У Якуціі будзе свая «карагодная справа»?

У цэнтры Якуцка ў нядзелю антываенная акцыя прайшла ў форме кругавога танца. Людзі зладзілі няўзгоднены ўладамі асуохай — традыцыйны карагодны кругавы танец якутаў, паведамляе выданне SakhaDay. На акцыю ў асноўным прыйшлі жанчыны. Пачала асуохай група дзяўчат, якіх падтрымалі старэйшыя жанчыны.

hkv7nj9cku.jpg


Паводле звестак выдання, жанчыны выступалі супраць мабілізацыі, гучалі пацыфісцкія лозунгі. Паліцыянты спачатку ўгаворвалі ўдзельніц акцыі ісці дадому, але потым адышлі ўбок і не перашкаджалі. Пасля асуохая пачалося скандаванне лозунгаў супраць мабілізацыі, і тады пачаліся затрыманні.

Грамадская палата Якуціі назвала жаночы асуохай аб'яднаўчай акцыяй у падтрымку мабілізаваных. Акцыі супраць мабілізацыі напярэдадні прайшлі ў многіх гарады Расіі, паліцыя іх жорстка спыняла.

horovody_1_1.png


Нельга не здзівіцца падабенству розных мірных акцый. У Брэсце 13 верасня 2020 года адбыўся «марш герояў». Падчас гэтага марша прысутныя слухалі музыку, спявалі песні, танчылі, смяяліся і вадзілі карагоды. Усяго на тым маршы было больш за тысячу чалавек. Выглядала ўсё як фестываль.

Праз некаторы час сілавікі пачалі агрэсіўна разганяць прысутных і паліваць іх з вадамёта. Гэта адбылося каля 17 гадзін на скрыжаванні праспекта Машэрава і бульвара Касманаўтаў.

З гэтага і ўзнікла так званая «Карагодная справа» — прысуды ўдзельнікам марша герояў. Гэта самы маштабны палітычна матываваны працэс у сучаснай Беларусі. На сёння прысуды па «карагоднай справе» вынеслі больш як 130 чалавекам.