Краіна пад уладай рэлігійных фанатыкаў. Гісторыя Ісламскай рэвалюцыі ў Іране
Сёння позіркі свету прыкаваны да Ірана, дзе за адмову насіць хіджаб так званымі сіламі правапарадку была забіта маладая жанчына. У адказ на гэта па ўсёй краіне ўспыхнулі масавыя пратэсты, якія ўжо перараслі ва ўзброеныя сутыкненні з паліцыяй. Але якім чынам Іран, старажытная Персія, краіна самабытнай і шмат у чым непаўторнай культуры, аказалася пад уладай рэлігійных фанатыкаў?
На самой справе, працэс быў доўгім і, як часта гэта бывае з прыходам да ўлады падобных рэжымаў, падтрыманы вялікай часткай насельніцтва.
Шахскі Іран. Верасень 1941 — студзень 1978
Шах Махамед Рэза Пехлеві прыйшоў да ўлады 26 верасня 1941 года, у разгар Другой сусветнай вайны. Умела балансуючы паміж інтарэсамі спачатку Вялікабрытаніі і Савецкага Саюза, а пазней таксама і Злучаных Штатаў Амерыкі, ён даволі хутка замацаваўся на троне, увёўшы з цягам часу фактычна нічым не абмежаваныя для сябе паўнамоцтвы. Яго таемная паліцыя САВАК на працягу наступных некалькіх дзесяцігоддзяў паспяхова тэрарызавала насельніцтва, прымушаючы яго падпарадкавацца шахскай уладзе праз шматлікія забойствы, катаванні і масавыя затрыманні нязгодных. Да сярэдзіны 1970-х большасць левых, ліберальных, нацыяналістычных і іншых лідараў свецкай апазіцыі былі паспяхова рэпрэсіраваны, а большасць іх арганізацый былі забаронены. Аднак аказалася немагчыма гэтак жа грунтоўна падавіць ісламскую апазіцыю, таму менавіта мячэці паступова сталі цэнтрамі руху супраціву дыктатуры шаха.
Адкрыты ж супраціў пачаўся ў 1977 годзе, калі лідар апазіцыі ў выгнанні аятала Рухола Хамейні, які пражываў на той момант у Парыжы, заклікаў іранцаў да забастовак, байкотаў, адмовы ад выплаты падаткаў і іншых формаў супрацоўніцтва з шахскім рэжымам. Таемна ўвезеныя кантрабандай аўдыёкасеты з прамовамі Хамейні, дзе ён шмат гаворыць пра рэвалюцыю, адыгралі ключавую ролю ў масавай мабілізацыі пратэснага руху і нават прымусілі шахскага чыноўніка Абольхасана Садэга адзначыць, што «касеты з магнітафонамі сталі мацнейшымі, чым знішчальнікі». Апазіцыйны антышахскі рух быў сустрэты жорсткімі рэпрэсіямі з боку ўрада, але працэс ужо быў запушчаны.
Спачатку ключавой фігурай у стварэнні іранскай рэвалюцыйнай ідэалогіі быў Алі Шарыяці, інтэлектуал, які атрымаў адукацыю на Захадзе. Натхнёны працамі навукоўцаў-марксістаў і антыкаланіялістаў, такіх як, напрыклад, вест-індскі рэвалюцыянер Франц Фанон, Шарыяці вырашыў аб'яднаць марксізм з ісламам. Яго мэтай было стварэнне рэвалюцыйнай ідэалогіі, якая магла б аб'яднаць іранцаў самых розных поглядаў, а ў канчатковым выніку зрынуць манархію Пехлеві і вызваліць краіну. Ён загінуў у Англіі ў чэрвені 1977 года. Сёння датычнасць САВАК да яго смерці з'яўляецца практычна даказаным фактам.
Аднак раптоўная смерць Шарыяці перад самым пачаткам рэвалюцыі сыграла на руку Хамейні. Гэта дазволіла яму не толькі нечакана пазбавіцца ўплывовага канкурэнта, але і ўзяць на ўзбраенне шмат чаго з яго ідэй. У выніку ў Хамейні атрымалася стварыць тое, што лепш за ўсё можна апісаць як ісламісцкі папулізм. У цэлым супраць аўтакратычнай манархіі шаха Махамеда Рэзы Пехлеві аб'ядналася шырокая кааліцыя апазіцыйных сіл, куды ўваходзілі, напрыклад, такія розныя палітычныя плыні, як марксісты і канстытуцыйныя лібералы. Але ў цэлым у апазіцыі дамінавалі мулы шыіцкай галіны ісламу.
Ісламская Рэвалюцыя. Студзень 1978 — люты 1979
Датай пачатку рэвалюцыі ў Іране прынята лічыць 8 студзеня 1978 года, калі першая буйная антыўрадавая дэманстрацыя ў горадзе Куме была задушана з неабгрунтаванай жорсткасцю. У адказ на гэта ў кастрычніку і лістападзе 1978 года па Іране пракацілася серыя страйкаў дзяржаўных служачых і працоўных дзяржаўных прадпрыемстваў. Крызіс узмацніўся, калі ў канцы кастрычніка забаставалі нафтавікі і запатрабавалі вызвалення палітычных зняволеных. Гэта абыходзілася ўраду ўжо прыкладна ў 60 мільёнаў долараў на дзень, што было вельмі істотна для экспартаарыентаванай эканомікі краіны. Усеагульны страйк, які пачаўся ў лістападзе, фактычна паралізаваў краіну. Нават калі некаторыя працоўныя вярнуліся на свае месцы, перабоі ў пастаўках мазуту, нафты і транзіце грузаў не спыніліся. Урэшце пад вялізным ціскам з боку дзяржавы нафтавікі вярнуліся да працы, але гэта не спыніла іх барацьбу. Яны перайшлі да тактыкі ціхага сабатажу і працягвалі запавольваць працу.
Стаўленне народа да ўлады шаха добра выявілася ў лістападзе, калі, нягледзячы на відавочныя для іх потым рэпрэсіі, працоўныя адключылі электрычнасць якраз падчас запланаванага выступлення манарха.
У снежні 1978 года мільёны людзей, якія стаміліся ад самавольства шахскага рэжыму, запоўнілі вуліцы іранскіх гарадоў. Нягледзячы на тое, што паліцыя забіла мноства дэманстрантаў, колькасць пратэстоўцаў ад гэтага толькі павялічылася. Шах збег у выгнанне ў студзені 1979 года, а выгнаны калісьці з краіны аятала Рухола Хамейні ў сваю чаргу 1 лютага таго ж года вярнуўся са ссылкі, каб узначаліць новую Іранскую дзяржаву. У сакавіку быў праведзены рэферэндум аб палітычным ладзе ў краіне, і 1 красавіка 1979 года Іран быў афіцыйна аб'яўлены першай у гісторыі Ісламскай рэспублікай.
У той час як рэвалюцыя атрымала падтрымку самых розных прадстаўнікоў іранскага грамадства (уключаючы людзей, максімальна далёкіх ад рэлігіі), Хамейні і іншыя вядучыя мусульманскія святары, імкнуліся толькі ўсё больш умацоўваць сваю ўладу і марылі ўсталяваць у краіне ісламскую тэакратыю. У 1981 годзе рэжым нарэшце паказаў сваё сапраўднае аблічча. Дзякуючы створанаму да таго моманту магутнаму рэпрэсіўнаму апарату і падтрымцы ўплывовых у народзе шыіцкіх духоўных лідараў ім даволі хутка ўдалося здушыць усю свецкую апазіцыю і прыбраць з урада ўсіх нязгодных. Серыя крывавых чыстак сярод практычна ўсіх пластоў насельніцтва вельмі хутка стварыла ўмовы, пры якіх публічнае негвалтоўнае супрацьстаянне рэжыму ў наступнае дзесяцігоддзе стала практычна немагчымым.
Фактычна, у пачатку 80-х гадоў у Іране ўсталявалася таталітарная ісламская сістэма кіравання. У гэты час і сфарміравалася сучасная радыкальная іранская ісламская эліта, абсалютна перакананая ў правільнасці абранага для сябе і для краіны шляху. Для абароны сваёй улады іранскае кіраўніцтва стварыла сумна вядомы Корпус Вартавых Ісламскай Рэвалюцыі (КВІР), які даволі хутка перасягнуў у сваёй жорсткасці шахскі САВАК. Іранскім лідарам гэтага паказалася мала. Яны вырашылі не абмяжоўвацца толькі адной краінай і пачаць экспарт сваіх ідэй за межы Ірана. Для гэтых мэт імі была створана ваенізаваная групоўка «Хезбала», якая сёння прызнана сусветнай супольнасцю тэрарыстычнай арганізацыяй.
Пры гэтым новыя іранскія ўлады не забываліся і на папулярызацыю свайго рэжыму за мяжой. На гэтую вуду масава трапіліся заходнія левыя інтэлектуалы. Для многіх з іх Ісламская рэвалюцыя была проста яшчэ адной праявай барацьбы краін трэцяга свету са «згубнымі наступствамі каланіялізму і капіталізму».
Для астатняга ж Блізкага Усходу прыход да ўлады тэакратычнага рэжыму ў Іране стаў ідэалагічнай бомбай, якая дала новае жыццё тым рэлігійным рухам, якія доўгі час душыліся ці знаходзіліся ў цені свецкіх панарабісцкіх аўтарытарных урадаў рэгіёна. Іранская рэвалюцыя адыграла значную ролю ў зараджэнні і росце джыхадысцкіх настрояў у арабскім свеце.
Іран прачынаецца. Выбары 2009 года
Аднак да сярэдзіны 1990-х краіна саспела для змен. 3 жніўня 1997 года на пасаду прэзідэнта быў абраны былы міністр культуры Ірана і прыхільнік рэформаў Махамед Хатамі.
Але артадаксальныя рэлігійныя лідары заблакіравалі амаль усе яго намаганні па правядзенні рэформаў і лібералізацыі ў краіне. Гэта выклікала серыю буйных студэнцкіх дэманстрацый у падтрымку Хатамі, але выніку яны не далі.
Ультракансерватыўныя святары і іх прыхільнікі зноў умацавалі сваю ўладу ў 2005 годзе, калі прэзідэнтам стаў прыхільнік жорсткай кансерватыўнай лініі Махмуд Ахмадзінеджад, заўзяты антысеміт, які адмаўляў Халакост. Пры ім паскорылася развіццё іранскай ядзернай праграмы, накіраванай, у першую чаргу, супраць Ізраіля і Злучаных Штатаў, якія кіраўнікі Ірана вінавацілі практычна ва ўсіх бедах сваёй краіны.
Аднак запатрабаванне ў зменах сярод усё больш вялікіх слаёў іранскага насельніцтва працягвала расці. Гэта прывяло да народнага паўстання пасля відавочна скрадзеных Ахмадзінеджадам прэзідэнцкіх выбараў у чэрвені 2009 года. Тыя выступленні не насілі пакуль яшчэ яўнага антырэлігійнага характару. Дэманстранты крычалі «Алах Акбар» і выкарыстоўвалі апроч дзяржаўнага сцяга Ірана таксама і зялёныя ісламскія сцягі. Пратэсты былі жорстка задушаны сіламі паліцыі і КВІР. Гэтыя выбары сталі грубым абуджэннем для шмат каго з іранцаў, сярод якіх было нямала тых, хто ўсё яшчэ працягваў верыць у ідэалы Ісламскай рэвалюцыі.
Але, нягледзячы на жахлівасць разгону пратэстаў, якія ў многім былі больш маштабнымі, чым пратэсты 1979 года, рэакцыя міжнароднай супольнасці, і ў прыватнасці Злучаных Штатаў Амерыкі, заставалася надзіва мяккай. Заходнія дэмакратыі палічылі за лепшае не ціснуць на ўлады Ісламскай рэспублікі, імкнучыся не паставіць пад пагрозу магчымасць далейшых перамоў па іранскай ядзернай праграме.
Што чакае краіну ў найбліжэйшай будучыні, сказаць складана. Але не трэба забываць, што Іран — гэта менавіта Ісламская рэспубліка, дзе вярхоўным кіраўніком дзяржавы з'яўляецца рэлігійны, а не свецкі лідар. Сёння там існуе прыярытэт інтарэсаў ідэалогіі над любымі іншымі інтарэсамі. Мільярды, якія Іран, як паведамляецца, траціць у Сірыі, нягледзячы на ўсе шматлікія праблемы ўнутры краіны, з'яўляюцца яскравым таму прыкладам. Так што, у выпадку паражэння сёлетняга паўстання, іранская экспансія на Блізкім Усходзе, хутчэй за ўсё, будзе толькі павялічвацца.