат экіпажаў Радзівілаў, Завішаў, Кішкаў, Тышкевічаў.
А наш далейшы шлях вядзе ў вёску з незвычайнай назвай Асава (націск на апошні склад). Чуеце, як трошкі падзьмула Францыяй? Існуе паданне, што неяк на дрэве мясцовая дзяўчынка ўбачыла здань і ўскрыкнула: «А, сава!» Жыхары вырашылі, што гэта была не сава, а з’яўленне Маці Божай, вёска атрымала назву на «французскі манер» і на гэтым месцы ў 1732 годзе быў пабудаваны драўляны касцёл Святога Яна, сродкі на які выдаў Юры Радзівіл. Напрыканцы ХІХ стагоддзя драўляны касцёл ужо не мог змяшчаць усіх вернікаў, і ў 1903 годзе пачалося будаўніцтва новага мураванага храму.
Цікава, што сцены новага касцёлу ўзводзіліся вакол старога храму, дзе працягвалі адбывацца набажэнствы і які разабралі толькі пасля заканчэння ўсіх будаўнічых работ. Сем год цягнулася праца, і ў 1910 годзе касцёл быў кансэкраваны ў гонар Святога Георгія, але ж шмат хто (і небеспадстаўна) лічыць што ў гонар Святога Юр’я. Сёння ля касцёлу месціцца вялікая дагледжаная тэрыторыя з сажалкамі і месцамі для адпачынку, адкуль касцёл выглядае ну вельмі прыгожа! Дарэчы, над касцёлам лётаюць сотні ластавак, якія гняздуюцца ў арках вокнаў і ўваходаў храму.
Мы ведалі з расповедаў дасведчаных людзей, што вельмі варта зазірнуць унутр асаўскага касцёлу, і пільна чакалі такой магчымасці. Гэта быў наш дзень і праз некалькі часу мы ўжо ў другі раз за сёння не стрымлівалі захаплення ад убачанага. Гэтую маляўнічасць трэба бачыць на свае вочы і яна вартая любога падарожжа!
Час развітвацца, але ж мы не здолелі не кінуць яшчэ некалькі позіркаў на гэты беларускі «кавалачак Францыі».
Ліпеньскае надвор’е канчаткова запанавала ў наваколлі. І нам гэта дакладна падабаецца, а болей за ўсіх фатографу, які вельмі любіць «такія фактурныя аблокі». Тым часам на даляглядзе ўжо бачна наступную нашу кропку — касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў вёсцы Нача (не блытаем з Начай у Ляхавіцкім раёне).
Вёска Нача вядома з пачатку XVI стагоддзя, калі тагачасны яе ўладальнік Януш Касцевіч заснаваў тут парафію і пабудаваў першы драўляны касцёл. Цягам часу парафія расла, касцёл перабудоўваўся ў 1756 годзе, і напрыканцы ХІХ стагоддзя, калі колькасць вернікаў складала больш за 5000 чалавек, было вырашана будаваць новы мураваны храм. Будаўніцтва фінансавалася вернікамі і скончылася ў 1910 годзе, але кансэкраваны храм быў толькі ў 1927 годзе. І гэта зразумела, калі згадаць падзеі гэтых 17 гадоў.
У савецкі час касцёл працягваў дзейнічаць. Хутчэй за ўсё, савецкія ўлады не вельмі жадалі змагацца з насельніцтвам, якое амаль пагалоўна было вернікамі. На жаль, унутр трапіць у нас не атрымалася і мы пайшлі больш уважліва даследаваць тэрыторыю ля храму, дзе знайшлі мемарыяльны камень у гонар удзельнікаў паўстання 1863 году. Так, менавіта тут Людвіг Нарбут сфармаваў атрад паўстанцаў і стаў ваенным кіраўніком Лідскага павету. Ля касцёлу пахаваны і вядомы беларускі гісторык Тэадор Нарбут — бацька Людвіга. Варта звярнуць увагу і на вежу-званіцу, бо яна мінімум на паўстагоддзя старэйшая за касцёл і памятае ўвесь працэс будавання.
Была думка затрымацца ў Радуні ля касцёлу Маці Божай Ружанцовай, але вакол яго стаялі будаўнічыя лясы. Аднагалосна вырашылі не спяшацца, а павярнуцца ў больш спрыяльны час. Таму патроху выпраўляемся дадому! Такія думкі былі ў нас, але ж ніхто не ведаў, што дарога выведзе нас на прыгожы храм. Паркуемся і хадзем глядзець на касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў вёсцы Крупава. Храм будаваўся ў міжваенны час (1925-1928 гг.) на месцы разбуранага ў савецка-польскай вайне драўлянага касцёла XVIII стагоддзя. А самы першы касцёл тут быў заснаваны, на хвіліначку, у 1460 годзе! Вось вам і Крупава... Карацей, ёсць яшчэ нагода павярнуцца.
Ну, а вось зараз дакладна дадому, бо шлях няблізкі, ды і эмоцый ужо вышэй за неба. Практыка збочвання з адпрацаваных маршрутаў у чарговы раз паказала сваю жыццяздольнасць і мы абавязкова будзем карыстацца ёй і нават не адзіны раз! А вось ад вас, даражэнькія нашыя чытачы, мы працягваем чакаць прапановаў. Лета ўжо прайшло свой экватар, так што спяшайцеся! Бывайце здаровы — пішыце замовы!
Шаноўныя чытачы, мы вельмі хочам паказваць вам Беларусь: мясціны, па якіх вы сумуеце, ці тыя, якія вы, магчыма, раней не бачылі. Таму заклікаем вас замаўляць нам новыя маршруты вандровак па родным краі (гэта бясплатна :)). Раскажыце, якія вуліцы, раёны, гарады і вёскі вы хочаце ўбачыць, у чым іх адметнасць, чым яны дарагія менавіта вам. Звязацца з рэдакцыяй можна праз электронную пошту novychas@gmail.com ці прыватным паведамленнем у нашых акаўнтах у сацыяльных сетках.