«А што здарылася?» У разгоне антываенных акцый у Маскве не ўдзельнічае Расгвардыя

Па назіраннях тэлеграм-канала «Можам патлумачыць», у аб'ектывы камер журналістаў у Маскве патрапілі супрацоўнікі 2-га спецыяльнага палка паліцыі, а Расгвардыі і іх тэхнікі на разгонах мірных сходаў не заўважана.

photo1663760959.jpeg


Па даных Бі-Бі-Сі, за час вайны ва Украіне загінулі амаль 250 байцоў спецатрада Расгвардыі. Таксама СБУ публікавала відэа з палоннымі байцамі расійскай Расгвардыі, дзе тыя распавядалі, што іх задачамі былі захоп Кіева і барацьба з супрацівам грамадзянскага насельніцтва.

У Пецярбургу затрымлівалі і збівалі дэманстрантаў менавіта расгвардзейцы. У паўночнай сталіцы пратэстоўцы сабраліся ля Ісакіеўскага сабора і скандавалі «Не вайне!». Паліцыянты ўзялі іх у кола і пачалі затрымліваць. Актывістаў пры гэтым збівалі дубінкамі. Паліцыянты і аўтазакі стаялі і ля Гасцінага двара, але там пратэстуючых не было.

У Маскве дэманстранты засяродзіліся ў пачатку Старога Арбата. Мяркуючы па відэа, на акцыю ў Маскве выйшла не так шмат людзей, у параўнанні з пратэснымі акцыямі пачатку года. Тым не менш, людзі супраціўляліся затрыманням, аб'ядноўваючыся ў счэпкі і спрабуючы адбіць тых, каго паліцэйскія спрабавалі пацягнуць у аўтазак. У абодвух гарадах у антываенных акцыях удзельнічала нямала жанчын.

У розных гарадах людзі выходзяць на пратэсты праз мабілізацыю, абвешчаную Уладзімірам Пуціным. Паліцыя разганяе ўдзельнікаў, літаральна хапаючы ўсіх запар.

У Екацярынбургу сілавікі паводзілі сябе асабліва груба — людзей клалі тварам у асфальт, выдзіралі з натоўпу. У гэтым жа горадзе затрымалі былога дэсантніка Андрэя Дэбу, які праводзіў адзіночны пікет з карцінай Сальвадора Далі «твар вайны».

У Новасібірску паліцыя затрымала мужчыну, які заявіў, што «не хоча паміраць за сілавікоў і прэзідэнта».

У Іркуцку сілавікі разагналі мітынг, у якім прынялі ўдзел 60 чалавек. Затрымалі і дзяўчат — без тлумачэння прычын. Таксама акцыі пратэсту праходзяць у Краснаярску, Ліпецку, Арле, Новасібірску, Барнауле.

Паводле звестак «ОВД-Инфо», агульная колькасць затрыманых у 23 гарадах набліжаецца да 800.