Хронікі рэпрэсій 18 кастрычніка
Праваабаронцы сёння прызналі палітвязнямі яшчэ 9 чалавек, сярод іх Мікалай Аўтуховіч і Юрась Зянковіч. А таксама Андрэй Будай, Аляксандр Мураўёў, Аляксандр Сідарэнка, Мікалай Бібліс, Павел Сава, Віктар Снегур, Ірына Гарачкіна.
На гэты момант праваабаронцамі «Вясны»
прызнаныя палітзняволенымі 1347 чалавек. Ініцыятыва «Dissidentby» налічвае 1655
палітычных зняволеных.
У Гродне затрымлівалі адвакатку Яніну Юргілевіч. Яе дачка
таксама адвакатка і таксама сядзіць.
17 кастрычніка перад працэсам па «справе Аўтуховіча» была затрымана
адвакатка, якая абараняла аднаго з членаў сям'і Рэзановіч па справе. У сувязі з
яе затрыманнем была праведзена замена адваката за вельмі кароткі час. Яніна
з'яўляецца маці арыштаванай адвакаткі Юліі Юргілевіч.
Мяркуецца, што затрыманне Яніны Юргілевіч
можа быць звязана не толькі з вынясеннем прысуду па «справе Аўтуховіча», але і
з нядаўнім арыштам яе дачкі — як інструмент псіхалагічнага ціску. На сённяшні
дзень Юлія Юргілевіч змяшчаецца ў Гродне, ёй інкрымінуюць тры цяжкія
крымінальныя артыкулы.
Супраць краязнаўцы і журналіста Ігара Хмары распачалі крымінальную справу па «народным» артыкуле — арт. 342 КК.
Ігара Хмару затрымалі 2 жніўня, калі ён праводзіў экскурсію па Мінску. Ад чалавека, які быў за кратамі разам з Ігарам, стала вядома, што затрымалі Хмару за размову на беларускай мове на вуліцы. З'явілася інфармацыя, што мужчына можа знаходзіцца ў СІЗА-1, аднак па інфармацыі праваабаронцаў — Хмары там няма. Дзе знаходзіцца вязень — пакуль невядома.
Затрымалі Дар'ю
Лосік, жонку палітвязня Ігара Лосіка.
З ператрусам да Дар‘і Лосік прыйшлі а палове на восьмую
ранку 18 кастрычніка. Сама Дар'я з дачкой яшчэ спалі. Дар'і далі патэлефанаваць
сваім бацькам, маці дзяўчыны хутка прыехала на месца, але яе нават не пусцілі ў
кватэру, толькі потым аддалі паперку аб тым, што быў праведзены ператрус.
Дар’ю затрымалі на трое сутак у рамках крымінальнай справы. Праўладныя каналы паведамілі, што крымінальны пераслед звязаны з каментарамі жонкі палітвязня «няправільным» медыя.
Да Валерыі Чарнаморцавай прыйшлі сілавікі. Увечары стала вядома, што яна затрымана на 10 сутак.
Верагодна, затрыманне звязанае з падзеямі 2020 года — меркавана, Валерыя праходзіць па «народным» арт. 342 КК РБ, паведамляюць праваабаронцы.
У Бабруйску яшчэ 9 верасня быў затрыманы Вячаслаў Букас. Яго арыштавалі за блакітна-жоўтыя лампадкі каля
помніка ахвярам неабгрунтаваных рэпрэсій.
Мужчыну ідэнтыфікавалі па адбітках пальцаў, паведамляюць праваабаронцы. Падставай для затрымання сталі дзве блакітныя і дзве жоўтыя
лампадкі, якія Букас запаліў і паставіў каля помніка «Бабруйчанам — ахвярам неабгрунтаваных рэпрэсій». І гэтым, па версіі суда, Букас
«выказваў сваё грамадска-палітычнае меркаванне да Дня незалежнасці Украіны».
Ва Украіне затрымалі былога беларускага палітвязня Івана Красоўскага. Цяпер яго хочуць выправадзіць з Украіны.
Пра затрыманне Івана Красоўскагаў распавяла ў Twitter alexasupersonic: «Не выдалі ніякіх паперок, аформілі іншай датай, паабяцалі вялікі штраф, назвалі „калабарантам“. Цяпер звязваемся з юрыстамі», — паведаміла карыстальніца.
Іван быў затрыманы ў першыя дні пасля выбараў — на той момант 18-гадовага хлопца моцна збілі сілавікі, пасля чаго ён трапіў у бальніцу і доўгі час перамяшчаўся на інвалідным вазку.
У лютым 2021 года Івана асудзілі да трох гадоў «хіміі», ён з'ехаў з Беларусі.
Вядома, што хлопец яшчэ ў 2021 годзе падаваўся на «бежанства» ва Украіне.