Пётра Рудкоўскі: Лукашэнка больш не кажа, што Беларусь не ўдзельнічае ў вайне, і гэта насцярожвае

Дырэктар акадэмічнага Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Пётра Рудкоўскі расказвае, што яго трывожыць у апошніх заявах Лукашэнкі, тлумачыць, як мяняюць сітуацыю абвешчаныя рэферэндумы ў ДНР і ЛНР, і аналізуе, як апошнія заявы Лукашэнкі могуць паўплываць на абвешчаную амністыю.

013_rs.jpg


— Вось ужо другі дзень Лукашэнка сустракаецца з сілавікамі — міністрам абароны, сакратаром Рады бяспекі, старшынёй Мытнага камітэта — і падчас гэтых сустрэч зрабіў шмат даволі рэзкіх мілітарысцкіх заяў. Чым можна патлумачыць ягоныя рэзкія выказванні? Магчыма, на фоне навін з Масквы Лукашэнка, які загадзя ведаў пра планы Крамля, адпаведна на іх рэагуе?

— Мы можам назіраць абвастрэнне рыторыкі, якая, канечне, даўно была заўважна антызаходняя, антыўкраінская, але зараз яна акумулявалася максімальна густа і агрэсіўна. Вельмі выразна былі падкрэслены саюзніцкія абавязкі Беларусі адносна Расіі.

Таксама заслугоўвае сур’ёзнай увагі абвяшчэнне рэформы канцэпцыі нацыянальнай бяспекі, якая будзе вынесена на «ўсеагульнае абмеркаванне». Вядома, гэта імітацыя, але яна сведчыць пра жаданне надаць гэтай канцэпцыі большую легітымнасць. З іншага боку, гэта можа быць проста звязана з тым, каб зацягнуць час.

— Цяперашняя канцэпцыя нацыянальнай бяспекі дастаткова ўзважаная, «шматвектарная», ніхто з суседзяў там не называецца ворагам. Здаецца, у цяперашняй сітуацыі можна чакаць толькі аднаго — заходнія суседзі Беларусі будуць названыя ворагамі, яна набудзе большую прарасійскасць.

— Калі падыходзіць здалёк да гэтай тэмы, то варта заўважыць, што стратэгічная паслядоўнасць ніколі не была моцным бокам беларускага рэжыму. За час падрыхтоўкі выніковага дакумента «Канцэпцыі» сітуацыя можа радыкальна памяняцца, і цяперашнія заявы могуць страціць сваю актуальнасць.

Тым не менш тое, што прагучала зараз — гэта адназначна прарасійская і антызаходняя пазіцыя. Магчыма, гэта звязана з тым, што Мінск павінен аддаваць даніну Маскве пад яе прэсінгам. Улады так званых ДНР і ЛНР абвясцілі рэферэндум аб далучэнні да Расіі, што сур’ёзна мяняе сітуацыю для далейшай хады вайны. Натуральна, гэта павялічвае эскалацыю і зноў ставіць пытанне, ці будзе прымушаны беларускі рэжым да больш актыўнага ўдзелу ў гэтай вайне.

— Лукашэнка «традыцыйна» для сябе чарговы раз казаў пра тое, як трэба «абараняць» Беларусь. Ён зноў хоча прадставіць любыя магчымыя дзеянні як прэвентыўны адказ на чужую агрэсію?

— Унутрыпалітычны чыннік выконвае тут важную, магчыма, галоўную ролю. Тут два моманты. Па-першае, улады баяцца новага выбуху пратэстаў. Чакаюцца істотныя інстытуцыйныя змены, ініцыяваныя рэжымам у выніку прыняцця новай Канстытуцыі.

Па-другое, Беларусь — адна з нямногіх краін рэгіёна, дзе выдаткі на нацыянальнае войска вельмі нізкія, не перавышаюць 1,5 працэнта ад ВУП. У рэгіёне Беларусь тут на другім з канца месцы (апошняя — Малдова) па мізэрнасці фінансавання Узброеных сіл.

Цікава, што ў рыторыцы Лукашэнкі ўзровень знешніх пагроз увесь час нібыта расце, і гэта ў яго прасочваецца гадамі. Але адначасова з гэтым фінансаванне арміі як знізілася ў 1995 годзе, так і застаецца на вельмі малым узроўні, нават зніжаецца ў прапорцыях да бюджэту. Таму Мінск падкрэслівае наяўнасць супольнай вайсковай групоўкі з Расіяй — маўляў, навошта даваць грошы на сваё войска, калі нас заўсёды абароніць Расія.

Але за такую пазіцыю даводзіцца плаціць — залежнасцю свайго войска ад чужога.

— Абвяшчэннем рэферэндумаў у ДНР і ЛНР, а таксама, магчыма, і ў іншых захопленых рэгіёнах Пуцін падымае стаўкі ў гэтай вайне. Аналітыкі кажуць, што гэта адбываецца ў тым ліку таму, што на саміце ШАС Расія не займела ніякай падтрымкі ад моцных азіяцкіх краін — таму Крэмль і спяшаецца.

— Мала сказаць — «не займела падтрымкі». На сустрэчы з Пуціным прэм’ер-міністр Індыі публічна і адназначна выказаўся супраць вайны. З боку іншых гэта таксама магло прагучаць кулуарна. Відавочна, што сальда ад саміту ШАС для Пуціна вельмі негатыўнае.

Выглядае, што Крэмль вырашыў згуляць ва-банк, і гэта стварае новы ўзровень небяспекі для ўсяго свету. Пуцін, аднак, рызыкуе тут больш за ўсіх астатніх.

— Якія наступствы для Беларусі можа прынесці гэта эскалацыя вакол «рэферэндумаў»? Выглядае, што Лукашэнка ведаў пра планы Крамля, таму і пачаў сустракацца з сілавікамі.

— Мы не можам угадваць, на якой стадыі знаходзяцца ўнутраныя дамоўленасці Лукашэнкі і Пуціна. Можна здагадвацца, што Лукашэнка хацеў бы выйсці сухім з гэтай пуцінскай вады.

Але сённяшнія выказванні Лукашэнкі мяне вельмі насцярожылі. Цягам паўгода ён заўсёды ўстаўляў рэпліку, што Беларусь у вайне не ўдзельнічае, стаіць збоку, мы, маўляў, толькі падтрымліваем. Але сёння нічога падобнага не было. Была гаворка пра тое, каб пазней ніхто нічому не здзіўляўся, каб не казалі, што гэта была нечаканасць. Бо мы, маўляў, даўно ў ваенным саюзе з Расіяй, таму нічому не здзіўляйцеся. І гэта мяне вельмі насцярожвае.

— Улады абвясцілі, што да даты 17 верасня, афіцыйнага «Дня народнага адзінства», будзе прымеркавана амністыя. Але амністыі дагэтуль няма. Магчыма, гэта чыста тэхнічны аспект. Аднак ці не мяняюць выказванні Лукашэнкі, у тым ліку пра ворагаў і «свядомых», палітычны фон для гэтай амністыі?

— Цалкам магчыма. Хутчэй за ўсё, сітуацыя памянялася, бо Пуцін наважыўся на новую фазу агрэсіі, і таму Лукашэнка паўстаў перад новымі акалічнасцямі. І дзеля таго, каб не рызыкаваць магчымай дэстабілізацыяй,  цяпер справа амністыі, яе маштабы і ўмовы, магчыма, пераглядаюцца.

Хоць рэжым робіць усё, каб даць зразумець, што ніякай палёгкі і адлігі не чакаецца, яны, хутчэй за ўсё, маюць перасцярогі, што амністыя будзе ўспрынята грамадствам як праява слабасці ўлады. Занадта няўпэўнена пачуваецца рэжым, і да таго ж, відавочна, паўсталі новыя патрабаванні з боку Крамля. Хацелася б, каб гэтыя мае развагі не спраўдзіліся і як мага больш палітвязняў выйшлі б на волю, аднак апошняе развіццё падзей на вайне і заявы Лукашэнкі, на жаль, ставяць усё больш пытанняў да амністыі.

Паводле «Радыё Св*бода»