З Украіны хочуць выдварыць былога беларускага палітвязня Івана Красоўскага, які спрабуе легалізавацца з 2021-га
На радзіме Іван Красоўскі быў затрыманы ў першыя дні пасля выбараў — на той момант 18-гадовага хлопца жорстка збілі сілавікі, пасля чаго ён трапіў у бальніцу і доўгі час перасоўваўся на інвалідным вазку.
У лютым 2021 года Івана асудзілі да трох гадоў «хіміі», ён з'ехаў з
Беларусі. Вядома, што хлопец яшчэ ў 2021 годзе падаваўся на «бежанства» ва
Украіне.
На хлопца склалі пратакол, зараз ён на волі.
«Не выдалі ніякіх паперак, аформілі іншай датай, паабяцалі вялікі штраф, назвалі калабарантам», — пішуць у твітары сябры хлопца. Яны дадаюць, што зараз звязваюцца з юрыстамі, каб неяк вырашаць сітуацыю.
З атрыманнем легальнага статусу ва Украіне беларусы мелі праблемы яшчэ тады, калі эмігравалі з прычын бяспекі. Пасля пачатку вайны грамадзянам Беларусі, насуперак афіцыйным абяцанням, фактычна наогул пераставалі падаўжаць від на жыхарства. Часта — наўпрост казалі «валіць» з Украіны, бо прадстаўнікі дзяржавы-агрэсара. Паводле неправераных дадзеных, украінскі ўрад даў неафіцыйнае распараджэнне міграцыйным службам проста не падаўжаць беларусам ВНЖ без тлумачэнняў прычын.