Абвешчаная Пуціным частковая мабілізацыя абрынула расійскія рынкі

Расійскія рынкі адрэагавалі на ўвядзенне частковай мабілізацыі ў Расіі моцным абвалам. Яны падаюць другі дзень запар — такое ў апошні раз было ў лютым, пасля нападу Расіі на Украіну.

163910_o.jpg


Да 10:43 па маскоўскім часе індэкс Масбіржы абваліўся больш чым на 4%, а індэкс РТС — на 5%, перадае ВВС.

Нават расійскі рубель, які да гэтага ўпарта трымаўся, нягледзячы на чаканне мабілізацыі, пачаў таннець. Курс долара з раніцы вырас на 1,4 рубля да 62 рублёў за долар, а курс еўра падаражэў амаль на 80 капеек да 61,4 рубля. Затым рубель пачаў адыгрываць страты і ўжо да 10:40 зноў пачаў умацоўвацца да еўра.

Варта зазначыць, што следам за расійскім рублём «штарміла» і беларускі рубель. На валютных таргах БВФБ 21 верасня 2022 года курс долара вырас на 2,23 капейкі або 0,88% да 2,5550 рубля пры аб'ёме таргоў $25,1 млн. Курс кітайскага юаня вырас на 1,05 капейкі або 0,29% да 3,6156 рубля за 10 юаняў пры аб'ёме таргоў 14,5 млн.юаняў.

Курс расійскага рубля знізіўся на 1,7 капейкі або 0,4% да 4,1956 рубля за 100 расійскіх рублёў пры аб'ёме таргоў 2078,2 млн расійскіх рублёў. Курс еўра знізіўся на 0,5 капейкі або 0,2% да 2,5353 рубля пры аб'ёме таргоў 33,5 млн.еўра.

Як бачым, курсы валют, якія найменш падвергнутыя «ваеннаму фактару» (долар і юань), выраслі. У той час як еўра і расійскі рубель (валюты, умоўна «ў зоне ваенных дзеянняў») упалі.

Напярэдадні расійскія рынкі таксама падалі — ужо тады чакалі мабілізацыі, а ўлады самаабвешчаных ДНР, ЛНР і часткова акупаваных Расіяй Херсонскай і Запарожскай абласцей абвясцілі аб «рэферэндумах» па далучэнні да Расіі. Індэкс Масбіржы па выніках аўторка ўпаў больш чым на 8%.

Аналітыкі наўпрост звязваюць абвал каціровак з «навінамі палітычнага характару» і ростам «геапалітычных рызык».

«Індэкс Масбіржы, мяркуючы па ўсім, накіроўваецца ў вобласць мінімумаў за апошнія гады», — пішуць аўтары эканамічнага блога MMI.

Расійскія рынкі ў апошнія месяцы былі дастаткова стабільнымі, нягледзячы на вайну ва Украіне, якая працягваецца ўжо больш за паўгода, і ўведзеныя супраць Расіі санкцыі. Шмат у чым гэта было звязана з сыходам замежных інвестараў або ўведзенымі расійскімі ўладамі абмежаваннямі ў іх адрас.

Мабілізацыя справакавала чарговую хвалю падзення рынкаў. Хутчэй за ўсё, гэта звязана са страхам, як гэта адаб'ецца на эканоміцы краіны, якая і так знаходзіцца не ў самай добрай форме.

Вольга Шаміна, рэдактар аддзела эканомікі Рускай службы Бі-бі-сі, каментуе:

«Пакуль большасць прагнозаў кажуць пра тое, што крызіс будзе дастаткова працяглым, але не вельмі рэзкім. Наступствы гандлёвых санкцый будуць прыкметныя толькі ў аддаленай перспектыве, калі пагоршыцца адставанне Расіі ад іншых краін свету ў тэхналагічным плане.

Мабілізацыя можа моцна змяніць гэтыя прагнозы. Фактычна частка насельніцтва сыдзе на вайну — гэта значыць, што яны не будуць ні працаваць, ні марнаваць грошы. Такім чынам упадзе выпуск і спажыванне.

Праца кампаній таксама будзе пераарыентавана на ваенныя патрэбы, а значыць выпуск “грамадзянскіх” тавараў і інвестыцыі ва ўласнае развіццё будуць моцна скарочаны.

Фактычна крызіс, які мог бы быць плаўным і зацяжным, можа ў выніку ператварыцца ў глыбокае падзенне з павольным аднаўленнем. Гэта і можа палохаць інвестараў».