Ці гарантуюць 3,5% перамогу? Міфы і матчастка з даследаванняў Чэнавет. Частка 2

У першай частцы мы разбіралі, чаму «правіла 3,5%» Эрыкі Чынавет і іншыя сцвярджэнні пра тое, што негвалтоўныя пратэсты больш эфектыўныя за ўзброеныя паўстанні, не спрацавала ў Беларусі і ўвогуле менш спрацоўвае па свеце. Цяпер пастараемся падумаць, а што трэба зрабіць, каб яно спрацавала?

nehvaltouny_pratest_belarus2020_dzmitryj_dzmitryeu22.jpg


— Каб сцішыць народны пратэст, дзяржава ўжывае жорсткія рэпрэсіі. Тым не менш яны цягнуцца два гады, і, гледзячы па ўсім, улада не адчувае, што яна можа «перагарнуць старонку». Чаму не ўдалося прывесці грамадства «да стану пакорлівасці» адразу, і як супрацьстаяць рэпрэсіям цяпер?
Цалкам у трэндзе тое, што найбольшыя, няўяўныя раней, колькасці людзей выйшлі на вуліцы пасля таго, што відавочна павінна было, паводле злачыннай задумы функцыянераў рэжыму, запалохаць людзей і задушыць пратэст: пасля тэатру гвалту на вуліцах і масавых катаванняў. Але рэпрэсіі, як паказаў даследчыцам пошук фактараў, што прадказваюць узнікненне кампаній і іх паспяховасць, дзейнічаюць на грамадства вельмі дзіўна.
Па статыстыцы бачна, як фактар рэпрэсій зніжае прадказальнасць далейшага развіцця падзеяў: то-бок, рэпрэсіі робяць ход падзеяў непрадказальным. Уласна, гэтая непрадказальнасць і бачная па тым, што страшэнныя масавыя катаванняў 9-11 жніўня 2020 раптоўна падзейнічалі так, што вуліцы напоўніліся людзьмі, абуранымі гвалтам, — а вось практыка даваць пратэстоўцам доўгія турэмныя тэрміны здолела, на жаль, выціснуць адкрыты пратэст з вуліц. Больш за тое,backfire, актывізацыя ў адказ на рэпрэсіі, характэрная менавіта для негвалтоўных рухаў, а не для ўзброеных.
Вобраз дзеянняў рэжыму ў першыя дні пасля выбараў 2020 года паказвае і тое, як рэжымы навучыліся карыстацца сучаснымі інфармацыйнымі тэхналогіямі, прынамсі ў мэтах запалохвання грамадзянаў. Тое, што падчас тэатру гвалту 9-12 жніўня ўлады адключылі інтэрнэт-звязак, а потым яго ўключылі назад, якраз тады, калі сталі адпускаць затрыманых пасля здзекаў, — падобна да разліку, што інфармацыя пра вычварныя катаванні распаўсюдзіцца і запалохае грамадства (ну а што атрымалася наадварот — то дзякуй Богу і людзям).
Гэта нагадвае іншы прыклад: калі падчас пратэстаў у лютым 2021 года ў Муамары таксама ўлады адключылі інтэрнэт, пасля чаго некаторых актывістаў ці чальцоў іхніх сем’яў выкрадалі і катавалі ці забівалі, і... зноў уключалі інтэрнэт, верагодна з разлікам, што інфармацыя пра здзекі распаўсюдзіцца.
Супрацьстаяць рэпрэсіям моцна дапамагае наяўнасць структураў і планаванне дзеянняў. Ці выкарысталі беларусы гэты чыннік у дастатковай ступені? Нехта можа сказаць, што не, зыходзячы з гарызантальнасці арганізацыі пратэстаў 2020, адсутнасці выразнага лідарства; аднак варта зважаць і на тое, што, па-першае, структуры былі: як апазіцыйныя партыі (напрыклад, «Народная Грамада» і іншыя) і рухі («Страна для жизни»), так і аб’яднаныя штабы і структуры назірання («Честные люди», «Права выбару»). І ўсё гэта ва ўмовах рэпрэсій, якія пачаліся яшчэ да выбараў, здолела рэарганізавацца і працягнуць дзейнасць і падчас пратэстаў пасля выбараў, адаптаваўшы свае планы да змены сітуацыі.
Нарэшце, што асабліва важна ў беларускім кантэксце, у краінах, дзе перамагаюць рухі з жаночым лідарствам, пасля перамогаў гэтых рухаў падвышаюцца паказальнікі гендарнай роўнасці; але калі яны церпяць паразу, то, наадварот, адбываецца значны зварот да патрыярхату. Гэта, на нашую думку, дадаткова падкрэслівае неабходнасць працягваць рэвалюцыю — асабліва калі вы жанчына…

img_6798_logo_2.jpg


Таксама карысна для справы беларускай рэвалюцыі ведаць, што на цяперашнім гістарычным этапе ўпала эфектыўнасць дэманстрацый (дарэчы, Чэнавет распавядае пра праблему, што ў сучасных рухах часам адбываецца празмерная фіксацыя ўвагі да масавых дэманстрацый і погляд на іх ледзьве не як на мэту ці гарантыю перамогі, хаця гэта далёка не адзіная форма негвалтоўнага супраціву), і адбываецца вяртанне да старых, пазабытых метадаў кшталту страйкаў. Тут мы заўважым, што, мажліва, рэжым Лукашэнкі ўжо бы скончыў сваё існаванне, калі бы ўдалося працягнуць і пашырыць нацыянальны страйк. Мы не лічым наш народ у гэтым вінаватым, бо страйк бывае псіхалагічна цяжкім і ў дэмакратычых умовах (аўтарка жыве ў рэгіёне, дзе страйкі — традыцыя, да таго ж, будучы левых поглядаў, іх заўсёды падтрымлівае, але сама страйкуе толькі ў вольны ад працы час!).
Таксама працуюць іншыя акцыі, якія можна рабіць не выходзячы з дома. З гэтым перасякаецца назіранне, што рэпрэсіўным рэжымам значна цяжэй, чым забараніць людзям нешта рабіць (напрыклад, выходзіць на маршы), прымусіць людзей нешта рабіць (напрыклад, выходзіць на праўладныя акцыі); таму эфектыўнасць паказваюць акцыі, заснаваныя на адмове ад нейкага дзеяння, — і гэта таксама паказвае на патэнцыял страйкаў.
А трэнд, якому беларускія пратэсты якраз ідуць насуперак — гэта, нечакана, амаль поўная адсутнасць эпізодаў гвалту з боку пратэстоўцаў. Як не дзіўна, у апошняе дзесяцігоддзе, пры тым што колькасць негвалтоўных рухаў павялічылася — знізілася негвалтоўная дысцыпліна: у тым плане, што павялічылася колькасць эпізодаў гвалту з боку ўдзельнікаў негвалтоўных рухаў. Таксама яшчэ, пры павелічэнні колькасці негвалтоўных рухаў, знізілася іх сярэдняя колькасць удзельнікаў, яны зрабіліся меней масавымі; мажліва, у гэтым плане беларускія пратэсты 2020 таксама па-за трэндам.
— Ці навучыліся дыктатуры з часоў дзядулі Шарпа спраўляцца з негвалтоўным пратэстам? Ці распрацавалі нейкія прыёмы, тэхнічныя і (ці) сацыяльныя для супрацьдзеяння мірнаму пратэсту? Ці ёсць нейкі анты-Шарп, які гэта канцэптуалізаваў?
На працягу апошніх 15 гадоў вывучаюцца і прымяняюцца метады змагання супраць грамадстваў, якія ўключаюць у сабе больш прадуманыя рэпрэсіі, назіранне, інфільтрацыю агентаў рэжыму, крыміналізацыю пратэсту (прыманне законаў, якія выводзяць апазіцыйную дзейнасць з легальнага поля), арышты лідараў, сачэнне за эканамічнымі суб’ектамі, якія могуць фінансаваць апазіцыю, і гэтак далей. У Расіі, паводле некаторых узгадак, існуе доўгатэрміновая праграма вывучэння таго, як змагацца з «каляровымі рэвалюцыямі». І, падобна, гэта працуе, гледзячы па тым, што эфектыўнасць і негвалтоўных, і гвалтоўных рэвалюцый у апошні час знізілася.

belarus2020_novy_czas_dzmitryj_dzmitryeu14.jpg


Напрыклад, паводле адпаведнага запыту («противодействие цветным революциям») на сайце «Кіберленінка» можна знайсці шмат чаго цікавага, што дае матэрыял для асобнага артыкула: пра тое, як негвалтоўны пратэст, дэманізаваны пад назвай «каляровых рэвалюцый», якія прадстаўленыя як цалкам адмоўная з’ява, інспіраваная і фінансаваная амаль выключна звонку ворагамі Расіі (хоць часам аўтары і абмаўляюцца — напрыклад, раючы «разарыць унутраныя эканамічныя суб’екты, якія складаюць матэрыяльную базу каляровай рэвалюцыі»; тут хочацца сказаць: опанькі, дык значыць не толькі таямнічныя гасдэпы, але і бізнес унутры краіны падтрымлівае апазіцыю?).
Сярод асабліва паўтаральных ідэй — «управляемый хаос»: калі мы правільна зразумелі, азначае, што за непрадказальнасцю і падзей у народных выступленнях стаіць нейкая сіла, якая гэтым «хаосам» «кіруе». Мы тут бачым адмаўленне пратэстоўцам і апазіцыянерам у суб’ектнасці, асабліва калі гаворка ідзе пра моладзь, якая бачыцца «не суб’ектам палітычных працэсаў, якія адбываюцца, а выключна аб’ектам маніпуляцый і сродкам дасягнення мэтаў, патрэбным “рэжысёрам”», у тым ліку праз інтэрнэт, які ўвогуле бачыцца як крыніца маніпуляцый. У некаторых артыкулах канспіралагічнасць даходзіць ажно да «теневых международных процессов по навязыванию “золотой кабалы” и идеологии “золотого тельца”», і сцвярджэння, што «паміж ЕС і НАТА адсутнічае розніца» і гэтак далей.
Светапогляд, які транслююць гэтыя тэксты, добра характарызуецца словамі Андрэя Лашака пра канспіралогію: «Людзі, якія на яе пакутуюць, адмаўляюць свабодную волю. Няма ідэяў — ёсць злыя намеры, няма шчырых памкненняў — ёсць таемны разлік, няма ўчынкаў — ёсць лялькаводы. Змяніць нічога немагчыма — ну не будзьце як дзеці! — усё ўжо за нас вырашылі».
Аднак у некаторых артыкулах мы знаходзім і погляд, які нам падаецца больш цвярозым: напрыклад, ідэі, што для процідзеяння паўстанням патрэбны дыялог з грамадствам, зваротная сувязь; падобна, што дбайнае і сумленнае вывучэнне тэмы падводзіць да высновы — каб не было рэвалюцый, патрэбная дэмакратызацыя.
— Эфектыўнасць негвалтоўнага пратэсту — гэта прымальная тактыка для цывілізаваных краінаў ЕС і ЗША. Для краінаў постсаўка, тым больш для Беларусі і Расіі, гэта бессэнсоўна, дыктатарскія рэжымы зносяць толькі рэвалюцыйным шляхам... Жыццё вам пакажа, што вы мірным шляхам Лукашэнку не скінеце. Толькі рэвалюцыя… Пачытайце гісторыю еўрапейскіх краін, як яны да гэтага дайшлі. Жыццё вам дакажа, што гэта бессэнсоўна.
Такія сцвярджэнні былі бы лагічныя, але, як мы бачым з вышэй сказанага, практыка іх абвяргае.
Даследаванні, пра якія мы кажам, тычацца рэвалюцый і паўстанняў ў ХХ-ХХІ стагоддзях. Хіба можна зрабіць гіпотэзу, што гістарыяграфія, да якой мы прызвычаіліся, надавала шмат увагі войнам і ўзброеным канфліктам і недастаткова — негвалтоўным рухам, якія нават зараз часам застаюцца па-за ўвагай медыя і гісторыкаў.
Дазволю сабе занудна прыдрацца да прыметніка «цывілізаваны», які падаецца нам плёнам каланіяльна-расісцкага гонару, які мы, белыя, часам дэманструем, хаця і не маем практычна ніякіх падставаў лічыць раней каланізаваныя краіны недастаткова цывілізаванымі. У кожнага з нас, напэўна, ёсць свае эпізоды паступовага пазбаўлення ад гэтай недарэчнай пагарды; прынамсі, у мяне гэта быў момант, калі я выпадкова ўбачыла, што на пытанне «Наколькі для вас важна жыць у краіне, якая кіруецца дэмакратычна?» жыхары Зімбабвэ далі сярэдні адказ 9,10 балаў з 10! Усведамленне, што зімбабійцы, якія жывуць пры аўтарытарным рэжыме, лепей усведамляюць каштоўнасць дэмакратыі, чым людзі з некаторых заходніх краінаў, напрыклад амерыканцы (8,28) і французы (8,61), — добра вызваліла мяне ад «цяжару белага чалавека»!

belarus2020_novy_czas_dzmitryj_dzmitryeu8.jpg


Ну, а жыццё можа навучыць шмат чаму рознаму, бо яно разнастайнае. Статыстыка, пра якую мы тут кажам, пры ўсёй яе недасканаласці і абмежаваннях, вырастае не з фантазій, а з практыкі. Падобна, ад многіх людзей, якім пашчасціла паспяхова прывесці свае грамадствы да зменаў, у тым ліку праз упартае негвалтоўнае дзеянне, нехта чакаў, што «жыццё» іх «навучыць» не быць такімі ідэалістамі, не верыць у магчымасць перамогі. Але, на нашую думку, чалавек жыве далёка не толькі досведам, але і верай, і часта менавіта ў святле веры ён і асэнсоўвае свой досвед. Таму халадзільнік, прынамсі, далёка не заўсёды перамагае тэлевізар, і гэта не заўсёды дрэнна. Таму, мажліва, для маці аўтаркі гэтых радкоў падзенне савецкай імперыі было шчасцем, а 1990-я — часам аптымізму і надзеяў, хоць яна і страціла адносна прэстыжную працу савецкім інжынерам-праграмістам, апынулася ў беднасці, жывучы збольшага на бабуліну пенсію і вымушаная была перавучыцца на бухгалтара; а вось для Пуціна, які без распаду СССР не зрабіўся бы цэлым прэзідэнтам Расіі, гэтая падзея зрабілася «найвялікшай геапалітычнай катастрофай»
І, калі казаць пра веру, то яна не заўсёды нейкая ўзнёслая і пазітыўная. Напрыклад, як нам падаецца, у пазначанага персанажа гэта вера ў геапалітычна-еўразійска-канспіралагічныя фантазіі. А бывае і змрочная вера ва ўсемагутнасць гвалту: у такім выпадку, колькі бы не быў гвалт гістарычна пасаромлены, гэта не пераконвае яго апалагетаў, бо тады яны кажуць, што папросту трэба было больш гвалту! Яны гэта кажуць нават пра Майдан, нягледзячы на тое, што спробы гвалтоўна задушыць яго ўключалі збіцці і забойствы дзясяткаў актывістаў, у тым ліку страляніну па дэманстрантах… Але ж вера на тое і вера, каб ісці насуперак рэчаіснасці.
А з іншага, пазітыўнага боку, насуперак рэчаіснасці прыйшлося ісці, таксама праз веру, актывістам Майдана, якія адчайна абаранялі яго, і, адпаведна, будучыню краіны, ад машыны дзяржаўнага гвалту.
А да тэмы веры ў гвалт адзначым, што, паводле нашых прафанных назіранняў, аніякія паразы ўзброеных паўстанняў чамусьці не прывозяць людзей да высновы пра неэфектыўнасць гвалту. Здаецца, сірыйцы, палесцінцы і чачэнцы, хоць пакуль і не перамаглі, не зрабілі выснову, што, маўляў «кулі не працуюць, а трэба значыць хадзіць з кветачкамі». А вось тое, што беларуская рэвалюцыя пакуль што не перамагла, выліваецца ў хор спеваў, што «з кветачкамі рэвалюцыю не зробіш». Хаця відавочна, што і з прымяненнем гвалту, і без яго часам перамагаюць, а часам і не. Але з «кветачкамі», напэўна, як з жанчынамі за рулём: хоць зусім не жанчыны часцей з’яўляюцца віноўнікамі аварый, менавіта з жанчынаў за рулём прынята кпіць.
Апалагеты рэвалюцыйнага гвалту часам пытаюцца: а як без гвалту супрацьстаяць рэжыму, які прымяняе гвалт? Гэтае пытанне падаецца ім рытарычным, з гатовым адказам кшталту «ніяк». Але для нас яно не рытарычнае. Як і іншае пытанне, таксама зусім не рытарычнае: а як дзейнічае гвалт?
Нейкая інерцыя мыслення штурхае нас да адказу, што гвалт дзейнічае праз страх смерці. Але калі бы страх смерці быў такім вырашальным, то чаму яго пераадоленне, рызыка і нават ахвяраванне сваім жыццём, робяцца часам сацыяльнай нормай (на зло ці на дабро, іншае пытанне); чаму сацыяльнай нормай можа быць не толькі ўдзел у войнах, у тым ліку часам не дзеля абароны свайго жыцця ці хаця б жыцця сваіх блізкіх і суайчыннікаў, а ў агрэсіўных захопніцкіх; чаму, нарэшце, сацыяльнай нормай можа быць і пакутніцтва, і харакіры?

img_2523_2_logo_2_1.jpg


Напэўна, мы схільныя лічыць адных сабе храбрымі д'Артаньянамі, а апанентаў такімі баязлівымі, што яны адразу ад нашай адвагі разбягуцца. Гэта было, да прыкладу, яшчэ ідэяй ужывання пілотаў-«камікадзэ» ў Японіі часоў Другой сусветнай: меркавалася, што гатоўнасць пілотаў ісці на смерць навядзе жах на амерыканцаў і задушыць іхнюю волю да змагання. Але мы нібы забываемся на варыянт, што мо не адны мы такія адважныя ды гатовыя ісці на смерць, але і апаненты таксама! (Мабыць, нам так падаецца таму, што нам настолькі далекія ідэі апанентаў, што мы не разумеем, як дзеля такога можна рызыкаваць ці ўвогуле нешта рабіць).
Іншы аспект, дзеля якога гвалт можа падацца найбольш функцыянальным — гэта магчымасць фізічна перашкодзіць апаненту нешта рабіць (напрыклад, збіваць ці забіваць нашых таварышаў), ці адсунуць яго прэч са свайго шляху ці знішчыць як фізічную перашкоду — напрыклад, у выпадку, калі ён нам перашкаджае захапіць адміністратыўныя будынкі. Але, магчыма, прагрэс нам падорыць больш тэхнічных магчымасцяў фізічнага змагання без гвалту ці, як мінімум, без прычынення цяжкіх траўмаў праціўніку? Тым больш, што ёсць ужо такія сродкі кантралявання натоўпу з мінімізацыяй траўмаў — вадамёты, светлашумавыя гранаты, паліцэйскія шыльды, а таксама нелетальная зброя кшталту дручкоў і электрашокераў… Хоць і цяпер гэтыя прадметы выкарыстоўваюцца дзеля абароны аўтарытарызму, а таксама як прылады катаванняў, не перашкаджае думаць у кірунку выкарыстання нейкіх тэхнічных навацый для негвалтоўнага супрацьстаяння гвалту.
Хаця, калі будзе ўзнікаць такі вобраз дзеяння у справе змагання народаў за свабоду, то ўжо пытанне, як яго класіфікаваць, можа нават як нейкі трэці варыянт, «негвалтоўныя ўзброеныя паўстанні»?
Нарэшце, мажліва, унутраны пратэст супраць ідэі эфектыўнасці негвалтоўнага змагання можа ўзнікаць ад таго, што людзям падаецца што патэнцыйная наяўнасць негвалтоўных альтэрнатываў абясцэньвае подзвіг людзей, якія ўзяліся за зброю. Але тут варта зразумець, што — не, не абясцэньвае; не адмяняе рацыі змагання супраць тыраній у сітуацыях, у якіх народ мае права на паўстанне, у тым ліку ўзброенае. Трэба разумець, што людзі змагаюцца так, як могуць, і шанаваць тых, хто рызыкуе сваім жыццём у змаганні за свабоду іншых, незалежна ад таго, са зброяй ці без яе яны гэта робяць.
Так ці інакш, мы насамрэч не ведаем ані як працуе негвалтоўнасць, ані як працуе гвалт. І ў тым ліку нам не да канца вядома, чаму ў Беларусі, як нам падаецца, не спрацаваў масавы гвалт з катаваннямі ўзору 9-12 жніўня 2020, які падаецца нам больш страшным чым турма, — затое нібыта спрацавала практыка даваць доўгія турэмныя тэрміны з любой нагоды ці нават без яе? А знаходжанне адказу на пытанне можа, на нашую думку, паспрыяць знаходжанню сацыяльных і псіхалагічных механізмаў пераадолення страху перад рэжымам. Напрыклад, мажліва, рашэннем тут будзе пераадоленне страху перад турмой праз дэстыгматызацыю турмы і праз дапамогу зняволеным увогуле, а далёка не толькі палітычным?

partyzanski_marsz_fota_aljaksandra_zjankovicza__9__logo_1.jpg


Ці можа ўвогуле на перамогу спрацуе культ пакутніцтва. А можа і наадварот, варта не фіксавацца на гераічных сцэнарах, а рабіць стаўку на невялікія дзеянні ў бяспечным і даступным фармаце; а можа і тое і тое адначасова. Але, так ці інакш, у нашыя часы, каб зрабіць рэвалюцыю, трэба думаць над новымі спосабамі змагання, і, у прыватнасці, пераадолення механізмаў, з дапамогай якіх рэжым утрымлівае ўладу. Нам падаецца, што спосабы процістаяння гвалту могуць быць адначасова эфектыўнымі і негвалтоўнамі, і многія з іх чалавецтву яшчэ варта вынайсці.
Яшчэ варта адзначыць такі забабон, ці кагнітыўнае скажэнне: калі нешта адбываецца, калі падзеі паварочваюцца тым ці іншым чынам, нам у рэтраспектыве падаецца, што менавіта да гэтага ўсё і ішло, і іначай не магло быць. Можна прыгадаць эксперымент Лінды Карлі: людзям зачытвалі апавяданне ад імя жанчыны пра тое, як яна абедае са сваім начальнікам у рэстаране, потым яны падымаюцца ў яе кватэру і выпіваюць па бакалу віна, — але розным удзельнікам яно было прадстаўлена з двума рознымі фіналамі: у адным мужчына рабіў ёй прапанову пабрацца шлюбам, а ў іншым — гвалціў яе. Тыя, хто чыталі першы варыянт, не бачылі ў шчаслівым фінале нічога незвычайнага і захапляліся і героем, і гераіняй; а тыя, хто другі — казалі, што менавіта такой развязкі і варта было чакаць, і дакаралі гераіню за тыя самыя паводзіны, якія чытачам першага варыянту падаваліся бездакорнымі.
Паводле той жа логікі цяпер можна пачуць, што спадзевы 2020 года былі «наіўныя», а рэжым Лукашэнкі вельмі моцны. Аднак калі бы ўлетку 2020 адбылася перамога, то, мяркую, казалі бы, што рэжым быў і слабы ці мяккі (вой, як мяне дастала асацыяванне мяккасці са слабасцю, а жорсткасці з сілай — ну ды што рабіць, калі пра многія рэжымы, якія скончыліся перамогай пратэстаў, кажуць, што яны нібыта былі мяккія, нават калі пазнішчалі сотні ці тысячы людзей!), і што ўвогуле іначай і быць не магло!
Дарэчы, калі б Лукашэнка 9 жніўня 2020 выкарыстаў свой апошні шанц сысці прыгожа, падараваў бы Ціханоўскай букет кветак, прызнаў сваю паразу і хуценька змыўся, нагрузіўшы, як той Бен Алі, самалёт золатам, і потым з бяспечных для былых дыктатараў краінаў весяліў бы свет перламі з інтэрв’ю — то амаль усе казалі бы, што ён быў зусім не дыктатар, што ягоны аўтарытарызм быў вельмі мяккі. І тым больш так казалі бы крытыкі ідэі негвалтоўных супраціваў: яны бы дадавалі, што ён проста сышоў пасля выбараў, — і яны бы забываліся і на чэргі паставіць подпіс за альтэрнатыўнага кандыдата, і іншыя прыгоды перадвыбарчай гісторыі, на народную мабілізацыю... А Лукашэнка ж мог так зрабіць — у яго, як і ў кожнага з людзей, ёсць свабодная воля.

belarus2020_novy_czas_dzmitryj_dzmitryeu24.jpg


Ну, а калі мы нарэшце пераможам, — то таксама будуць казаць, што гэта было прадказальна.
Але пакуль поспеху няма, нам падаецца, што людзі нешта рабілі няправільна — хаця ў палітыцы дзейнічае вельмі шмат фактараў, і вельмі важныя выпадковасці, збегі абставінаў. Я веру ў Провід Божы, але тут мы, аналізуючы матэрыяльны свет, будзем казаць пра выпадковасць, шанц. Адныя й тыя ж метады часам дапамагаюць, а часам не, дзякуючы збегам абставінаў, у якіх ніхто не мае поўнага кантролю над сітуацыяй, якая складаецца з безлічы розных людзей, на ўсіх узроўнях, кожны з якіх мае свабодную волю, магчымасць прымаць розныя рашэнні.
Такім чынам, мы бачым, даследаванні Эрыкі Чэнавет і каманды даюць шмат карыснай і цікавай інфармацыі, але не даюць адказу на самае істотнае для нас пытанне: як нам нарэшце дарабіць да канца рэвалюцыю ў Беларусі? Адно відавочна: і негвалтоўныя рухі, і негвалтоўныя паўстанні часам перамагаюць, і часам не, і гэта адбываецца ў розных умовах, а рэчаіснасць, бачанне якой нам часткова пашыраюць навуковыя даследаванні, хавае ад нас шмат нечаканага.

А каб падвысіць верагоднасць, што нам пашанцуе, трэба працягваць спробы.


Бонус: 25 крыніц інфармацыі, якія аўтарка раіць для самастойнага вывучэння

    1. Забастовка на БМЗ: Нужно повторить! 2021 Народная грамада, беседа Вероники Мищенко с Олегом Шанюком, 17 августа 2021 года.

    2. ИЛЛАРИОНОВ, Андрей, 2019. Фальшивое "правило 3,5 процента". Блог автора в Живом Журнале. 

    3. ИЛЛАРИОНОВ, Андрей, 2020. Блог автора в Живом Журнале 

    4. КАЦ, Максим, 2020. Как мирная революция победит в Беларуси?  28 августа 2020 г. 

    5. КАЦ, Максим, 2021. Как правильно принимать решения и при чем здесь покер

    6. МИЛОВ, Владимир, 2021. Работает ли мирный протест? Ютуб-канал Владимира Милова 

    7. ПОБЕДИНСКИЙ, Дмитрий, 2020. Существует ли судьба с точки зрения физики? Ютуб-канал «Физика от Побединского». 

    8. РЯБЧЕНКО, Анастасия И., 2017. Социальный конфликт как импульс развития демократии. Вестник Московского университета, сер. 12. Политические науки. 2017, N 3.

    9. ЦВЕТКОВА, Наталья А., 2019. Дискурс «Цветных революций». Постсоветские исследования. Т. 2. N 2 (2019).

    10. ЧЕНОВЕТ, Эрика. Вперёд, к новым свержениям! «Правила жизни», N 73, 09.11.2011. 

    11. ШАРП, Джын. Ад дыктатуры да дэмакратыі. Канцэптуальныя асновы вызвалення. Інстытут імя Альберта Эйнштэйна (ЗША). 

    12. CHENOWETH, Erica, 2011. Civil resistance quantified. USIP-ICNC. International Centrer of Nonviolent Conflict. 

    13. CHENOWETH, Erica, STEPHAN, Maria, 2012. Why Civil Resistance Works. The Strategic Logic of Nonviolent Conflict. Columbia University Press.

    14. CHENOWETH, Erica, LEWIS, Orion A., 2013. Unpacking nonviolent campaigns: Introducing the NAVCO 2.0 dataset. Journal of Peace Research, may 2013, vol. 50, No 3.

    15. CHENOWETH, Erica, 2014. The success of nonviolent civil resistance: Erica Chenoweth at TEDxBoulder. TEDxTalks. 

    16. CHENOWETH, Erica, 2015. Nonviolent Discipline and Violent Flanks. ICNC International Center of Nonviolent Conflict, 10 june 2015. 

    17. CHENOWETH, Erica, PERKOSKI, Evan, KANG, Sooyeon, 2017. State Repression and Nonviolent Resistance. The Journal of Conflict Resolution, vol 61, No 9, (October 2017).

    18. CHENOWETH, Erica, 2017. Trends in Nonviolent Resistance and State Response: Is Violence Towards Civilian-based movements on the rise? Global Responsibility to Protect, No 9 (2017), pp 86-100.

    19. CHENOWETH, Erica, ULFELDER, Tay, 2017. Can Structural Conditions Explain the Onset of Nonviolent Uprisings? The Journal of Conflict Résolution, vol. 61, No 2 (February 2017), pp 298-324.

    20. CHENOWETH, Erica, HENDRIX, Cullen S., HUNTER, Kyleanne, 2019. Introducing the Nonviolent Action in Violent Contexts (NVAVC) dataset. Journal of Peace Research, January 21st, 2019.

    21. CHENOWETH, Erica, 2020. Questions, Answers, and Some Cautionary Updates Regarding the 3,5% Rule. Carr Center Discussion Paper, Harvard University.

    22. CHENOWETH, Erica, 2020. The paradox of civil resistance in the XXIst century. Wellesley college, january, 9, 2020 

    23. CHENOWETH, Erica, 2021. Erica Chenoweth Keynote from the 2021 Social Practice of Human Rights (SPHR) conference - Between Peril & Potential. University of Dayton 

    24. NAVCO Data Project. Harvard University (базы даных даследаванняў Чэнавет з калегамі) 

    25. Waging Nonviolence. People Powered News & Analysis (партал навінаў і аналітыкі па негвалтоўным грамадзянским дзеянні ў свеце).