Павел Латушка: Аб'яднаны пераходны кабінет Беларусі будзе дабівацца вываду ўзброеных сіл РФ з тэрыторыі Беларусі

Прадстаўнік Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі па пытаннях транзіту ўлады Павел Латушка пракаментаваў абвешчаную ў Расіі мабілізацыю. На яго думку, «дзеянні краіны-агрэсара Расіі і марыянетачнага рэжыму Лукашэнкі ўяўляюць для Беларусі прамую пагрозу страты незалежнасці і суверэнітэту».

367f685eeb4da9b4dabbde06bd218d8e.jpg


«Мы будзем аказваць усямерную падтрымку Украіне па адбіцці ваеннай агрэсіі Расіі, абароне тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту, у тым ліку шляхам арганізацыйнай і тэхнічнай падтрымкі беларускага добраахвотніцкага і партызанскага руху ў барацьбе за адстойванне незалежнасці Беларусі і Украіны», — заявіў ён.

Латушка як прадстаўнік Кабінета па пытаннях транзіту ўлады звярнуўся да беларусаў з заклікам «быць гатовымі да прымянення натуральнага права на паўстанне і супраціўленне». Гэта значыць, сярод іншага:

  • сабатаваць любыя віды мабілізацыі, абвешчанай марыянеткай Лукашэнкам, у тым ліку ў сферы эканомікі;
  • ажыццяўляць любыя дзеянні, накіраваныя на барацьбу з расійскімі акупантамі, падтрымку Украіны і адхіленне рэжыму Лукашэнкі ад улады.

«Заклікаю ўсіх нашых міжнародных партнёраў ва ўльтыматыўнай форме прымяніць увесь даступны інструментарый для ціску на рэжым Лукашэнкі з мэтай пазбаўлення Расіі яе адзінага саюзніка ў вайне. “Рускі мір” асуджаны не ўвайсці, а з ганьбай адысці ў гісторыю разам з Пуціным і яго марыянеткай Лукашэнкам», — сказаў Латушка.

«Але вельмі шмат залежыць ад хуткасці прыняцця рашэнняў і рашучасці нашых сумесных дзеянняў па падтрымцы Украіны і адстойванні незалежнасці Беларусі», — дадаў ён.