Мужчынам мабілізацыйнага ўзросту пасля 28 верасня забароняць выязджаць з РФ
Такую інфармацыю паведаміла СМІ крыніца, блізкая да адміністрацыі Пуціна.
Крыніца «Медузы» пацвердзіла інфармацыю, што гэта адбудзецца пасля псеўдарэферэндумаў на акупаваных тэрыторыях Украіны, якія завершацца ўвечары 27 верасня.
Крыніца адзначыла, што спецыяльныя дазволы для аналага «выязных віз» будуць выдаваць у ваенкаматах.
Нагадаем, 21 верасня Пуцін аб'явіў мабілізацыю. Крэмль запэўнівае, што ёй падлягаюць толькі грамадзяне ў запасе.
Дзеючыя кантрактнікі не змогуць уцячы са службы да заканчэння частковай мабілізацыі. Выключэнне — стары ўзрост, хваробы або судовы прысуд.
Шайгу сцвярджае, што ў мабілізацыі будуць удзельнічаць тыя, хто мае баявы досвед: «Аб мабілізацыі студэнтаў і адпраўцы на вайну тэрміновай службы гаворкі не ідзе».
«Новая газета. Еўропа» са спасылкай на крыніцу ў адміністрацыі Пуціна пісала, што засакрэчаны сёмы пункт загада Пуціна аб «частковай мабілізацыі» дазваляе Мінабароны заклікаць адзін мільён чалавек.