Стральба і выбухі. У Іране ўжо паўтара тыдня працягваюцца масавыя пратэсты (відэа)
У Іране працягваюцца пратэсты з-за смерці 22-гадовай Махсы Аміні, якая памерла пасля затрымання патрулём «Гашт-Э Эршад» (афіцыйная назва мясцовай паліцыі нораваў) з-за няправільна надзетага хіджаба.

Махса Аміні была затрыманая 13 верасня. Яна памерла ў бальніцы 16 верасня.
Беспарадкі ахапілі сталіцу Тэгеран і большасць правінцый краіны.
Адзначаецца, што ў Тэгеране жыхары дамоў падтрымлівалі
пратэстоўцаў з вокнаў.
На сталічным бульвары Эбузер дэманстранты спрабавалі
падпаліць загароды на дарозе. Для разгону натоўпу паліцыянты ўжылі слезацечны
газ і дубінкі.
Як сцвярджаецца, у Тэгеране пратэстоўцы атакавалі адзін з
пунктаў Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі (КВІР) у квартале Рэй.
На кадрах, якія публікуюць у сацсетках відавочцы, чутныя
гукі стральбы і выбухаў.
У горадзе Бушэр у паўночнай правінцыі Мазендэран супрацоўнікі праваахоўных органаў ужылі сілу супраць дэманстрантаў, якія скандавалі антыўрадавыя лозунгі.
Карыстальнікі сеціва паведамляюць, што ў нядзелю раніцай у шэрагу гарадоў краіны сілы бяспекі правялі рэйды па затрыманні незадаволеных.
Паводле звестак афіцыйнага іранскага інфармагенцтва IRNA, у
Мазендэране ўзятыя пад варту 450 чалавек.
Прынамсі 739 чалавек, уключаючы 60 жанчын, былі затрыманыя
напярэдадні ў правінцыі Гілян на поўначы краіны. Пра гэта паведаміў кіраўнік
мясцовай паліцыі Азізіёла Малекі.
За апошнія два дні былі затрыманыя дзясяткі студэнтаў.
Праз жорсткасць іранскіх сілавікоў ёсць і ахвяры, але іх колькасць невядомая. І ўвогуле інфармацыі з Ірана, які з'яўляецца вельмі закрытай краінай, бракуе.

Паводле www.aa.com.tr.