Як беларускі ўрад нішчыць абароназдольнасць саюзніка

Саўмін Беларусі прыняў пастанаўленне, якое забараняе вываз за тэрыторыю Беларусі шэрагу прамысловых тавараў. У спісе больш за 600 пазіцый. І гэты крок урада можа адбіцца на Расіі і яе абароназдольнасці, піша аналітык Ігар Тышкевіч у сваім тэлеграм-канале.

1661687c4170eda8f4d2e40072e51c39.jpeg


Дзеля справядлівасці ён зазначае, што выключэнне робіцца для тавараў «вырабленых у Беларусі ці Расіі». То-бок брамка зачыняецца для «паралельнага імпарту» ў Расію.

Але ж Беларусь сама пад санкцыямі? З аднаго боку так, але ўсё ж гандаль з ЕС і ЗША менш заціснуты, чым у выпадку з Расіяй. Але ключавое тут — якраз не заходнія тавары.

Хачу нагадаць, што Пуцін разлічваў на масавае замяшчэнне імпарту з ЕС і ЗША кітайскімі пастаўкамі. Пекін браў паўзу. Але заставаліся магчымасці працы праз Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Арменію.

Першым «адпаў» Казахстан. Арменіі не да таго, ды і лагістыка складаная. Беларусь была добрым варыянтам, але... Сі сустрэўся з Лукашэнкам, кітайскія дэлегацыі паехалі ў Беларусь, і здарылася пастанова №630 ад 20.09, якая ўжо 23.09 набыла моц.

І там ёсць прамая забарона на пастаўку цэлага шэрагу вырабаў, бытавой тэхнікі, нават аўтамабіляў. Ужо балюча для Расіі (улічваючы праблемы на іншых кірунках). Але яшчэ больш балюча з таварамі для ВПК.

Памятаеце праблемы Расіі з электронікай? Уся катэгорыя «вылічальныя машыны і іх кампаненты» падпадае пад забарону вывазу з Беларусі. Нават «калькулятары праграмуемыя».

Рускія хочуць збіраць самі, шукаюць абсталяванне? А нельга не тое што станкі для вырабу мікрасхем, але нават абсталяванне для нізкатэмпературнага паяння.

Ну і, натуральна, забарона на пячатныя платы, мікрасхемы і нават рэзістары.

Лом любога электроннага абсталявання — і тое пад забаронай. Як гаворыцца, няхай жыве развіццё расійскай электронікі!

У Расіі задумаліся над купляй абсталявання для апрацоўкі матэрыялаў — ёсць забарона на любыя лазерныя разакі, абсталяванне для штампоўкі і прэсоўкі, станкі для апрацоўкі металаў (за выключэннем самых простых, без электронных кампанентаў).

Рамонт тэхнікі? Рухавікі ўнутранага згарання нельга, АКБ нельга, валы трансмісійныя нельга, электрасілавыя ўстаноўкі нельга. Нават звычайныя гумовыя (ці іншыя) шайбы і пракладкі нельга. Ах, так, шыны таксама нельга (паўтару — за выключэннем беларускіх).

Натуральна, забарона распаўсюджваецца і на самі транспартныя сродкі і шасі (яшчэ раз, за выключэннем вырабленага ў Беларусі або Расіі).

Ну і, нарэшце, адкрытым тэкстам: БПЛА — нельга. Сродкі РЭБ і радыёлакацыі — пад забаронай. Лазеры, компасы, прыборы аптычныя — нельга.

Вось што ціхае слова далёкага Сі робіць (ну і жаданне Лукашэнкі адпаўзці пад шумок ад Расіі крыху падалей).