«З жахам чакаю 29 верасня раніцы» — Аляксандр Кныровіч пра мабілізацыю ў Беларусі

Беларускі кіраўнік паспрабаваў сёння супакоіць народ: «Мабілізацыі не будзе». Беларусы ўзгадалі папярэднія абяцанні ўлад кшталту «Дэвальвацыі не будзе» — і ўсхваляваліся яшчэ больш.

Фота з сацсетак Паўла Латушкі

Фота з сацсетак Паўла Латушкі

Лукашэнка паехаў сёння ў Хатынь і там запэўніў, што ніякай мабілізацыі ў Беларусі не будзе: «Не будзе ніякай мабілізацыі. Мы не збіраемся мабілізоўваць. Гэта хлусня». Дзяржаўныя СМІ на гэты конт пісалі: «Апаненты спрабуюць за нешта ўчапіцца, і цяпер у тым ліку спрабуюць перакінуць масток і развіваюць тэзіс аб тым, што і ў Беларусі магчымая мабілізацыя па аналогіі з Расіяй».

Між тым Аляксандр Кныровіч у эфіры «Еўр*радыё» настроены не так аптымістычна.

— 27 верасня заканчваецца псеўдарэферэндум у чатырох абласцях Украіны. 28-га раніцай Дзярждума прымае закон. Увечары Пуцін падпісвае закон аб прыняцці гэтых чатырох абласцей у склад Расійскай Федэрацыі.

«29-га раніцай вайна паміж Расіяй і Украінай становіцца вайной паміж дзвюма дзяржавамі, а ніяк не аперацыяй. І Расія, сябра АДКБ, найбліжэйшы хаўруснік Беларусі, вядзе вайну», — кажа Кныровіч.

Аляксандр Кныровіч лічыць, што Лукашэнку не ўдасца адмовіцца ад абавязацельстваў па ваеннай падтрымцы Расіі ў рамках АДКБ і Саюзнай дзяржавы.

— Мы разумеем, што Лукашэнка ў прамой залежнасці ад Пуціна. Калі 29-га Пуцін вырашыць абвясціць вайну ўсенароднай, то Лукашэнка скажа проста «ёсць». Але ў нас войскаў усяго 45 тысяч чалавек. Як мы ведаем, з іх могуць ваяваць пару тысяч. Усе астатнія — гэта нармальныя людзі, такія самыя, як мы з вамі, якія не трымалі ў руках зброі, нават адслужыўшы. Якія пафарбавалі тры платы і адзін танк з пяці рабочых адзін раз вывелі на стрэльбішча. І можна ўявіць сабе, што  ў галаву Лукашэнкі прыйдзе аб'яўляць мабілізацыю. Хутчэй так, чым не. Таму з жахам чакаю 29 верасня раніцы.


Адзінае, што можа спыніць Лукашэнку — страх перад адказам Украіны.

— Ва Украіны будзе прамое права зайсці ў Мазырскі раён, у Пінскі і гэтак далей. Упадзе бар'ер, які не дазваляў успрымаць Беларусь як беспасрэднага ворага.

«Раніца 29-га можа быць кашмарным сном. Таму, калі б я быў прызыўнога ўзросту, то, вядома, цяпер я  запасаўся б даведкамі, квіткамі», — рэзюмуе Кныровіч.