Масавыя затрыманні пратэстоўцаў у Расіі: людзей збіваюць, не пускаюць да іх адвакатаў і не бяруць перадачы

У розных гарадах Расіі сёння адбыліся пратэсты супраць мабілізацыі. Затрымалі каля 800 чалавек — найбольш у Маскве і Пецярбургу.

photo_2022_09_24_22_44_00.jpg

У Расіі сёння, 24 верасня, прайшлі акцыі супраць «частковай» мабілізацыі. Выйсці на пратэсты расіян заклікалі ўдзельнікі антываеннага руху «Весна» і прыхільнікі Аляксея Навальнага.

«ОВД-Инфо» паведаміла, што акцыі пратэсту адбыліся ў 32 гарадах, паводле іх інфармацыі на 21:54 па маскоўскім часе, затрымалі больш за 740 чалавек.

Акцыі пратэсту прайшлі ў Маскве, Санкт-Пецярбургу, Саратаве, Іркуцку, Новасібірску, Томску, Улан-Удэ, Чыце і іншых гарадах.

У Маскве на Чыстых Прудах затрыманні здарыліся яшчэ да пачатку акцыі пратэсту. Першай сілавікі затрымалі дзяўчыну і адвялі яе ў аўтазак, перадае карэспандэнт «Дажджу» Васіль Палонскі. Там было шмат паліцыі, частка сілавікоў — у бронекамізэльках. Паліцыя, як паведамляе SOTA, выхоплівала з вуліцы мінакоў: хтосьці заяўляе, што чакаў сяброўку ля бара, хтосьці — што проста ішоў міма. У аўтазак сілавікі адправілі нават мужчыну нападпітку.

Сілавікі затрымлівалі пратэстоўцаў не толькі на Чыстых Прудах, але і ў парку «Зараддзе» — гэта месца было заяўлена як канчатковы пункт пратэснага маршруту. Супрацоўнікі спецпалка ў поўным абмундзіраванні затрымлівалі маладых людзей групамі па 5-10 чалавек. У аўтазак трапілі і выпадковыя мінакі ды кур'еры.

photo_2022_09_24_22_44_11.jpg

У адзін з маскоўскіх аўтазакаў сабралі сем непаўналетніх, у іх адабралі пашпарты. У пастарунку «Басманны» да затрыманых ўжывалі сілу. У затрыманых мужчын фатаграфавалі ваенныя білеты. Пра гэта паведамляюць праваабаронцы ОВД-Инфо са спасылкай на затрыманага галоўрэда Rusnews Ігара Кузьміча. У тым жа пастарунку знаходзяцца спецыяльныя карэспандэнты «Главных новостей» Аляксандр Пялевін і Віктар Капітонаў.

Праваабаронцам вядома пра 378 пратэстоўцаў, затрыманых паліцыяй у Маскве.

У Санкт-Пецярбургу на Сянной плошчы, дзе пачыналася пратэснае шэсце супраць мабілізацыі, таксама былі затрыманні, паліцыя ўжывала электрашокеры, паведамляе «Пецярбургская "Вясна"». Сілавікі ачапілі плошчу і перакрылі ўваход на станцыю метро.

Пазней стала вядома, што шмат у якіх пастарунках да затрыманых не пускаюць адвакатаў і не бяруць для іх перадачы. У некаторых паліцэйскіх аддзелах затрыманых збіваюць.

А, напрыклад, у Новасібірску ля Опернага тэатра на плошчы Леніна людзі зладзілі карагод, але іх адразу акрыжыла паліцыя. Там на 10 пратэстоўцаў было 50 «сахраўцаў». Вядома як мінімум пра 70 затрыманых.

Паводле ОВД-Инфо, SOTA, Настоящее Время