Ці справакуе «частковая мабілізацыя» новы мігранцкі крызіс у Беларусі?

«Хоць тушкай, хоць чучалам», але расійцы спрабуюць збегчы ад «частковай мабілізацыі», абвешчанай Уладзімірам Пуцным. І яны пакуль не падумалі, што ім можа прыдасца досвед таго самага «мігранцкага крызісу», у правакаванні якога мінулым годам абвінавачвалі Крэмль. А калі дадумаюцца? Межы Беларусі і ЕС зноў правераць на трываласць.

Мігранты ў Брузгах — мінулы год.

Мігранты ў Брузгах — мінулы год.


З Бураціі ў Манголію за апошнія дні выехала больш за тры тысячы чалавек. Для тых, хто бяжыць ад мабілізацыі, арганізуюць эвакуацыйныя аўтобусы за кошт дыяспары з ЗША, распавяла каналу «Можам патлумачыць» кіраўнік фонду «Свабодная Бурація» Аляксандра Гармажапава. «Гэта даныя толькі ад аднаго валанцёра. Хутчэй за ўсё, вядома, з’ехалых значна больш», — адзначыла яна.

Са слоў Гармажапавай, у сацсеткі «Свабоднай Бураціі» прыходзіць мноства паведамленняў ад манголаў. «Пішуць, што гатовыя дапамагчы з мовай, пошукам працы, жыллём на першы час, нейкімі кантактамі», — распавяла Гармажапава. Яна дадала, што дапамогу прапануюць таксама кіргізы і казахі.

Экс-прэзідэнт Манголіі Цахіагійн Элбегдорж абвінаваціў Расію ў тым, што яна выкарыстоўвае нацыянальныя меншасці — бурат, тувінцаў і калмыкаў — у якасці «гарматнага мяса», і заклікаў іх адмаўляцца ад удзелу ў «спецаперацыі» і бегчы. У Манголіі іх «прымуць з распрасцёртымі абдымкамі», сказаў палітык.

Прыблізны час праходжання мяжы з Паўночнай Асеціі ў Грузію цяпер складае каля 36 гадзін. Чэргі ў бок Грузіі не памяншаюцца чацвёрты дзень, за тры дні яе праехалі больш за 4500 аўтамабіляў. Па паведамленні МУС Расіі, у корках стаіць каля 2500 машын — пры тым, што ва Уладзікаўказе перакрытыя некалькі дарог, і на памежны пераход «Верхні Ларс» прапускаюць толькі аўтамабілі з мясцовымі нумарамі.

Там з’явіліся праблемы з бензінам, бо кіроўцы і пасажыры ноччу, чакаючы праверкі дакументаў і дазволу на ўезд у Грузію, палілі вогнішчы. У чатах людзі скардзяцца, што ў іх скончыліся ежа і вада.

Людзі, якія пераходзяць расійска-казахстанскую мяжу на КПП «Караозек» у Астраханскай вобласці, трэці дзень паведамляюць пра шматгадзінныя чэргі. Па паведамленнях відавочцаў, чарга аўтамабіляў, што чакаюць памежнага кантролю, расцягнулася да 7 кіламетраў, а час прастою ў чарзе можа складаць да двух сутак.

«Раю браць больш ежы і вады, бо крамы ёсць толькі каля самага КПП, але не ў канцы чаргі», — пішуць у чатах грамадзяне Расіі.

Зрэшты, з казахстанскай мяжы ўжо з'явіліся паведамленні аб забароне на выезд расійцаў за мяжу. Пішуць пра як мінімум аб пяці выпадках адмовы ў перасячэнні мяжы на падставе рашэнняў рэгіянальных ваенкаматаў. Пакуль такія паведамленні паступаюць толькі пры спробе з'ехаць у Казахстан.

Квіткі з Масквы на Белавія раскупілі ўсе (падазраю, што і з іншых гарадоў РФ). Значна выраслі кошты на квіткі ў іншыя краіны. Адно з самых танных напрамкаў — Батумі. Бліжэйшыя даты — 19 кастрычніка, кошт у адзін бок — у раёне 700 долараў. «Пуцін выратаваў беларускага авіяперавозчыка», — прыкра жартуюць у сацыяльных сетках.

У Інтэрнэце пагаворваюць пра тое, што з 28 верасня — пасля «прызнання» Крамлём рэферэндумаў у акупаваных рэгіёнах Украіны, — Расія наогул можа закрыць усе межы на выезд. Тым не менш адну мяжу будзе закрыць складана, — а менавіта, мяжу з Беларуссю, з якой існуе так званая «Саюзная дзяржава».

Пакуль беларускія памежнікі і міліцыянты правяраюць пашпарты ў грамадзян Расіі «на вылеце» і плануюць сумесна з Расіяй шукаць «ухілістаў». Але што (законна) можа зрабіць беларускі міліцыянт расійскаму грамадзяніну, пакуль у Расіі ў дачыненні да яго не будзе вынесены прысуд за ўхіленне ад мабілізацыі? Пагразіць пальцам? Балазе, на падставе аднаго толькі падазрэння дэпартаваць чалавека не ўяўляецца магчымым…


Але потым, калі мяжа з Беларуссю стане адзіным спосабам пакінуць Расію — колькасць расійцаў у Сінявокай можа стаць крытычнай. А ўлічваючы, што прапускная здольнасць аэрапортаў на вылет з краіны абмежаваная, шэнгенскія візы ёсць далёка не ва ўсіх, а істотна зрэзаныя ў штаце заходнія амбасады ў РБ і беларусам даюць візы не вельмі хутка...

Расійцы цалкам могуць успомніць, як мігранты з краін Блізкага Усходу штурмавалі летась КПП «Брузгі», спадзеючыся трапіць у Польшчу. Тэлеграм-каналы сірыйскіх і іншых бежанцаў дагэтуль існуюць, і да гэтага часу межы нашых суседзяў падвяргаюцца выпрабаванням на трываласць. Напрыклад, за суткі 23-24 верасня з боку Беларусі ў Літву і Польшчу спрабавалі пракрасціся 186 мігрантаў: 90 у Польшчу, 96 — у Літву.

Паведамляецца, што ў Польшчу ішлі грамадзяне Малі, Турцыі, Туркменістана, Емена, Афганістана. Пра расійцаў пакуль не паведамляецца. Але гэта, напэўна, толькі «пакуль».

Расійцы цалкам могуць узяць на ўзбраенне гэты досвед перасячэння мяжы і міграцыі ў ЕС. Праўда, ім будзе больш складана: наўрад ці беларускія памежнікі будуць ставіцца да расійцаў так лаяльна, як да блізкаўсходніх мігрантаў, і наўрад ці будуць дапамагаць (а не перашкаджаць) іх нелегальнаму перасячэнню мяжы. Але і без дапамогі беларускіх сілавікоў прасунутыя людзі цалкам могуць скарыстацца мігранцкім досведам, прачытаць пакрокавыя інструкцыі ў Інтэрнэце і вырашыць, што лепш ужо пару гадоў у якой-небудзь еўрапейскай турме або мігранцкім лагеры, чым украінскі фронт.

«Частковая мабілізацыя» Пуціна можа выклікаць самы дзіўны мігранцкі крызіс у гісторыі Еўропы — калі нелегальна трапіць на тэрыторыю Еўрасаюза будуць імкнуцца не грамадзяне з бедных і ваюючых краін, а з цалкам сабе «сярэдне-квітнеючай» Расіі.

Наколькі гэты мігранцкі крызіс можа быць і будзе масавым — прадказаць складана. Але перадумовы для яго, — цалкам відавочна — маюцца. Цікава, як хутка ў зводках аб нелегальных мігрантах Польшчы і Літвы мы ўбачым «грамадзянін Расіі»?

Прынамсі, па пошуке Яндэкса, набіраючы «Брузгі», ужо бачныя самыя папулярныя запыты — «КПП Брузгі на карце».