Святлана Ціханоўская: «Цяпер галоўнае пытанне — ці ўцягнуць два дыктатары ў крывавую бойню беларусаў?»

Дэмакратычная лідарка Беларусі пракаментавала абвяшчэнне Уладзімірам Пуціным частковай мабілізацыі ў Расіі і перасцерагла беларускіх грамадзян (найперш, вайскоўцаў) ад удзелу ў баявых дзеяннях супраць Украіны.

photo_2022_09_16_15_34_18.jpg


«Сёння Пуцін афіцыйна прызнаў, што жыццё чалавека нічога не вартае, калі яго “спецаперацыя” за сем месяцаў не прывяла да поспеху. Ваенная мабілізацыя толькі для выгляду названа частковай, у канчатковым выніку паміраць ні за што адправяць людзей незалежна ад узросту, прафесіі і ваеннага стажу. І цяпер галоўнае пытанне для нашай краіны — ці ўцягнуць два дыктатары ў гэтую крывавую бойню беларусаў?» — выступіла са зваротам Святлана Ціханоўская.

На яе думку, ні беларускае войска, ні беларускае грамадства не падтрымліваюць вайну супраць Украіны. «У беларусаў ніколі не было цягі да гвалту або амбіцый заваёўваць чужыя тэрыторыі. Апошняя вайна, у якую былі ўцягнутыя беларусы — гэта трагічны для народа і ганебны для ўлады вопыт у Афганістане. Людзей адпраўлялі ваяваць дзеля незразумелых палітычных мэт, а яны вярталіся адтуль у цынкавых трунах. Лукашэнка ўжо шмат разоў ішоў супраць волі народа, але калі ён адпраўляе беларусаў паміраць на вайне — гэта ўсё роўна, што ён заходзіць у дом кожнай беларускай сям'і і сваімі рукамі забівае бацьку ці сына», — лічыць Ціханоўская.

Яна заклікала ўсіх беларусаў памятаць: «Гэты чалавек (Лукашэнка — Рэд.) здаў частку суверэнітэту Беларусі. Ён не ў стане абараніць наш народ ад вайны, ён толькі ўцягвае нас у яе яшчэ больш. Я заклікаю беларускія войскі і ўсіх, хто можа патрапіць пад мабілізацыю ў выпадку яе абвяшчэння: не выконвайце злачынных загадаў. Не выходзьце на сувязь з ваенкаматамі, калі яны спрабуюць знайсці вас, калі трэба, часова змяніце месца жыхарства, паспрабуйце арганізаваць сваю бяспеку. Калі бачыце, што пачалася падрыхтоўка да мабілізацыі, паведамляйце пра гэта медыя і актывістам. Дазнавайцеся навіны ад калег і сяброў, аператыўна дзяліцеся інфармацыяй з тымі, хто не чытае незалежныя СМІ. Калі вас ужо адправілі на вайну — складайце зброю, беларускае грамадства вас падтрымае. Ніводзін беларус не павінен паміраць за амбіцыі Пуціна і памылкі Лукашэнкі».

Нагадаем, сёння Пуцін абвясціў аб частковай мабілізацыі ў Расіі. Прызыву падлягаюць тыя, хто знаходзяцца ў запасе, ужо служыў і мае пэўныя спецыяльнасці і вопыт. Мінабароны РФ плануе мабілізаваць 300 тысяч рэзервістаў.