Стрэлы ў Дагестане, падпалы ваенкаматаў. У Расіі працягваюцца акцыі супраць мабілізацыі
Антываенныя акцыі, што распачаліся пасля абвяшчэння Пуціным мабілізацыі, працягваюцца ў Расіі ў нядзелю.
Ноччу падпалілі ваенкамат у Ленінградскай вобласці.
А пад Валгаградам дашчэнту спалілі сельскую адміністрацыю. Мясцовыя жыхары звязваюць падпал з мабілізацыяй.
У цэнтры Якуцка ў нядзелю антываенная акцыя прайшла ў форме кругавога танца. Людзі зладзілі няўзгоднены ўладамі асуохай — традыцыйны карагодны кругавы танец якутаў, паведамляе выданне SakhaDay. На акцыю ў асноўным прыйшлі жанчыны.
Супраць адпраўкі сваіх мужоў і сыноў на вайну пратэстуюць сёння жанчыны і ў Дагестане.
«Не аддам свайго мужа, нават калі мяне застрэляць [...] Апраніце спадніцу і ідзіце самі. Вы за нашы грошы ваюеце», — крычыць жанчына ў Нальчыку.
«Расея напала на Украіну, мы не сляпыя», — жанчыны ў Махачкале тлумачаць паліцэйскаму, чаму яны супраць адпраўкі сваіх мужоў ва Украіну
Таксама з'явілася інфармацыя, што для разгону пратэстоўцаў пачалі выкарыстоўваць зброю. Былі чутныя стрэлы.
У Дагестане жыхары вёскі Эндырэй перакрылі федэральную трасу Хасавюрт — Махачкала, пратэстуючы супраць мабілізацыі. Паліцыя страляла ў паветра.
Тут жывуць кумыкі — прадстаўнікі аднаго з малалікіх народаў. Па словах жыхароў вёскі, адтуль ужо мабілізавалі больш за сто чалавек.
Дзеля разгону пратэстоўцаў у Махачкалу прыехала Расгвардыя.