Пажар у іранскай турме: што вядома на дадзены момант

У тэгеранскай турме «Эвін», дзе ўтрымліваюць сотні палітвязняў, 15 кастрычніка пачаўся пажар. На сённяшні дзень колькасць загінулых узрасла да 8 чалавек.

Турма «Эвін», у якой адбыўся пажар

Турма «Эвін», у якой адбыўся пажар


Пажар, пра які ідзе гаворка, адбыўся вечарам 15 кастрычніка. Паводле інфармацыі тэлеканала «Al Jazeera», узгаранне пачалося каля 21:00 па мясцовым часе. Тады ратавальнікі паведамілі, што зняволеныя «ўчынілі бойку, якая перарасла ў беспарадкі». У працэсе яны нібыта падпалілі склад з адзеннем ў швейным цэху.
Пасля пажару ў турме прагрымелі выбухі, было вядома як мінімум пра чатыры. Губернатар Тэгерана Махсен Мансуры заявіў, што для разгону зняволеных ужылі слёзатачывы газ.
Іранскія СМІ называюць турму «Эвін» найбуйнейшай турмой краіны. Тэлеканал «Euronews» піша, што ў папраўчай установе ў асноўным утрымліваюцца палітвязні і іранцы з падвойным грамадзянствам.
Інфармацыйнае агенцтва «Associated Press» прааналізавалі спадарожнікавыя здымкі, зробленыя сёння кампаніяй «Planet Labs PBC». На атрыманых фотаздымках бачна, што згарэў дах вялікага будынка, які ўваходзіць у комплекс паўночнай часткі турмы.
На дадзены момант вядома, што загінулі восем чалавек, чацвёра з іх памерлі ў лякарні ад атручвання дымам, больш за 60 чалавек атрымалі раненні, шасцёра пацярпелых дагэтуль атрымліваюць медыцынскую дапамогу.
Улады Ірана сцвярджаюць, што пажар у найбуйнейшай турме краіны, дзе ўтрымліваюцца палітычныя зняволеныя, не звязаны з антыўрадавымі пратэстамі, якія працягваюцца ў краіне і ў якіх, паводле даных праваабаронцаў, з пачатку дэманстрацый загінулі больш за 120 чалавек. Для падаўлення мірных акцый пратэсту сілы бяспекі ўжываюць агнястрэльную зброю. Нягледзячы на сцвярджэнні іранскіх уладаў, у сацсетках распаўсюджваюцца відэа з месца здарэння, на якіх чуваць крыкі «Смерць дыктатару!», а таксама гукі стрэлаў і выбухаў.
Еўрасаюз увёў санкцыі супраць 11 фізічных і 4 юрыдычных асоб Ірана, уключна з іранскай «паліцыяй нораваў».