Апазіцыя заклікала расійцаў на антываенныя мітынгі і да падпальвання ваенкаматаў
У Расіі анансавалі акцыю пратэсту супраць мабілізацыі, якую ў сераду, 21 верасня, абвясціў Уладзімір Пуцін.
Актывісты заклікаюць расійцаў выходзіць на пратэсты ва ўсіх гарадах краіны. Старт акцыі запланаваны на 21 верасня ў 19.00 па мясцовым часе.
«Толькі што Уладзімір Пуцін абвясціў частковую мабілізацыю ў Расіі. Гэта азначае, што тысячы рускіх мужчын — нашы бацькі, браты і мужы — будуць кінуты ў жарало вайны. За што яны будуць паміраць? За што маці і дзеці будуць праліваць слёзы? За палац Пуціна?» — гаворыцца ў паведамленні расійскага руху «Вясна».
Паплечнік расійскага апазіцыянера Аляксея Навальнага Іван Жданаў заклікаў расійцаў выходзіць на вулічныя акцыі, а таксама падпальваць ваенкаматы ў знак пратэсту, піша выданне Meduza.
«Наша каманда падтрымае любыя формы пратэсту. Калі вы ўцякаеце ад прызыву — гэта добра, мы падтрымліваем, мы гатовыя аказваць інфармацыйную, юрыдычную дапамогу. Калі вы выходзіце на акцыі пратэсту — мы падтрымліваем гэта, мы гатовыя аказваць каардынацыйную дапамогу, якую неабходна», — заявіў Жданаў.
У штабе Навальнага таксама ўхваляюць падпалы расійцамі ваенкаматаў у знак пратэсту. У гэтым выпадку пратэстоўцам таксама абяцаюць дапамогу.
У той жа час у Маскве асцерагаюцца мітынгаў супраць мабілізацыі, якую сёння абвясціў прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін.
Як пішуць расійскія СМІ, супрацоўнікаў паліцыі выклікаюць па трывозе з-за запланаванага на сёння на 19:00 антываеннага мітынгу.
«Усе супрацоўнікі павінны быць у касках, са шчытамі і дубінкамі», — гаворыцца ў паведамленні тэлеграм-канала «Baza».
Сцвярджаецца, што маскоўскіх паліцэйскіх, у тым ліку 1-ы і 2-і спецпалкі, па трывозе збіраюць да 14 гадзін.