У Германіі могуць даць палітычны прытулак рускім, якія не хочуць ваяваць. Але ёсць праблема

Усё больш палітыкаў Германіі выступаюць за тое, каб даць палітычны прытулак для рускіх, якія не хочуць ваяваць. Аднак прыём заяў ад расіян, якія бягуць ад абавязковага прызыву, «бессэнсоўны» да таго часу, пакуль у іх няма магчымасці ўехаць у Еўрасаюз. Ці будзе нешта мяняцца?

60911043_605.jpg

За прадастаўленне гуманітарных віз расіянам, якія адмаўляюцца ад удзелу ў вайне супраць Украіны, выказваюцца палітыкі і кіруючых, і апазіцыйных партый Германіі, паведамляе «Нямецкая хваля».

Пасля абвешчанай у Расіі мабілізацыі грамадзян для вайны супраць Украіны і паведамленняў пра масавы ад'езд расіян у іншыя краіны ўсё больш палітыкаў Германіі выступаюць за прадастаўленне прытулку тым, хто бяжыць з РФ з-за сваіх антываенных перакананняў.

«Хто не хоча ўдзельнічаць як салдат у агрэсіўнай вайне, якая парушае міжнароднае права, і таму бяжыць з Расіі, таму варта даць палітычны прытулак у Германіі», — цытуе ў пятніцу, 23 верасня, нямецкая газета «Rheinische Post» кіраўніцу справамі парламенцкай фракцыі кіруючай партыі «Саюз-90»/ «Зялёныя» ў бундэстагу Ірэн Міхаліч (Irene Mihalic).

З Міхаліч салідарны намеснік старшыні фракцыі апазіцыйнага блока «ХДС / ХСС» Ёхан Вадэфуль (Johann Wadephul), які заклікаў урад краіны выдаваць гуманітарныя візы «шчадрэй і маштабней», у тым ліку расійскім «вайскоўцам, якія публічна выступаюць супраць рэжыму Пуціна». Германіі варта «зрабіць магчымым, каб яны маглі жыць у бяспецы. Яны заслугоўваюць нашай падтрымкі», упэўнены Вадэфуль.

У сваю чаргу намеснік кіраўніка парламенцкай фракцыі кіруючай Сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі (СДПГ) Дзірк Візе (Dirk Wiese) заявіў у інтэрв'ю «Rheinische Post», што ўжо самі па сабе пакаранні, якія могуць пагражаць расіянам за спробу ўхіліцца ад мабілізацыі, з'яўляюцца, «згодна з цяперашняй прававой сітуацыяй, дастатковай падставай для прадастаўлення палітычнага прытулку».

З пачатку нападу Расіі на Украіну Германія прыняла 274 грамадзяніна РФ, якія адмаўляюцца ўдзельнічаць у гэтай вайне, а таксама 164 чальцоў іх сем'яў.

Нямецкія праваабаронцы таксама заклікаюць даць прытулак расійскім «ухілістам» ад вайны і просяць змяніць правілы падачы на візы для расіян. 

Напрыклад, у праваабарончай арганізацыі «Pro Asy», якая аказвае падтрымку тым, хто хоча атрымаць статус бежанца і ўехаць у Германію па гуманітарных прычынах, заклікалі ўлады ФРГ вызначыць новыя правілы ўезду ў Еўрасаюз для расіян.

Кіраўнік арганізацыі Гюнтэр Буркхарт (Günter Burkhardt) адзначыў, што прыём заяў ад расіян, якія бягуць ад абавязковага прызыву, «бессэнсоўны» да таго часу, пакуль у іх няма магчымасці ўехаць у Еўрасаюз. На яго думку, сітуацыю магла б змяніць магчымасць выдачы гуманітарных віз для расіян у Турцыі і Грузіі, бо многія бягуць з РФ у гэтыя краіны. Згодна з цяперашнімі правіламі атрымання нямецкіх віз гэта немагчыма: заяўнікі павінны падаваць хадайніцтвы ў краіне, дзе ў іх ёсць рэгістрацыя па месцы жыхарства.

Не ўсе краіны згодныя пусціць да сябе рускіх уцекачоў ад удзелу ў вайне. Так, напрыклад, як пісаў «НЧ», Эстонія заявіла, што не дасць прытулку расіянам, што збягаюць ад мабілізацыі. Прэм'ер-міністр краіны Кая Калас заявіла: «Кожны грамадзянін адказны за дзеянні яго краіны, і грамадзяне Расіі не выключэнне. Таму мы не даём прытулак расійскім мужчынам, якія бягуць са сваёй краіны. Яны павінны выступіць супраць вайны».