Ці гарантуюць 3,5% перамогу? Міфы і матчастка з даследаванняў Чэнавет. Частка 1

Мажліва, вы чулі пра «правіла 3,5%» і іншыя сцвярджэнні пра тое, што негвалтоўныя пратэсты больш эфектыўныя за ўзброеныя паўстанні. Мажліва, вы натхняліся прамовамі Каца ў 2020 — а цяпер пачулі абвінавачванні яго ў тым, што нашая рэвалюцыя тады не перамагла.

zanoczy_marsz_fota_dzmitryja_dzmitryeva__16__logo_2.jpg

«Правіла 3,5%» выведзенае з даследавання палітолага Гарвардскага універсітэту Эрыкі Чэнавэт. Аналізуючы гвалтоўны і негвалтоўны супраціў у ХХ стагоддзі, яна высветліла, што мірныя пратэсты больш эфектыўныя за ўзброеныя канфлікты: яны ў два разы часцей дасягаюць поспеху. Таксама ў даследаванні не аказалася кейсаў, калі пратэстоўцы не дамагаліся сваіх мэтаў напрацягу года, калі ў акцыях пратэсту актыўна ўдзельнічала 3,5% і больш ад усяго насельніцтва краіны.
Эрыка Чэнавет адзначыла, што хоць 3,5% — невялікая меншасць, такі ўзровень актыўнага ўдзелу азначае, што значна больш людзей маўкліва салідарныя з пратэстоўцамі.

nehvaltouny_pratest_belarus2020_novy_czas_dzmitryj_dzmitryeu24.jpg

Аматары супраціву, зыходзячы з гэтага даследавання, пачалі ўсяляк папулярызаваць лічбу ў 3,5%, зрабіўшы з яе «правіла». Раней за Каца даследаванне Чэнавет і тэзіс пра 3,5 працэнта папулярызаваў іншы расійскі блогер, Ягор Жукаў, якога за гэта нават судзілі і ледзь у турму не адправілі, назваўшы прапаганду выключна мірнага пратэсту экстрэмізмам (чым, на жаль, беларусаў ужо не здзівіш). Сярод іншых папулярызатараў адкрыццяў Чэнавет можна назваць Дэвіда Робсана, чый тэкст, апублікваны BBC, быў перакладзены і на рускую мову.
З іншага боку, напрыклад, Андрэй Іларыёнаў, былы дарадца Пуціна, а цяпер вядомы яго крытык, называў Эрыку Чэнавет шарлатанкай і абвінавачваў яе ў фальсіфікацыі звестак.
Хто ў гэтай завочнай палеміцы мае рацыю? Падзякаваўшы спадарам Жукаву і Кацу за папулярызацыю вельмі цікавых даследаванняў, а спадару Іларыёнаву — за крытыку, якая падштурхнула нас шукаць больш дэталёвай інфармацыі, паспрабуем разабрацца. З гэтай мэтай мы найперш пракаментуем выказванні Іларыёнава і Каца.
 — Беларуская рэвалюцыя зноў нагадала пра нерэлевантнасць… карціны, намаляванай грамадзянамі, што паверылі фантастычным творам наіўнага летуценніка Джына Шарпа ці цынічнай падманшчыцы з Гарварда Эрыкі Чэнавет. Як было ўжо паказана, прынамсі, на прыкладзе венесуэльскіх пратэстаў, ніякага “правіла 3,5%” не існуе… Няма ніякіх падставаў лічыць, што 3,5% грамадзянаў, якія выходзяць на вуліцу з пратэстам супраць рэжыму, дастаткова для змены ўлады… Прынцыповае пытанне заключаецца не ў колькасных суадносінах бакоў, а ў іх уменні і гатоўнасці прымяняць гвалт.
Пры ўсёй павазе да Іларыёнава і прызнанні ягонай рацыі ў многіх іншых тэмах, у гэтым выпадку ён, падобна, памыляецца. Бо з навуковай карэктнасцю ў Чэнавет усё ў парадку. Мы гэта сцвярджаем не толькі на той падставе, што Гарвард проста так навуковых ступеняў, пасадаў і прызнання не дае — але і таму, што ў тэкстах Чэнавет даволі падрабязна апісаная яе метадалогія.
Іншая справа, што з апісання метадаў вынікаюць і іхнія абмежаванні, якія не дазваляюць абсалютызаваць высновы.

_000031__logo_2.jpg

За кампанію прымаецца паслядоўнасць некалькіх падзеяў ці тактык супраціву, скіраваных да адной з пазначаных «максімалістычных» мэтаў, з інтэрвалам як мінімум у тыдзень, у якіх бачны ўдзел як мінімум тысячы чалавек. Але ў базу даных уваходзяць толькі так званыя «максімалістычныя» кампаніі: якія маюць сваёй мэтай змяніць урад, пазбавіцца ад акупацыі ці дасягнуць тэрытарыяльнай незалежнасці (то-бок, паводле гэтых крытэрыяў не падыходзяць, напрыклад, ані нядаўнія пратэсты ў Ганконгу, якія класіфікуюцца як рух які тычыцца рэформаў, ані фемінісцкі жаночы марш у ЗША ў 2017 годзе).
Цікавымі аспектамі, але і мішэнню для крытыкі, з'яўляюцца крытэрыі перамогі ці паразы, а таксама гвалтоўнасці і негвалтоўнасці. Перамогай лічыцца сітуацыя, калі мэта кампаніі была дасягнутая на працягу года пасля яе піку: у тым сэнсе, што тое, чаго рух жадаў (змена ўлады, тэрытарыяльнае вызначэнне ці сыход акупантаў), адбылося — але безадносна прычынаў, чаму гэта адбылося.
То-бок, калі б у пачатку 2021 года Лукашэнку выкралі іншапланецяне, то, паводле крытэраў Чэнавет, гэта лічылася б перамогай беларускай рэвалюцыі.

nehvaltouny_pratest_belarus2020_novy_czas_dzmitryj_dzmitryeu12.jpg


Негвалтоўнай кампаніяй лічыцца тая, якая здзяйсняецца няўзброенымі людзьмі, што не пагражаюць і не прычыняюць непасрэднай шкоды фізічнаму дабрабыту апанентаў; а гвалтоўнай, ці ўзброенай, — тая, якая праводзіцца ўзброенымі людзьмі, ці іншым чынам прадугледжвае рэгулярнае і наўмыснае прымяненне гвалту ці партызанскіх тактык. Канешне ж, тут праблемай з’яўляецца недахоп ці адсутнасць на практыцы «ідэальных тыпаў»: супраціваў альбо выключна гвалтоўных, альбо ў чыстым выглядзе негвалтоўных; у рэальных змаганнях бываюць, напрыклад, і гвалтоўныя эпізоды пры мірных пратэстах, і паралельныя дзеянні розных рухаў і кампаній, і іншыя варыянты змешвання гвалтоўных і негвалтоўных рухаў. Але даследчыкі працягваюць лічыць рух негвалтоўным, калі ўжыванне гвалту застаецца асобнымі эпізодамі; калі ж рух перарастае ў гвалтоўны, то ён ў базе даных запісваецца як параза негвалтоўнага руху, і — як узнікненне гвалтоўнага руху.
Усё пазначанае і дазваляе Іларыёнаву кпіць з базы даных Чэнавет. Напрыклад, з таго, што першая палесцінская інтыфада там праходзіць як негвалтоўны рух. Але даследчыца гэта тлумачыць тым, што, нягледзячы на кіданне камянёў і іншыя шматлікія гвалтоўныя эпізоды, 92 працэнты палесцінскіх акцыяў таго перыяду былі негвалтоўнымі, таму першая інтыфада праходзіць як негвалтоўны рух, які атрымаў частковую перамогу (у выглядзе некаторых саступак Ізраіля), — хаця, як ужо было згадана, пры статыстычным выяўленні заканамернасцяў частковыя перамогі за перамогі не лічацца.
Але, каб даць уяўленне пра строгасць крытэраў, зазначым, што рух за вызваленне Індыі лічыцца гвалтоўным: гэта контрінтуітыўна ў святле яркай постаці Гандзі і яго вучэння пра негвалтоўнасць, але справа ў тым што занадта вялікая колькасць іншых ўдзельнікаў руху не была такой жа мірнай, як ён.
Кпіць Іларыёнаў і з негвалтоўнай перамогі руху «Не» над рэжымам Піначэта ў Чылі, бо лічыць правядзенне рэферэндуму вынікам уласнага рашэння дыктатара; што, канешне, з аднаго боку так, але з іншага — рэферэндум быў ініцыяваны з мэтай, каб дыктатару мець магчымасць застацца ва ўладзе яшчэ на восем гадоў пасля таго, як ён кіраваў больш за шаснаццаць гадоў. Ну і, улічваючы, што ягоны рэжым знішчыў больш за 3 тысячы чалавек, а агульная колькасць яго ахвяраў, — разам са знявленымі і перажыўшымі катаванні, — складае 40 тысяч, пры тым, што апазіцыі было выдзелена толькі два разы па 15 хвілінаў эфіру, прычым у нязручны час, — перамога адказу «Не» (55%) на рэферэндуме нам падаецца відавочнай перамогай народнага негвалтоўнага супраціву.
Ну, а пазначэнне Еўрамайдана як негвалтоўнага супраціву насуперак наратывам расійскай прапаганды і некаторым украінскім наратывам, нас не здзіўляе, хаця б таму, што за падзеямі Майдана аўтарка тэксту актыўна сачыла. Ужыванне кактэйляў Молатава і іншай зброі, забойствы міліцыянераў — былі эпізодамі, у якіх удзельнічала невялікая частка пратэстоўцаў адносна іх агульнай колькасці. Прыклад Майдана таксама добра ілюструе, наколькі складана бывае растлумачыць прычыны перамогі ці паразы. Напрыклад, расійскі апазіцыйны палітык Уладзімір Мілоў зрабіў выдатную перадачу «Мірны пратэст не працуе?», у якой тлумачыў, чаму прычынай перамогі Майдана быў не пераход пратэстоўцаў да гвалту, то-бок не элементы ўзброенага супрацьстаяння, а — палітычны працэс, ва ўмовах украінскай недасканалай, але дэмакратыі, з прысутнасцю апазіцыі ў парламенце, Радзе. Мілоў лічыць, што Майдан дзяржава магла бы лёгка разагнаць сілай, але пад вагай грамадскіх настрояў у Радзе сталі з’яўляцца «перабежчыкі» з лагеру Януковіча ў лагер прыхільнікаў Майдана, і сілавікі зразумелі, што ўлада іх не абароніць і пабеглі. Тым не меней, адзін сябар «Правага сектару», удзельнік Майдану і АТО, даводзіў, што сілавікі пабеглі таму, што іх пачалі забіваць. Уласна, версіі і Мілава, і майго суразмоўцы супадаюць у тым, што пераломным момантам лічыцца момант калі сілавікі пабеглі. А тлумачэнні прычынаў хутчэй дапаўняюць адно адное: напрыклад, можа сілавікі пабеглі таму, што іх пачалі забіваць і пры гэтым яны яшчэ і адчулі: няма гарантый, што дзяржаўная сістэма будзе на іх баку?

nehvaltouny_pratest_belarus2020_novy_czas_dzmitryj_dzmitryeu19.jpg

Хоць украінскі Майдан многія і проціпастаўляюць беларускім пратэстам, тут больш падстаў для аналогій, чым для проціпастаўлення: бо і там, і там — змаганне за дэмакратыю і адважныя, рызыковыя выхады людзей на вуліцы супраць дзяржаўнага гвалту. Але калі шукаць адрозненні, то дарэчы ўзгадаць, што эпізоды гвалту з боку ўдзельнікаў негвалтоўных рухаў з'яўляюцца аб’ектам увагі шматлікіх даследчыкаў, якія робяць розныя высновы наконт таго, як эпізоды гвалту ўплываюць на паспяховасць руху: адны лічаць, што гэта спрыяе поспеху, іншыя — што, надварот, перашкаджае. Так ці йначай, у палітычных працэсах дзейнічае столькі фактараў, што сярод магчымых прычынаў таго ці іншага выніку падзеяў — складана вылучыць галоўныя.
Абвінавачванні ў фальсіфікацыі даных Чэнавет даводзіцца чуць рэгулярна і ад людзей з самых розных рэгіёнаў свету. Сама даследчыца звязвае гэта з тым, што па нейкай прычыне ідэя, што негвалтоўнае змаганне ў агульным больш эфектыўнае чым узброенае, чамусьці часта выклікае непрыняцце. Тым больш, што такі ж самы недавер да ідэі эфектыўнасці негвалтоўнай палітычнай барацьбы ўзнік і ў самой Чэнавет, калі яна, вывучаючы канфлікты і спецыялізуючыся на тэрарызме, аднойчы трапіла на семінар па негвалтоўных спосабах палітычнай барацьбы. І ён і прывёў навукоўцу да колькаснага параўнання выніковасці негвалтоўных і ўзброеных рухаў у свеце. Да гэтага даследавання Чэнавет (у адрозненне ад сваёй калегі Марыі Стэфан, з якой яны разам рабілі гэтую працу) падыходзіла з пазіцыі скептыцызму да магчымасцяў негвалтоўнага супраціву, асабліва ва ўмовах жорсткіх рэпрэсіўных рэжымаў, — але вынікі, то-бок здабытыя такім чынам статыстычныя заканамернасці, падштурхнулі Чэнавет змяніць сваю пазіцыю.

nehvaltouny_pratest_belarus2020_novy_czas_dzmitryj_dzmitryeu22.jpg


У той час як некаторыя актывісты ставяцца да яе даследванняў з недаверам, іншыя, насуперак, запрашаюць яе на каву і пачынаюць пытацца, як бы ім зрынуць свае рэжымы. Але на гэта Чэнавет адказвае: «Не ведаю: ў мяне занадта сціснутыя звесткі».
Ну а самі гэтыя звесткі — базы даных — можна знайсці ў адкрытым доступе на сайце Гарвардскага ўніверсітэта.
Такім чынам, ёсць падставы лічыць Джына Шарпа зусім не «наіўным летуценнікам». Хаця спіс пералічаных Шарпам спосабаў змагання паводле вызначэння патрабуе ўдасканалення, асабліва ў святле досведу апошніх гадоў, калі мы бачым што і рэжымы напрацавалі метады змагання супраць сваіх народаў.
— За ўсю гісторыю навуковых назіранняў мірных пратэстаў супраць аўтарытарных рэжымаў яшчэ не было ў свеце ніводнага выпадку, каб мадэрнізатарскі рух, які набраў 3,5% падтрымкі ў грамадстве, пацярпеў паразу.
Відавочна, Кац выказваўся на аснове звестак 2011 года. Але цяпер інфармацыя ўдакладненая.
Наватарства Чэнавет і Стэфан у 2012 годзе было ў тым, што яны разглядалі разам і параўноўвалі і негвалтоўныя рухі, і гвалтоўныя, у той час калі імі раней займаліся розныя даследчыкі. Догма пра большую эфектыўнасць гвалту, мажліва, таму і з'явілася, што тыя, хто яго даследаваў, не даследавалі іншыя формы супраціву.

nehvaltouny_pratest_belarus2020_novy_czas_dzmitryj_dzmitryeu5.jpg

Даследаванне базы даных NAVCO 1.1, складзенай на падставе інфармацыі пра ўсё рухі, узброеныя і негвалтоўныя, пра якія даследчыцы здолелі знайсці інфармацыю, якія адбываліся у розных кратнах свету з 1900 па 2006 гады, — паказала, што негвалтоўныя рухі дасягаюць сваіх мэтаў часцей, чым узброеныя паўстанні. Больш за тое, пасля перамогі негвалтоўных рухаў значна часцей адбываецца дэмакратызацыя.
Хаця ёсць і трэнд дэмакратызацыі ўвогуле ў тых краінах, у якіх прайшлі негвалтоўныя спробы змяніць рэжым, нават калі гэтыя спробы не дасягнулі сваёй мэты. На той момант таксама выявілася, што не толькі негвалтоўныя рухі набываюць папулярнасць, але і з цягам часу робяцца ўсё больш эфектыўнымі.
На падставе гэтай першай базы даных, NAVCO 1.1, і атрымалася, што ніводная кампанія, удзел у якой дасягаў 3,5 працэнта, не пацярпеў паразы.
Але ў 2019 Чэнавет з калегамі ўдакладнілі інфармацыю, сабраўшы іншую, больш падрабязную, базу даных, пад назвай NAVCO 2.0, у якую былі ўнесеныя яшчэ і іншыя кампаніі, — былі ўключаныя 250 кампаній ад 1945 да 2014. І тады выявіліся два выключэнні: узброенае паўстанне ў Брунэі, маленькай манархіі, у якім удзельнічала 4000 чалавек, што складае 4 працэнты насельніцтва, і якое не перамагло, — і выступленне супраць караля Хамада ў Бахрэйне, у якім удзельнічала 100 тысяч і гэта 6 працэнтаў, і якое не перамагло таксама. Ёсць, канешне, момант, што ў абодвух выпадках гэта маленькія манархіі, і супраць пратэстоўцаў былі і знешнія сілы — дапамога ЗША і Саудаўскай Аравіі. У Брунэі была яшчэ ў выніку частковая перамога, бо султан хоць не быў зрынуты, але адмовіўся ў выніку далучаць краіну да Малайзіі, супраць чаго і выступалі пратэстоўцы.

nehvaltouny_pratest_belarus2020_novy_czas_dzmitryj_dzmitryeu9.jpg


У артыкуле 2020 года Чэнавет тлумачыць, што «правіла 3,5%» варта разглядаць не як закон, а, хутчэй, як заканамернасць; і не абсалютызаваць яго, — не лічыць, што ўдзел 3,5% гарантуе перамогу і таму зацыклівацца выключна на колькасці ўдзельнікаў руху, але памятаць і пра іншыя стратэгіі развіцця руху: прынамсі, пашыраць яго сацыяльную базу, каб рух ахопліваў людзей з самых розныя сацыяльных слаёў і групаў.
Таксама новыя звесткі паказваюць, што выніковасць пратэстаў і паўстанняў у апошнія дзесяцігоддзі зніжаецца. У папярэднюю эпоху, да сярэдзіны ці канца нулявых, расла не толькі колькасць негвалтоўных рухаў, але і іх паспяховасць: яны перамагалі ў 53% выпадкаў (а ўзброеныя паўстанні — у 27%); а зараз выніковасць негвалтоўных дзеянняў знізілася да 34% (а ўзброеных — да 7%). То-бок, сёння значна цяжэй зрынаць рэжымы, чым у папярэднія дзесяцігоддзі.
Гіпотэзай Чэнавет з калегамі ёсць тое, што рэжымы напрацавалі метады змагання з пратэстамі. Цікава, што такі паварот падзеяў яна прадказала яшчэ ў 2011 годзе, калі выніковасць негвалтоўнага пратэсту павышалася, тлумачачы гэта тым, што актывісты з розных краінаў вучацца адно ў аднога, — але заўважаючы, што, верагодна, і рэжымы таксама вучацца адзін у аднога. Таму, мажліва, яны неўзабаве навучацца змагацца з пратэстам і будзе спад яго паспяховасці. Праўда, працягваючы гэты прагноз, Чэнавет робіць гіпотэзу, што будзе і ягоны працяг: потым актывісты і грамадствы «пракачаюць» свае ўменні змагацца з рэжымамі, і зноў будзе ўздым паспяховасці пратэсту… А потым гэтыя ўздымы і спады зробяцца цыклічнымі. Пакуль што, відаць, мы дажыліся толькі да першай часткі прагнозу, паглядзім, ці спраўдзіцца ён увесь.

marsz_mira_i_nezaleznasci__31__logo_2.jpg


Нарэшце дазволім сабе прычапіцца да словаў «мадэрнізатарскі» і «мірны». Не ўпэўненая, што іранскую рэвалюцыю можна назваць мадэрнізатарскай, але яна адпавядае крытэрыям негвалтоўнай кампаніі. Чэнавет тлумачыць, што да таго як яна пачала даследаваць гэтую тэму, яна блытала негвалтоўнае дзеянне і пацыфізм, і гэта тыповая памылка: негвалтоўнасць пратэсту не азначае, што яго ўдзельнікі — пацыфісты. У многіх выпадках яны дзейнічаюць без зброі і негвалтоўна паводле іншых прычынаў. Да таго ж негвалтоўны не азначае аўтаматычна мілы, прагрэсіўны, гуманны ці той які мае рацыю, яно азначае толькі дзеянне без зброі і прымянення гвалту ці пагрозы яго прымянення. Есць праблема выкарыстання негвалтоўных метадаў супраціву ў мэтах, далёкіх ад ліберальных ці прагрэсіўных. Чэнавет тут, акрамя іранскай рэвалюцыі, можа ўзгадаць прыклады выкарыстання выступленняў мірных жыхароў усходу Украіны прарасійскімі сепаратыстамі і рух за забарону абортаў, а таксама ўзгадвае, як праціўніца прышчэпак казала, што іх, праціўнікаў прышчэпак, ужо 3,5 працэнта… Напэўна, жыццё не рыхтавала спадарыню Чэнавет да такіх папулярызатараў!
— Якім чынам высновы спадарыні Чэнавет суадносяцца з вынікамі прыгожага негвалтоўнага беларускага пратэсту?
Суадносяцца так, што ў нас, паводле ейных высноваў была вельмі высокая верагоднасць перамогі. Прычым, не толькі паводле ўдзелу ў мабілізацыі высокага адсотку насельніцтва — але і паводле разнастайнасці складу ўдзельнікаў, прысутнасці сярод іх прадстаўнікоў розных сацыяльных групаў, — і, прынамсі, удзелу жанчын, які, паводле выяўленых заканамернасцяў, падвышае верагоднасць поспеху.
Канешне, тут мы зноў нагадваем, што Чэнавет з камандай кажа пра тэндэнцыі, а не дэталёва разбірае кожны выпадак, які здараецца насуперак тэндэнцыі. І, паводле заўвагі Шульман, калі ў вас адзінка вымярэння — цэлая краіна, то тое, што статыстычная верагоднасць таго жаху які адбываецца ў нас не такая ўжо вялікая, нас не так ужо і суцешыць…

nehvaltouny_pratest_belarus2020_novy_czas_dzmitryj_dzmitryeu13.jpg

На жаль, тое што перамогі пакуль няма, вельмі ўбудоўваецца ў трэнд зніжэння выніковасці змаганняў супраць рэжымаў у апошняе дзесяцігоддзе. Іншая справа, што крытэрыі перамогі і паразы ў Чэнавет нас парадаксальным чынам супакойваюць, даючы адказ на папулярнае ў мінулым годзе пытанне «а ці не прызнаць нам паразу»: калі ў нас параза паводле базы даных на афіцыйным сайце Гарварда, гэта не азначае, што «все пропало», а азначае толькі тое, што на дадзены момант пакуль перамогі няма.
Дарэчы, калі на момант складання базы даных NAVCO нейкая кампанія працягваецца, але яшчэ не дасягнула мэты, то запісваецца параза, нават калі ёсць вялікая верагоднасць перамогі неўзабаве (трэба пацікавіцца, ці дапісваецца ў базу даных перамога, калі яна адбываецца; але так ці інакш, гэта дае ўяўленне пра строгасць крытэраў).
Іншы аспект, у якім Беларусь-2020 цалкам у сусветным трэндзе — гэта сама негвалтоўнасць супраціву. Бо парадокс у тым, што, нягледзячы на больш частыя (чым у ранейшыя дзесяцігоддзі) паразы, папулярнасць негвалтоўных рухаў ува ўсім свеце расце. А яшчэ адзін парадокс, у якім мы таксама ў трэндзе — гэта спалучэнне негвалтоўнасці супраціву з рэпрэсіўнасцю рэжыму: чамусьці менавіта супраць жорстка аўтарытарных, рэпрэсіўных рэжымаў супрацівы бываюць часцей негвалтоўныя, чым супраць рэжымаў адносна дэмакратычных, супраць якіх узброеныя паўстанні здараюцца часцей.

nehvaltouny_pratest_belarus2020_novy_czas_dzmitryj_dzmitryeu1.jpg


Цалкам у трэндзе і тое, што беларускі негвалтоўны супраціў сутыкнуўся з рэпрэсіямі. Абсалютная большасць негвалтоўных рухаў, як у мінулым, так і ў цяперашнім стагоддзі, сутыкалася і сутыкаецца з рэпрэсіямі. І адным з вырашальных чыннікаў для перамогі ёсць здольнасць руху супрацьстаяць рэпрэсіям. Гэтаму дапамагаюць, прынамсі, наяўнасць структураў, а таксама інтэрпрэтацыя рэпрэсій як слабасці рэжыму.
Можа падацца, што жорсткія рэпрэсіі абавязкова знішчаць рух, але практыка, а таксама статыстыка, пакуль што паказвае, што гэта не так. Негвалтоўныя кампаніі у ўдвая большым адсотку выпадкаў, чым узброеныя, перамагаюць ва ўмовах жорсткіх рэпрэсій з боку рэжымаў.
Працяг  
Ілюстрацыі: Беларусь 2020, фота Дзмітрыя Дзмітрыева