«Дзіця цяпер з бабуляй і дзядулем». Затрымалі Дар'ю Лосік, жонку палітвязня Ігара Лосіка (абноўлена)
Затрымана жонка палітвязня Ігара Лосіка Дар'я Лосік. Абставіны затрымання пакуль невядомыя. У сям'і ёсць маленькае дзіця.
![photo_2022_10_18_11_37_27.jpg photo_2022_10_18_11_37_27.jpg](/img/v1/images/photo_2022_10_18_11_37_27.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
У адным з праўладных каналаў апублікаваны пост, дзе ўказваецца, што на Дар'ю можа
быць заведзена крымінальная справа паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса («Садзейнічанне
экстрэмісцкай дзейнасці») за інтэрв'ю «экстрэмісцкаму» тэлеканалу «Б*лсат».
UPD. Як стала вядома «С*абодзе», з ператрусам да Дар‘і Лосік прыйшлі а палове на восьмую ранку. Сама Дар‘я з дачкой яшчэ спала.
Дар‘і далі
патэлефанаваць бацькам, маці дзяўчыны хутка прыехала на месца, але яе нават не
пусцілі ў кватэру, толькі потым аддалі паперку аб тым, што быў праведзены
ператрус.
Падчас
ператрусу ў кватэры, апроч сілавікоў і панятых, былі толькі сама Дар‘я і яе
дачка Паўліна.
«Затрыманая
на трое сутак у рамках крымінальнай справы, цяпер яе павезлі ў Берасце», — сказалі крыніцы.
Па якім
канкрэтна артыкуле яе абвінавачваюць, пакуль невядома.
Увечары бацькі
затрыманай плануюць сустрэцца з адвакатам, каб даведацца больш падрабязнасцей справы.
«Паўліна
пакуль што ў бабулі з дзядулем, бацькоў Дар’і», — сказалі суразмоўцы выдання.
Крымінальны пераслед за інтэрв'ю «няправільным» медыя — адносна новая з'ява ў практыках лукашэнкаўскай рэпрэсіўнай машыны. Вядома, што за размову ў эфіры «Е*рарадыё» затрымалі паводле крымінальнага артыкула ваеннага аналітыка Ягора Лебядка.
![Дар'я Лосік прапанавала Лукашэнку абмяняць свайго мужа на сябе Дар'я Лосік прапанавала «грамадзяніну Лукашэнку» абмяняць мужа на сябе](/img/v1/images/losik_0302.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Разам з тым за рэдкія каментары «экстрэмісцкім» СМІ не чапаюць тых, хто на баку рэжыму Лукашэнкі. Так, нядаўна «Н*шай Ніве» пра амністыю распавядала экс-кандыдатка ў прэзідэнты Ганна Канапацкая. Наўрад ці з гэтай нагоды да яе ўзнікнуць пытанні з боку сілавікоў.
Яшчэ ў ліпені сілавікі канфіскавалі маёмасць палітзняволенага Ігара Лосіка і яго жонкі Дар'і. Сярод таго, што падпала пад канфіскацыю, былі нават чайнік і піяніна. Паведамлялася, што Дар'я Лосік зможа выкупіць арыштаванае сама, але для гэтага Ігар мусіць атрымаць дазвол ад органаў прымусовага выканання.
![Ягора Лебядка падазраюць у садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці Ваеннага аналітыка не выпусцілі пасля «сутак» і завялі крымінальную справу](/img/v1/images/photo1657789555.jpeg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Ігар Лосік быў
асуджаны па «справе Ціханоўскага» да 15 гадоў пазбаўлення волі, яго
абвінавацілі ў «распальванні сацыяльнай варожасці» ў дачыненні да прадстаўнікоў
улады і праваахоўных органаў, а таксама ў «арганізацыі масавых беспарадкаў». З
моманту ўзяцця пад варту Ігар Лосік двойчы аб'яўляў галадоўку, першую з якіх
трымаў 42 дні.