Юрыя Зянковіча, асуджанага за «замах на Лукашэнку», зноў будуць судзіць
Палітзняволены юрыст гэтым разам абвінавачваецца ў абразе прадстаўніка ўлады. Суд над Зянковічам павінен прайсці 27 снежня ў судзе Мядзеля.

Інфармацыю пра суд у раскладзе Вярхоўнага суда Беларусі заўважылі праваабаронцы. Працэс будзе весці суддзя Аляксандр Шутко.
Нагадаем, 5 верасня ў Мінскім абласным судзе агучылі прысуды па так званай справе аб «змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам». Юрась Зянковіч асуджаны на 11 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, літаратуразнаўца і палітолаг Аляксандр Фядута, палітык Рыгор Кастусёў — на 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму кожны.

Вольга Галубовіч і Дзяніс Краўчук асуджаны на два з паловай гады калоніі агульнага рэжыму за «актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак», хоць пракурор прасіў для іх па 3 гады.
Падчас суда з матэрыялаў справы высветлілася, што Зянковіч заключыў са следствам пагадненне аб супрацоўніцтве, даў чыстасардэчныя паказанні. Пагадненне было падпісана на ранніх этапах следства. Ён аказаўся адзіным з абвінавачаных, хто пайшоў на здзелку са следствам.
Тым не менш, 18 кастрычніка праваабарончая супольнасць вызнала яго палітвязнем.
