Незадаволеныя яшчэ могуць з'ехаць з Расіі. Пакуль іх ніхто не трымае

З’ехаць, пакуль не прыйшла позва, можна. Але кіраўнік камітэта Дзярждумы РФ па абароне «параіў» грамадзянам Расіі не выязджаць за мяжу і нават не перамяшчацца па краіне.

_ty_zapisalsja_dobrovolcem_.jpg

Старшыня камітэта Дзярждумы РФ па абароне Андрэй Картаполаў заявіў, што ў Расіі не будзе абмежаванняў на перамяшчэнне для грамадзян, якія падлягаюць мабілізацыі да таго моманту, пакуль ім не прыйшла позва. Але вельмі «раіў» грамадзянам не выязджаць за мяжу і нават не перамяшчацца па краіне.

«У нас частковая мабілізацыя. Яна тычыцца не ўсёй краіны. Таму дадатковых абмежаванняў, на мой погляд, уводзіцца не будзе. Вы можаце спакойна паехаць у Краснаярск або ў Омск, але я б вам не раіў ехаць адпачываць у Турцыю», — сказаў ён журналістам. Картаполаў дадаў, што чалавек можа свабодна перамяшчацца па Расіі, пакуль яму не прыйшла позва з ваенкамата. «Але лепш гэтага не рабіць», — сказаў Картаполаў.

Зрэшты, чалец Савета па правах чалавека пры прэзідэнце РФ Кірыл Кабанаў адзначыў, што ва ўмовах частковай мабілізацыі за мяжу могуць выязджаць мужчыны, якім яшчэ не прыйшла позва: «Юрыдычна яны могуць выязджаць за мяжу, таму што ў кагосьці ваенны білет абмежаваны — і ён прыдатны толькі ў ваенны час. Ён жа не падпадае пад частковую мабілізацыю? Не падпадае. Ён можа выязджаць».

Юрысты адзначаюць, што згодна з Законам «Аб мабілізацыйнай падрыхтоўцы і мабілізацыі ў РФ», грамадзянам, якія стаяць на вайсковым уліку, з моманту абвяшчэння мабілізацыі забараняецца выезд з месца жыхарства без дазволу ваенных камісарыятаў. Але ў законе не згадваецца частковая мабілізацыя.

Зрэшты, атрымліваецца, што незадаволеныя могуць паспець з’ехаць.

Як будзе праходзіць мабілізацыя, яшчэ ніхто не ведае.

Планы ўладаў патлумачылі крыніцы, блізкія да ўладаў, журналістам «Медузы»: «Запросяць, каб зверыць даныя. Будуць настойліва прапаноўваць добраахвотна падпісаць кантракт. На многіх атрымаецца націснуць, у тым ліку згадваннем новых крымінальных артыкулаў. Не ўсе людзі юрыдычна пісьменныя. А тых, хто не пагодзіцца, адпусцяць і мабілізуюць потым. Ужо не добраахвотна».

Нагадаем, сёння, 21 верасня, прэзідэнт Уладзімір Пуцін абвясціў частковую мабілізацыю. Міністр абароны Сяргей Шайгу заявіў, што ў войска плануюць прызваць 300 тысяч рэзервістаў. Аднак колькі насамрэч чалавек збіраюцца мабілізаваць, застаецца таямніцай. Таму што ва ўказе Пуціна ёсць пункт «для службовага карыстання» — і менавіта ў ім, па словах прэс-сакратара кіраўніка РФ Дзмітрыя Пяскова, называецца колькасць мабілізаваных — а змест гэтага пункта невядомы.

Паводле meduza.io, РІА «Новости»